Общество

Беларускі шаман. Гісторыя сям’і, якая зь Менску пераехала ў лясы Амазоніі

Сям’я беларусаў з малымі дзецьмі прадала дом пад Менскам, паехала ў Пэру і пасялілася ў доме шамана. Расказваем іх гісторыю.

Общество www.svaboda.org
0

Сям’я беларусаў з малымі дзецьмі прадала дом пад Менскам, паехала ў Пэру і пасялілася ў доме шамана. Свабода расказвае іх гісторыю.

«Чаму мы тут сядзім? Мы паміраем!»

Менчуку Андрэю 41 год. У Беларусі займаўся аздабленьнем інтэр’ераў, працаваў з дэкаратыўнай тынкоўкай. Ягонай жонцы Юліі 28. Мае эканамічную адукацыю, працавала ў бізнэс-хабе «Імагуру». У іх двое дзяцей: Фіёне 6 месяцаў, Макару 3 гады.

Макар у пэруанскай вёсцы
Макар у пэруанскай вёсцы

Плян кардынальна зьмяніць жыцьцё высьпяваў паступова. Андрэй стаміўся ад жыцьця ў Беларусі. Адчуў, што ў ім шмат спажывальніцтва, матэрыялізму, зайздрасьці.

«Ёсьць варожасьць, яна адчуваецца ў паветры. Людзі стараюцца быць добрымі адно з адным, але адно аднаго баяцца. Тут (у Пэру. — РС) я ўбачыў, што людзі любяць адно аднаго, хочуць быць у супольнасьці», — кажа Андрэй.

Ён зразумеў, што ня хоча ўсё жыцьцё пражыць у Беларусі. Перастаў адпавядаць ягоны лад жыцьця. Беларус прызнаецца, што раней для яго аўтамабілі, тэхніка, рэчы былі вельмі важныя. Але калі ён пачаў цікавіцца духоўным, езьдзіць на віпасаны (спосаб мэдытацыі зь Індыі. — РС) пад Менск, то зразумеў, што самае каштоўнае для яго — гэта людзі і камунікацыя. На віпасанах Андрэй пазнаёміўся зь Юліяй.

Андрэй у Пэру
Андрэй у Пэру

Тры гады таму пара прадала кватэру ў Менску. Паехалі ў вёску, будавалі там дом. Мяркуюць, што гэты час быў падрыхтоўкай да вялікага падарожжа.

Юлія не баялася адправіцца цераз акіян з малымі дзецьмі, бо гэта была ейная ініцыятыва. У яе пачалася дэпрэсія ў Беларусі. Усё здавалася аднастайным. Юлія кажа, што «ўнутрана памірала».

«Я Андрэя даймала апошнія тры гады: „Давай нешта зьменім! Мне тут не падабаецца. Трэба абсалютна нешта іншае!“ Я яму падсоўвала то аяваску, то яшчэ нешта. „Паглядзі, як цікава! Чаму мы тут сядзім? Мы паміраем!“ Бліжэй да даты ад’езду я ўжо не магла дачакацца», — успамінае Юлія.

Андрэй пацьвярджае, што яму спачатку было страшна ехаць у невядомае.

Гамакі, будаўнічыя інструмэнты, пампэрсы

Урэшце пара прадала ўсю сваю маёмасьць. Вырашылі ляцець у Пэру. Хацелі паехаць у краіну, максымальна непадобную да Беларусі побытам, таму Эўропа адпала адразу. Спыніліся на Паўднёвай Амэрыцы. Выбралі горад Ікітас, але плянавалі потым пераехаць у вёску. Сваякі на іхнае рашэньне адрэагавалі па-рознаму, але ўрэшце прынялі.

Рэчы зьбіралі некалькі месяцаў. З багажу быў вялізны турыстычны заплечнік і два невялікія. Узялі пампэрсы, адзеньне. Купілі гамакі з маскітнымі сеткамі, тэнты, будаўнічыя інструмэнты.

Пэруанская вёска
Пэруанская вёска

«Калі б мы не знайшлі месца, дзе спыніцца, то пачалі б будаваць свой уласны дом», — кажа Андрэй.

За дзяцей пара асабліва не баялася. Нейкіх адмысловых прышчэпак ім перад паездкай не рабілі.

