Общество

«Глядзі, якую бздуру прыняў „сонцападобны“. Сярод дзяржаўных службоўцаў і пракурорскіх работнікаў іронія і сарказм да Лукашэнкі заўсёды прысутнічалі»

Вялікая гутарка з былым пракурорам Ракіцкім, які далучыўся да ByPol.

Общество www.svaboda.org
0

Аляксандар Ракіцкі больш за дваццаць гадоў працаваў у органах пракуратуры. У 2021 годзе ён быў блізкі да арышту, але пасьпеў выехаць з краіны.

Аляксандар Ракіцкі — новы твар у ініцыятыве былых сілавікоў ByPol. Ён далучыўся да арганізацыі ў 2023 годзе, а сёлета вырашыў выйсьці зь ценю.

У вялікай размове са Свабодай Ракіцкі расказаў, чым займаўся ў Генэральнай пракуратуры, што за чалавек Андрэй Швед, ці справядлівы яшчэ падзел на «чырвоныя» і «чорныя» калёніі, а таксама як пракурорскія работнікі глядзелі на пратэст 2020 году.

«З прыходам Шэймана пракуратуру ўбудавалі ў вэртыкаль»

— Аляксандар, раскажыце пра сябе: адкуль вы родам, дзе вучыліся, дзе працавалі?

— Я нарадзіўся ў Маладэчне ў 1974 годзе. Там жа скончыў школу. Потым — Акадэмію кіраваньня па спэцыяльнасьці «правазнаўства». Затым паступіў у 1996 годзе на службу ў Менскую транспартную пракуратуру. Там працаваў памочнікам пракурора, сьледчым. У 1998 годзе стаў працаваць у апараце Генэральнай пракуратуры, пракурорам міжнародна-прававога аддзелу. У 2001 годзе — пракурорам у наглядзе за законнасьцю выкананьня крымінальных пакараньняў. Ад 2008 году працаваў у навукова-практычным цэнтры Генэральнай пракуратуры, быў начальнікам аддзелу навукова-мэтадычнага забесьпячэньня пракурорскага надгляду.

— Патлумачце, чым займаецца гэты навуковы цэнтар?

— Канкрэтна маё падразьдзяленьне займалася распрацоўкай мэтадычных рэкамэндацый для ажыцьцяўленьня пракурорскага надгляду ў розных галінах, у падтрымцы дзяржаўнага абвінавачаньня. Затым — крыміналягічныя дасьледаваньні розных відаў злачыннасьці (карупцыі, злачыннасьці непаўналетніх і г.д.). Удзельнічалі ў распрацоўцы дзяржаўных праграм барацьбы са злачыннасьцю. Шмат усяго было. Мы займаліся менавіта крыміналёгіяй, а не крыміналістыкай. Крыміналёгія — гэта навука, якая вывучае прычыны і ўмовы зьяўленьня злачыннасьці, распрацоўкай захадаў для яе кантролю.

— Значыць, вы ў цэнтральным апараце Генэральнай пракуратуры былі каля 20 гадоў?

— Усё так. Падыходы за гэты час зьмяніліся. Раней сьледзтва было адным з кірункаў нашай дзейнасьці, вельмі важным. У 2000-я яго забралі, як высьветлілася, не канчаткова. Сыстэма органаў была выбудаваная яшчэ ў савецкія часы, такой яна прыкладна і засталася ў Беларусі. Прыбралі яшчэ вайсковую пракуратуру, транспартную. Пасьля расьсьледаваньня справы так званага «эскадрону сьмерці» зьнялі пракурора Алега Бажэлку, шмат людзей у МУС, у КДБ. І ў гэтым сэнсе пракуратура з прыходам Віктара Шэймана стала ўбудоўвацца ў вэртыкаль улады. Да гэтага яна была яшчэ як больш-менш самастойны орган. Далей генэральныя пракуроры Міклашэвіч, Васілевіч, ніводнага не было выхадца менавіта з органаў пракуратуры. На мой погляд, гэта рабілася якраз для таго, каб убудаваць пракуратуру ў лукашэнкаўскую вэртыкаль.

«Ніхто не вылучаўся на агульным фоне»

 — Кагосьці з генэральных пракурораў, зь якімі вы папрацавалі, вы маглі б адзначыць як добрага кіраўніка?

