У суботу, 10 студзеня было апублікавана апошняе інтэрвію Мікіты Мелказёрава ў канале «Жыцьцё-маліна». Каманда каналу абвясьціла аб закрыцьці праекту. Апошні суразмоўца Мелказёрава, былы дырэктар Радыё Свабода Аляксандар Лукашук, паглядзеў запіс.
«Наша сустрэча тры тыдні таму была першай, і я думаў — апошняй, бо празь дзень Мікіта памёр.
Упершыню я пабачыў наш запіс як усе, у суботу, 10 сьнежня. І гэта аказалася новай сустрэчай зь вядоўцам, зь яго камандай, зь яго сьветам.
Мікіта паўстае як дырыжор: ён ведае партытуру, мяняе тэмы, тэмп, акцэнты, але пры гэтым ён дырыжор лагодны, цярплівы, не падганяе, не абрывае, слухае, выслухоўвае. Пачатак гутаркі ён правёў Andante, у такім тэмпе гучыць, напрыклад, Piano Concerto 21 у Моцарта. Гэта зайздросная якасьць, прыкмета інтэлігентнасьці, выхаванасьці і ўнутранай упэўненасьці — ня трэба нічога нікому даказваць, сьпяшацца, папраўляць, пераконваць, перамагаць, але варта тлумачыць, удакладняць, шукаць яшчэ адну грань і пэрспэктыву.
Але паволі мяняецца спосаб узаемадзеяньня паміж суразмоўцамі, тэмп расьце, у музыцы гэта Allegro moderato, паслухайце моцартаўскую Сымфонію № 29 A Major.
Рэч тут ня ў хуткасьці, а ў глыбіні пастаўленых пытаньняў. Што такое быць беларусам, як працуе гісторыя, дзе будучыня... Я лаўлю сябе на тым, што не заўсёды патрапляю ў рытм, раблю агаворкі, памылкі маўленьня, кандыдата ў прэзыдэнты называю кандыдатам у дэпутаты, магчыма, блытаю даты, задоўга адказваю і ня надта дакладна, можна б лепш — але дырыжор не зважае, даруе і працягвае, тэмп нарастае, рытмы супадаюць, нас нясе на адной хвалі.
Гэта канцэрт live to tape, без паправак, хоць пад запіс, які будзе потым мантавацца, скарачацца, але не выпраўляцца.
Ня ведаю, ці каманда Мікіты і яго сям’я выдадуць кнігу яго выбраных гутарак і ўспамінаў сяброў, ці будзе заснаваная прафэсійная прэмія ягонага імя, ці зьявіцца мелказёраўскі фэстываль...
Апошняе пытаньне Мікіты і мой адказ у гатовы запіс не патрапілі. Ён спытаўся, што б я хацеў пажадаць сабе ў 2026 годзе, я адказаў — сканчэньня вайны ва Ўкраіне. Ён перапытаў — а сабе асабіста, я нешта спрабаваў прыдумляць, але нота ўжо была такая, што асабістае жаданьне ня мела значэньня, яно нават не фармулявалася, дакладней, сканчэньне гэтай вайны і было насамрэч галоўным жаданьнем — такая танальнасьць і вышыня была зададзеная дырыжорам.
Цяпер я ведаю назву гэтага твора ў тэмпе Allegro, і ня толькі гэтага інтэрвію канкрэтна, а ўсяго пяцігадовага цыклю размоваў Мікіты са сьвятарамі, палітыкамі, бізнэсоўцамі, паэтамі, спартоўцамі, журналістамі — гэта Лякрымоза, Рэквіем Моцарта.
Малінавы рэквіем Моцарту беларускага Ютуба».
Добро пожаловать в реальность!