Спазьненьне на самалёт

На паездку ў пары было $10 тысяч. Ляцелі праз Стамбул. Набылі квіткі ў Пэру на навагоднюю ноч 2024 году за $2800. Гэта лічыцца нядорага. Аднак сям’я спазьнілася на самалёт. Яны прыехалі ў аэрапорт загадзя, прайшлі ўсе праверкі і пайшлі гуляць па крамках.

«Нават думкі не было паглядзець на гадзіньнік, бо былі ўпэўненыя, што дакладна ня спозьнімся, яшчэ ж процьма часу», — успамінае Андрэй.

Калі зірнулі на гадзіньнік, заставалася 15 хвілін да пасадкі. Яны пабеглі, але ўсё ж не пасьпелі. Думкі вяртацца дадому не было. Некалькі дзён шукалі новыя квіткі. Урэшце набылі за $4700. Гэта быў асноўны запас іхных грошай на паездку. 

«Мой дом — твой дом»

Калі сям’я прыляцела ў Ікітас, на руках у іх было ўжо каля $3 тысяч. У горадзе яны пажылі тыдзень у гатэлі. Потым вырашылі перабірацца ў вёску. Дзеля гэтага набылі лодку ў майстра за $450.

«Човен тут асноўны від транспарту», — тлумачыць пра далейшы шлях Андрэй.

Пакуль плылі ў пошуках вёскі, трапілі ў моцную залеву. Урэшце Андрэй спыніўся і выйшаў на бераг. Гэта была вёска Мішана. Там беларус шукаў шамана. У Пэру яго называюць курандэра. Так ён прыйшоў да дома Бэрнардына.

Шаман Бернардына
Шаман Бернардына

Беларус загадзя падрыхтаваў зварот да шамана па-гішпанску, але яму было складана чытаць, таму перадаў тэлефон з тэкстам гаспадару, і той чытаў сам. У звароце Андрэй тлумачыў, што стаміўся ад жыцьця ў Эўропе і хоча яго памяняць. Паслухаць увесь зварот можна тут:

«Мой дом — твой дом», — сказаў Бэрнардына, калі прачытаў зварот.

Бэрнардына жыве адзін. Раней у яго было шмат вучняў з Аўстраліі, ЗША, Эўропы. Так сям’я пасялілася ў шамана. Яны ня плацяць за арэнду дома і навучаньне. Але купляюць прадукты, далучаюцца да камунальных аплат у вёсцы: помпы для вады, сонечных панэляў, на правядзеньне інтэрнэту.

Пераправа на лодцы ў джунглях
Пераправа на лодцы ў джунглях

Па інтэрнэт езьдзяць у горад, гатуюць на дровах

Жыцьцё ў горадзе ў Пэру можна параўнаць па выдатках з жыцьцём у Менску, мяркуе Андрэй. Курс беларускага рубля да пэруанскага соля амаль 1:1. Аднак у Пэру даражэйшыя мабільная сувязь, паліва. Агародніна, садавіна танныя, але бульба даражэйшая, чым у Беларусі. У вёсцы можна зьбіраць плады ў джунглях, бясплатна лавіць рыбу ў рэках. Многія вяскоўцы ня маюць аплатнай працы, а жывуць са сваёй натуральнай гаспадаркі.

Гатуюць ежу на дровах
Гатуюць ежу на дровах

Пара гатуе ежу на дровах. Па інтэрнэт едуць у горад. Іхныя дзеці гуляюць зь мясцовымі малымі, купаюцца ў рацэ. Нядаўна ў Мішане праходзілі спаборніцтвы ў футболе сярод камандаў зь іншых вёсак.

Дзеці на рацэ ў пэруанскай вёсцы
Дзеці на рацэ ў пэруанскай вёсцы

Дзеці на рацэ ў пэруанскай вёсцы
Дзеці на рацэ ў пэруанскай вёсцы

Апісаць свой шараговы дзень у вёсцы Амазоніі Андрэй ня можа.

«У тым асяродзьдзі, дзе я раней жыў, можна было дакладна апісаць свой дзень. Апісваеш адзін дзень — і гэтым апісваеш усе свае дні. А тут ты нешта плянуеш на заўтра, а ўсё адбываецца інакш. Мы плянуем ісьці ў сэльву дабудоўваць домік, а зранку пачынаецца трапічная залева на паўдня і ты нікуды не ідзеш», — тлумачыць ён.