— З генэральных пракурораў — не. Але быў выдатны спэцыяліст намесьнікам генэральнага пракурора — Мікалай Купрыянаў, царства яму нябеснае. Ён быў узорам пракурорскага работніка. Што тычыцца маёй дзейнасьці, то са зьменамі кіраўнікоў пераменаў у мяне не было. Хтосьці рабіў упор на прафіляктыцы злачыннай дзейнасьці, у прыватнасьці Васілевіч. Хтосьці працаваў без акцэнтаў нейкіх. Ніхто не вылучаўся на агульным фоне.

— У бытнасьць сьледчым ці працавалі вы зь нейкімі гучнымі справамі?

— Не, справы ня мелі вялікага рэзанансу. Гэта былі і забойствы, і карупцыя ў мытных органах, і перавышэньне паўнамоцтваў, і цяжкія цялесныя. Што тычыцца справы, якая запомнілася, то прыгадаю выпадак у Барысаве. Гэта было на чыгуначным вакзале, былы «афганец» падымаўся па лесьвіцы з грамадзкай прыбіральні. Справа была зімой, ён пасьлізнуўся, а міліцыянтам падалося, што ён п’яны, сталі затрымліваць, незаконна прымянілі ў дачыненьні мужчыны фізычную сілу. Ён атрымаў цялесныя пашкоджаньні, спрабавалі прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці. У выніку нашага расьсьледаваньня тры супрацоўнікі міліцыі былі абвінавачаныя за перавышэньне ўлады.

«Падзел у калёніях на касты — спадчына СССР»

— Вы таксама шмат працавалі зь беларускай пэнітэнцыярнай сыстэмай. Наведвалі турмы, калёніі, СІЗА асабіста?

— Так, вядома. Вельмі шмат установаў. Мабыць, большую частку, калі ня ўсе. Калі гаварыць пра турмы, то гэта цалкам закрытыя ўстановы, асобы адбываюць пакараньне ў камэрах на 2-6 чалавек. Яны 24 гадзіны на дзень пад наглядам супрацоўнікаў турмы. Што тычыцца калёній, то гэта жылыя карпусы, каля кожнага зь іх лякальныя зоны, агароджаныя плотам зь сеткай. Дзесьці жылыя карпусы падзеленыя на пакоі па чатыры-шэсьць чалавек, дзесьці ёсьць і па сто. У кожнай калёніі ёсьць вытворчасьць — дзесьці мэблю зьбіраюць, дзесьці мэталавытворчасьць. Ёсьць яшчэ сталоўкі, стадыён, клюб, у большасьці калёній — царква. Да гэтых аб’ектаў зьняволеныя ня маюць пастаяннага доступу, толькі па парадку дня.

— Ці былі вы ў камэрах для асуджаных на пажыцьцёвае зьняволеньне і для тых, хто чакае выкананьня сьмяротнага прысуду?

— Так, бачыў. Пажыцьцёвае зьняволеньне ў нас адбываюць у Жодзіне і Глыбокім. Гэта той жа турэмны рэжым, толькі больш узмоцненая ахова. Асобныя блёкі на тэрыторыі турмы ці калёніі. Людзі не сядзяць у «адзіночках», звычайна гэта камэры на 2-4 чалавекі. Што тычыцца «расстрэльных», то яны чакалі выкананьня прысуду ў СІЗА № 1 Менску (на вуліцы Валадарскага — РС), у камэрах, якія знаходзяцца ў падвале ўстановы.

— Ці праўда, што існуюць так званыя «чырвоныя» і «чорныя» калёніі? У адных нібыта кіруе адміністрацыя, а ў іншых — крымінальнікі...

