Выступаючы на Ўсходнім эканамічным форуме ва Ўладзівастоку, прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін дазволіў сабе выказваньні, якія многія аглядальнікі ацанілі як антысэміцкія, пiша палітычны аналітык Сяргей Навумчык.
Пуцін назваў Анатоля Чубайса, які пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну пакінуў Расею, «Мойшам Ізраілевічам», недвухсэнсоўна намякаючы на габрэйскія карані былога віцэ-прэм’ера.
Яшчэ раней зьвярнулі на сябе ўвагу словы Пуціна, што Ўладзімір Зяленскі — этнічны габрэй, нібыта пастаўлены Захадам для камуфляжу нацысцкай палітыкі Кіева.
У абарону Пуціна ўжо выступілі пракрамлёўскія прапагандысты, нагадаўшы, што ў свой час Пуцін адмыслова прыляцеў на пахаваньне свайго трэнэра па барацьбе, габрэя, і што сярод ягоных блізкіх сяброў — габрэі. Наўрад ці была неабходнасьць у такім напамінку: імёны братоў Ротэнбергаў дастаткова вядомыя, іх шматмільярдны бізнэс неаднаразова быў прадметам гучных расьсьледаваньняў, у тым ліку і Фонду барацьбы з карупцыяй Аляксея Навальнага.
Аднак адгаворка «Я не антысэміт, у мяне вось і сябар габрэй» — не спрацоўвае, бо ніяк не адлюстроўвае сапраўднай пазыцыі чалавека.
Камітэт «гарачых сэрцаў» і «халодных галоваў»
Выказваньні Пуціна шэраг аглядальнікаў называюць антысэміцкімі, але ў якой ступені антысэмітызм зьяўляецца часткай сьветапогляду Пуціна і ці зьяўляецца ўвогуле — пытаньне адкрытае.
Тут можна прыгадаць, што антысэмітызм дэ-факта дзесяцігодзьдзямі быў характэрны для супрацоўнікаў арганізацыі, у якой працаваў Пуцін, КДБ. Пачынаючы з канца 1950-х гадоў, у КДБ ня бралі этнічных габрэяў. Правіла дапільноўвалася жорстка: на прыналежнасьць да габрэйскай нацыянальнасьці правяраліся ня толькі бацькі ды дзяды магчымага прэтэндэнта, але і ягонай жонкі.
Тлумачылася гэта зусім не тэорыямі кшталту «яны Хрыста расьпялі», а змаганьнем зь міжнародным сіянізмам, а пазьней — і з «ізраільскай ваеншчынай». З пачатку 1970-х, калі Брэжнеў у пэўнай ступені лібэралізаваў правілы выезду габрэяў у Ізраіль, дадаўся і аргумэнт магчымай наяўнасьці сваякоў за мяжой.
У часы Брэжнева ў складзе ЦК КПСС і кіраўніцтве савецкага ўраду этнічныя габрэі былі (да прыкладу, намесьнік Касыгіна Дымшыц), і гэты факт прапаганда выкарыстоўвала як пацьверджаньне «пралетарскага інтэрнацыяналізму»). Былі габрэі ў сфэрах абаронных дасьледаваньняў, з тытуламі акадэмікаў і герояў, а часам і тройчы, як Юлій Харытон, герояў сацпрацы (для навуковых і тэхнічных адкрыцьцяў ня мае значэньне нацыянальнасьць). А вось у камітэце, дзе шчыравалі людзі з «халоднай галавой, гарачым сэрцам і чыстымі рукамі», пры Пуціну іх ужо не было.
Пуцін часта зь цеплынёй прыгадвае сваю службу ў савецкай тайнай паліцыі, зрабіў ён гэта і ва Ўладзівастоку. Магчыма, нешта ў падсьвядомасьці адклалася ў яго і ў стаўленьні да габрэяў.