Цяпер у пары засталося «значна менш за тысячу даляраў». Яны абое пакуль нідзе не працуюць і грошай не зарабляюць. На што яны будуць жыць далей, ня ведаюць. Кажуць, што цяпер абыходзяцца мінімумам грошай.

«Я думаю, што на ўсё патрэбнае хопіць», — кажа Андрэй.

Пра жыцьцё ў Пэру беларусы расказваюць у сваім блогу.

«Гэта крыху зьменены стан»

Асноўнае, чым займаецца Андрэй, гэта вучыцца на шамана і разам з Бэрнардына адбудоўвае храм для цырымоній у джунглях. Ён праводзіць з шаманам увесь час. У джунглях той паказвае лекавыя расьліны. Вучыць беларуса сьпяваць ікарасы — сьпевы, якія шаман выконвае падчас цырымоній.

Бэрнардына адбудоўвае храм у джунглях
Бэрнардына адбудоўвае храм у джунглях

Да таго ж Андрэй праходзіць праз цырымоніі аяваскі. Аяваска — гэта ліяна, якая расьце ў джунглях, адвар зь яе, а таксама назва самой цырымоніі. Андрэй кажа, што варта прайсьці 20-30 цырымоній, каб адчуць эфэкт. Ён прайшоў пяць. Яны адбываюцца па начах, празь дзень (цырымонія зьвязаная з ужываньнем галюцынагенных рэчываў, якія ўтрымлівае сок ліяны, яны могуць нанесьці шкоду здароўю - РС).

Падчас цырымоніі аяваскі
Падчас цырымоніі аяваскі

Падчас цырымоніі шаман праводзіць рытуалы, сьпявае ікарасы, іграе на шумавых інструмэнтах і дае чалавеку выпіць адвар. Ён пачынае дзейнічаць праз 20-30 хвілін.

«Ты канцэнтруесься на гуках і паглыбляесься ў мэдытацыю. Можна легчы. Такі стан працягваецца ўсю ноч. Ты застаесься адзін на адзін з сабою, са сваім роздумамі», — дзеліцца Андрэй.

Зь ягоных словаў, кожная цырымонія нешта зьмяняе ў сьвядомасьці.

Падчас цырымоніі аяваскі
Падчас цырымоніі аяваскі

Але пры гэтым можа званітаваць. Падчас цыклю з цырымоній арганізатары раяць захоўваць харчовую дыету і ўстрымлівацца ад сэксу.

«Гэта зьменены стан, у якім ты крыху больш адчуваеш і разумееш, што адбываецца навокал і што адбываецца ў цябе ў галаве», — тлумачыць суразмоўца.

На ягоную думку, кожны перажывае цырымонію аяваскі па-свойму.

«Няма такога, што аяваска вучыць унівэрсальным рэчам. Кожнага — свайму», — кажа Андрэй.

Ён сьцьвярджае, што ў Пэру ўжо знайшоў адказы на некаторыя пытаньні. Прыкладам, што для яго больш каштоўная камунікацыя зь людзьмі, а ня рэчы. Зьявілася больш радасьці ў жыцьці, стаў больш усьміхацца. Кажа, што іншыя людзі заўважаюць у ім пазытыўныя зьмены: што ён стаў больш творчым, ініцыятыўным, свабодным.

Жыхары вёскі Мішаны больш радасныя, чым беларусы, мяркуе Андрэй
Жыхары вёскі Мішаны больш радасныя, чым беларусы, мяркуе Андрэй

«Раней у Беларусі было 50/50. Спачатку ўсё нармальна, а потым ходзіш і пакутуеш. Цяпер нэгатыўных перажываньняў усё менш. Радуесься больш поўна, больш шырока, больш глыбока», — кажа Андрэй.

Юлія пакуль корміць грудзьмі дзіця, таму сумяшчаць гэта з аяваскай ня можа. Аднак хацела б прайсьці празь яе, калі дзеці падрастуць. Яна кажа, што таксама стала больш радавацца ў Пэру, а не пакутаваць. 