— Гэта ў мінулым было такое разьдзяленьне. Гэта спадчына СССР, у калёніях было такое дзяленьне на «блатных», «мужыкоў» і людзей, як цяпер прынята гаварыць, зь нізкім сацыяльным статусам. Гэта было перайшло і ў беларускую пэнітэнцыярную сыстэму. Умоўны падзел на «чырвоныя» і «чорныя» калёніі існаваў да пачатку 2000-х. Напрыклад, у Менску калёнія № 1 лічылася «чырвонай», у Наваполацку — «чорная». Потым сытуацыя выправілася. Гэта было папулярным да тае пары, пакуль было шмат крымінальных груповак, «вароў у законе». Падзел на касты асуджаных увогуле адышоў у мінулае, апроч «людзей зь нізкім сацыяльным статусам». Я лічу, што гэта пакінулі адміністрацыі калёній для таго, каб было зручней кіраваць. Гэты падзел цалкам кантраляваны. На мой погляд, нават тое, што засталося, варта выкараняць. На сёньня ўсе 100% вязьняў падпісваюць паперы аб належных паводзінах. Напрыклад, за што цяпер прыцягваюць да адказнасьці ў калёніях, прызначаюць ШЫЗА ці ПКТ, пазбаўляюць перадач. У асуджаных ёсьць абавязак прыбіраць жылыя памяшканьні. І з даўняй пары гэтым займаюцца толькі людзі зь нізкім сацыяльным статусам. Калі ты пойдзеш мыць прыбіральню, то пераходзіш у гэтую касту. Калі адміністрацыя захоча прыцягнуць да прыборкі кагосьці так, а ён адмовіцца, то гэта нагода для пакараньня. Сыстэма закрытая, магчымасьцяў для бясчынстваў вельмі шмат.

— Як вы сёньня ўспрымаеце ўмовы адбыцьця пакараньняў палітычнымі вязьнямі?

— На маю думку, гэта злачынства супраць чалавечнасьці. Больш за сотню чалавек, па маіх зьвестках, атрымалі артыкул 411 КК «Непадпарадкаваньне патрабаваньне папраўчай установы». Шмат людзей безь перапынку знаходзяцца ў ШЫЗА, ПКТ. Людзям ствараюць невыносныя ўмовы адбыцьця пакараньня. 

«Выклікалі на допыт, правялі вобшук»

— Чаму вы пакінулі Генэральную пракуратуру?

— Падзеі 2020 году актыўна абмяркоўваліся сярод калег. З кастрычніка па сьнежань 2020 году я падрыхтаваў некалькі дакумэнтаў, дзе давалася нэгатыўная ацэнка дзейнасьці супрацоўнікаў МУС і КДБ. Два лісты тычыліся канкрэтнай крымінальнай справы. А яшчэ адзін дакумэнт — гэта агульны зварот да генэральнага пракурора Андрэя Шведа. Я гаварыў аб бязьдзеяньні органаў пракуратуры. У чэрвені 2021 году мяне выклікалі на допыт у органы ўласнай бясьпекі, быў праведзены вобшук на працоўным месцы, забралі тэлефон, прагледзелі электронную пошту. Усё гэта доўжылася каля васьмі гадзін. Высьветлілася, што адзін з гэтых дакумэнтаў быў апублікаваны і ён дыскрэдытуе Рэспубліку Беларусь. Я быў запрошаны на наступны допыт, на які не зьявіўся, бо калегі паведамілі, што плянуецца затрыманьне.

— Тады вы і выехалі?

— Так, менавіта. Знаёмыя дапамаглі дабрацца да Масквы, адтуль паляцеў у Ерэван, а ўжо з Армэніі ў Кіеў.

— У 2020 годзе вы ўдзельнічалі ў акцыях пратэстах?

— Глядзець на ўсё гэтае беззаконьне было балюча. Гэта разумеў ня толькі я, але і іншыя супрацоўнікі пракуратуры. Бязьдзеяньне цяпер ужо зразумелае, а тады яшчэ была надзея, што адказныя будуць прыцягнутыя да адказнасьці. Гэта была ўтопія. Зь сям’ёй удзельнічалі ў акцыях пратэсту ў Маладэчне і Радашкавічах, у Менску не выходзіў.

«Швед разумее, як дзейнічаць у гэтай сыстэме»

— А ў цэлым якія настроі былі ў Генэральнай пракуратуры ў 2020 годзе?

— Чакалі, што будуць прыцягнутыя да адказнасьці асобы, якія чынілі проста немажлівыя рэчы — гвалт, катаваньні, згвалтаваньні. Шмат сьведчаньняў жа апублікавана. Некаторыя супрацоўнікі езьдзілі і ў лякарні, дапамагалі пацярпелым. Хтосьці зьвязваўся з апазыцыйнымі сіламі. Было чаканьне, якое потым аказалася наіўным. На сёньняшні дзень цэнтральны апарат пракуратуры зьмяніўся працэнтаў на 70. У сакавіку 2021 году з пракуратуры Горадзенскай вобласьці звольнілі ў адзін дзень 26 чалавек. Гэта так званая «чыстка шэрагаў». Хтосьці ўдзельнічаў у пратэстах, хтосьці публічна выказваўся, а нехта непублічна. Уявіце сабе маштаб. На сёньня стаіць кадравае пытаньне, сярэдняе зьвяно сышло, а замяніць няма кім. Спрабуюць прыцягнуць кагосьці з раёнаў, а потым у правінцыі пракурорамі раёнаў становяцца ўжо праз паўгода пасьля заканчэньня ВНУ.