«Будзем запрашаць сюды турыстаў»

Андрэй ня можа сказаць, якая канчатковая мэта аяваскі.

«Гэта адбываецца само і ня так, як ты сабе ўяўляў. Калі я на нешта хварэю, я не магу ўявіць стан, калі я буду здаровым», — тлумачыць ён.

Кажа, што пачаў намацваць сваё прызначэньне. Думае, што яно зьвязана з дапамогай людзям. Дапускае, што ня ўсім падыдзе ягоны спосаб жыцьця. Аднак мяркуе, што знойдуцца і тыя, хто ім зацікавіцца. На пытаньне, ці аяваска — гэта не сярэднявечныя практыкі, Андрэй кажа, што так разважаць — гэта асуджэньне, «а асуджэньне — гэта хвароба».

Шаман Бэрнардына
Шаман Бэрнардына

«Калі камусьці падабаецца жыць у трушчобах Бэлена, гэта добра. Калі камусьці падабаецца жыць у пэнтхаўсе Нью-Ёрку — гэта таксама добра. Нельга асуджаць чалавека за ягоны выбар», — думае ён.

У будучыні пара мяркуе зарабляць на турыстах. Андрэй цяпер вучыцца самастойна праводзіць абрады. Гэта плянуюць рабіць у храме, які цяпер адбудоўваюць з Бэрнардына.

«Мы будзем запрашаць сюды турыстаў адпачыць, ацаліцца, паправіць самаадчуваньне», — кажа Андрэй.

Беларусы думаюць, што пажывуць у Пэру адзін або два гады. Ім трэба зарабіць на квіткі, калі яны захочуць зьмяніць месца жыхарства. Далей яны думаюць паехаць у Аўстралію.

Подпишитесь на канал ex-press.live в Telegram и будьте в курсе самых актуальных событий Борисова, Жодино, страны и мира.
Добро пожаловать в реальность!
Темы:
беларускі шаман
Менск
Амазонія
Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
ПОСЛЕДНИЕ НОВОСТИ
Новости Жодино
Жодино без ржавой воды? На водозаборе «Северный» достраивают станцию обезжелезивания
Технологии
Ученые назвали опасные побочные эффекты использования искусственного интеллекта для мозга
Политика
«И рад бы Лукашенко снова подносить кофе ведрами, да только не рвутся в его дворец дорогие гости»
Новости Жодино
Средняя зарплата в Жодино в 2024 году: кто заработал больше всех
Новости Борисова
В Борисове изготовили новую модель спецтехники для МЧС — автомобиль пенного тушения
Спорт
Скандал в испанском футболе: игрок «Барселоны» коснулась промежности соперницы, но все отрицает
В мире
Мужчины чаще женщин пользуются сайтом с «точной датой» своей смерти
В мире
Умерла зеленая сова Duolingo
Новости Борисова
«Моя жизнь — суета и круговерть. Чувствую себя никчемной». История беларуски, которая ничего не успевает
Новости Борисова
Телевизор в «режиме ожидания» сжег дачу борисовчан в Крупском районе. Фото
ВСЕ НОВОСТИ
ПОСЛЕДНИЕ НОВОСТИ
Новости Жодино
Жодино без ржавой воды? На водозаборе «Северный» достраивают станцию обезжелезивания
Технологии
Ученые назвали опасные побочные эффекты использования искусственного интеллекта для мозга
Политика
«И рад бы Лукашенко снова подносить кофе ведрами, да только не рвутся в его дворец дорогие гости»
Новости Жодино
Средняя зарплата в Жодино в 2024 году: кто заработал больше всех
Новости Борисова
В Борисове изготовили новую модель спецтехники для МЧС — автомобиль пенного тушения
Спорт
Скандал в испанском футболе: игрок «Барселоны» коснулась промежности соперницы, но все отрицает
В мире
Мужчины чаще женщин пользуются сайтом с «точной датой» своей смерти
В мире
Умерла зеленая сова Duolingo
Новости Борисова
«Моя жизнь — суета и круговерть. Чувствую себя никчемной». История беларуски, которая ничего не успевает
Новости Борисова
Телевизор в «режиме ожидания» сжег дачу борисовчан в Крупском районе. Фото
ВСЕ НОВОСТИ