Генэральны пракурор Андрэй Швед
Генэральны пракурор Андрэй Швед

— Гэта Андрэй Швед такія чысткі пачаў?

— Так. У 2021 годзе ён казаў, што ў нашых шэрагах шмат здраднікаў і чысткі працягнуцца. Швед вельмі амбіцыйны чалавек. Для яго прыярытэт — гэта кар’ера. Пры гэтым ён дасьведчаны спэцыяліст. Ён разумеў, як дзейнічаць у гэтай сыстэме, як улоўліваць жаданьні, выконваць даручэньні, апраўдваць пажаданьні. Гэта ўсё характэрна і савецкай сыстэме, і нашай. Забаўная гісторыя была ў кантэксьце выкананьня ў дзяржаўнай сыстэме даручэньняў. Была лукашэнкаўская дырэктыва пры міністру ўнутраных спраў Навумаву забясьпечыць у калёніях 100-працэнтную занятасьць. За нейкі пэрыяд з пэўных абласьцей прыходзілі справаздачы, што прыцягнулі ня 100%, а 104% асуджаных.

Са Шведам мы знаёмыя з канца 1990-х, сядзелі праз пару кабінэтаў адзін ад аднаго. Ён быў пракурорам аддзелу па надгляду за выкананьнем заканадаўства органамі дазнаньня і сьледзтва.

— А мінулы пракурор Аляксандар Канюк адрозьніваўся ад Шведа?

— Яму былі не ўласьцівыя такія рэзкія крокі. Калі браць падзеі 2020 году, то Канюк не звальняў людзей, якія ўдзельнічалі ў пратэстах, а шукаў нейкія кампрамісы, спрабаваў дамовіцца зь імі.

Аляксандар Канюк
Аляксандар Канюк

«Былыя калегі мяне падтрымліваюць»

— Чым займаліся ва Ўкраіне?

— Што тычыцца грамадзкай дзейнасьці, то зьвязаўся з кіраўніком Беларускага крызіснага цэнтру ў Львове Аляксеем Францкевічам, дапамагаў. Прасоўвалі праект закону аб легалізацыі беларусаў, якія прыяжджалі жыць ва Ўкраіну. Дапамагаў зь юрыдычнага гледжаньня пісаць дакумэнты. У мяне ва Ўкраіне ёсьць родныя людзі, якія дапамагалі. Знайшоў працу нават у «Прыватбанку», найбуйнейшым дзяржаўным банку Ўкраіны, на пазыцыі супрацоўніка па сувязях з праваахоўнымі органамі. Але потым усё ж быў вымушаны ехаць. Выехаў праз пару дзён пасьля пачатку вайны.

Аляксандар Ракіцкі
Аляксандар Ракіцкі

— Як вы трапілі ў ByPol?

— У сакавіку 2022 году я атрымаў кантакт Алега Талерчыка, мы паразмаўлялі. Я сказаў, што гатовы дапамагаць ByPol. На жаль, зваротнай сувязі ад Талерчыка потым не было. Мы не былі знаёмыя асабіста, але я ведаў пра такога чалавека. У 2023 годзе ў нас аказаліся агульныя знаёмыя з Аляксандрам Азаравым. І Азараў прапанаваў працу.

— Чаму адкрылі свой твар? Многія былыя сілавікі гэтага ня робяць.

— Большасьць баіцца за сваіх родных — дзяцей, бацькоў. У мяне ж дзеці са мной, а бацькі, на жаль, памерлі.

— Былыя калегі ня пішуць?

— Кантактую зь некаторымі, захоўваем адносіны. Гэтыя людзі мяне падтрымліваюць.

— Ніхто не прапануе вярнуцца назад у Беларусь?

— Калі я быў ва Ўкраіне, то праз трэціх-чацьвёртых асобаў прыходзілі такія прапановы. 

«Сарказм да Лукашэнкі заўсёды прысутнічаў»

— Якая ваша функцыя сёньня ў ByPol?

— Паказаць усю маштабнасьць злачыннай дзейнасьці рэжыму і зрабіць гэтую працу сыстэмнай. Гэта тычыцца і фальсыфікацыі выбараў, і гвалту супраць мірнага насельніцтва, і злачынстваў супраць канстытуцыйных правоў і свабодаў грамадзян, і злачынстваў супраць інтарэсаў службы. Юрыдычная ацэнка дзеяньняў канкрэтных асобаў. Гэта такая аналітычная праца.

— Да 2020 году вы задумваліся, што ў Беларусі нешта ня так?

— Усе задумваліся, нават разумелі, што гэта няправільна, калі чалавек захоплівае такую вялізную ўладу. Сярод дзяржаўных службоўцаў і пракурорскіх работнікаў іронія і сарказм заўсёды прысутнічалі, Лукашэнку называлі «луноликий», «сонцападобны». Маўляў, глядзі, якую бздуру прыняў «сонцападобны». Гэтыя працэсы былі відавочныя, але зь імі мірыліся да адкрытага беззаконьня.

— У судах пракурорскія работнікі і судзьдзі працуюць у адной счэпцы?

— Працэс арганізаваны такім чынам, што гэта, па сутнасьці, адна счэпка. Ёсьць выпадкі, калі да пачатку судзьдзя размаўляе з пракурорам, узгадняюць прысуд. Гэта адбываецца не заўсёды. Але існуе практыка, калі справа дайшла да суду, то павінен быць вынесены абвінаваўчы прысуд. І да 2020 году былі выпадкі, калі прынцыповыя пракуроры адмаўляліся падтрымліваць абвінавачаньне, яны даносілі кіраўніцтву сваю пазыцыю — і тады іх да працэсу не дапускалі. У справах палітвязьняў дакладна яшчэ да пачатку суду і судзьдзя, і пракурор ведаюць, якім будзе вырак.

Подпишитесь на канал ex-press.live в Telegram и будьте в курсе самых актуальных событий Борисова, Жодино, страны и мира.
Добро пожаловать в реальность!
Темы:
Аляксандр Ракіцкі
ByPol
пракуратура
Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
ПОСЛЕДНИЕ НОВОСТИ
Новости Борисова
Фотоловушки работают. Как наказывают нарушителей, которые загрязняют лес под Борисовом
Новости Борисова
В Борисове приостановили прием отходов на городской свалке от физлиц. Видео
Общество
Зафиксирован рекорд Беларуси: самым пожилым близняшкам исполнилось 99 лет
TuTak
«Если наступит война». Беларуска рассказала, как в Швеции население готовят на случай военных действий
Политика
«Мы будем стрелять, разгонять, применять силу — просто потрясающая предвыборная атмосфера праздника!»
Новости Борисова
«Не дорога, а полоса препятствий». Возле «Борисов-Арены» появились новые «лежачие полицейские»
В мире
Секрет долголетия: семья с общим возрастом в 1075 лет всю жизнь избегала одной вещи
Происшествия
Сельчанин в Дрибинском районе убил на почте железным прутом женщину
Общество
За время "помилований" количество политзаключенных выросло — правозащитники
В мире
«Ставки растут. Небеса рядом – в одном нажатии кнопки»
ВСЕ НОВОСТИ
ПОСЛЕДНИЕ НОВОСТИ
Новости Борисова
Фотоловушки работают. Как наказывают нарушителей, которые загрязняют лес под Борисовом
Новости Борисова
В Борисове приостановили прием отходов на городской свалке от физлиц. Видео
Общество
Зафиксирован рекорд Беларуси: самым пожилым близняшкам исполнилось 99 лет
TuTak
«Если наступит война». Беларуска рассказала, как в Швеции население готовят на случай военных действий
Политика
«Мы будем стрелять, разгонять, применять силу — просто потрясающая предвыборная атмосфера праздника!»
Новости Борисова
«Не дорога, а полоса препятствий». Возле «Борисов-Арены» появились новые «лежачие полицейские»
В мире
Секрет долголетия: семья с общим возрастом в 1075 лет всю жизнь избегала одной вещи
Происшествия
Сельчанин в Дрибинском районе убил на почте железным прутом женщину
Общество
За время "помилований" количество политзаключенных выросло — правозащитники
В мире
«Ставки растут. Небеса рядом – в одном нажатии кнопки»
ВСЕ НОВОСТИ