Апэляцыя да люмпэнаў
Фразы Пуціна актыўна абмяркоўваюцца і ў беларускім сэгмэнце сацыяльных сетак. Найбольш ёміста, здаецца, выказаўся на гэты конт бізнэсовец і мэцэнат Павал Падкарытаў (Бераговіч):
«Пасаж Пуціна на ТЭФ пра „Мойшу Ізраілевіча“ — апэляцыя да прыроднага антысэмітызму люмпэнаў, якія і ёсьць сапраўдная апора пуцінскага рэжыму.
Як слушна адзначыў Альфрэд Кох, Пуцін ужо аднойчы карыстаўся такім прыёмам. Калі забілі Барыса Нямцова, „вошьдь“ накіраваў яго маці „спачуваньне“, назваўшы яе Дзінай Якаўлеўнай Эйдман.
Пры тым, што яна была Нямцовай ужо амаль 60 гадоў, зьмяніўшы прозьвішча пры ўзяцьці шлюбу. З моманту вясельля ніхто не зьвяртаўся да яе па дзявочым прозьвішчы, і толькі Пуцін выказаў спачуваньне Эйдман, а не Нямцовай.
Матывы ягоныя зусім празрыстыя: Пуцін заўсёды, калі размаўляе з „народам“, бачыць перад сабой гэткага хітраватага мужычка, які сьвята перакананы ў тым, што ва ўсіх яго бедах вінаватыя найперш габрэі».
Тое, што Пуцін апэлюе да самых нізкіх пачуцьцяў самых неадукаваных слаёў расейскага грамадзтва, даўно вядома. І гэта, трэба прызнаць, знаходзіць водгук. Дастаткова пачытаць камэнтары пад антыўкраінскімі допісамі ў найбольш папулярных расейскіх тэлеграм-каналах, каб пераканацца, што слова «хахлы» сустракаецца там непараўнальна часьцей, чым «украінцы».
Да гэтага часу, аднак, не даводзілася бачыць там слова «жыды» — якое, адрозна ад беларускай, чэскай ці польскай моваў, у мове расейскай мае выразна абразьлівы, зьневажальны характар.
Цяпер, трэба меркаваць, можа зьявіцца і яно.
Што стрымлівае Лукашэнку
У свой час сумнеўнае выказваньне пра габрэяў дазволіў сабе і Лукашэнка, калі ў 2007 годзе, назваўшы Бабруйск габрэйскім горадам і «сьвінушнікам», дадаў: «Вы ведаеце, як габрэі ставяцца да месца, у якім яны жывуць».
Тыя словы былі нэгатыўна ўспрынятыя ў Ізраілі, і беларускім дыпляматам (і ня толькі ім) давялося прыкласьці шмат намаганьняў, каб, як потым выказаўся міністар замежных спраў Ізраілю, тэма была «вычарпаная». З таго часу нічога падобнага, ва ўсялякім разе ў публічнай прасторы, Лукашэнка сабе не дазваляў.
Магчыма, ён адчувае пэўную розьніцу ў стаўленьні да гэтай тэмы ў грамадзтве расейскім і грамадзтве беларускім.
Прычыны гэтай розьніцы — прадмет грунтоўнай гаворкі, але абазначу адну істотную акалічнасьць. У часы Другой сусьветнай вайны зусім нязначная частка тэрыторыі цяперашняй Расейскай Фэдэрацыі была пад акупацыяй. Жыхары (у тым ліку і мільёны эвакуаваных) гіганцкай прасторы на ўсход ад Масквы не сутыкаліся з нацыстамі. Беларусь жа была акупаваная ўся, і на яе тэрыторыі нацысты зьнішчылі сотні тысяч габрэяў.
І хаця інфармацыя пра Галакост дзесяцігодзьдзямі ўтойвалася (ня надта згадваюць пра Галакост і цяпер), у народзе памяць жыве.
Цалкам магчыма, што менавіта таму Лукашэнка, зь ягонай інтуіцыяй і ўменьнем адчуваць настроі, не пераступае гэтай рысы.
Што праўда, лініяў, якіх ён не дазваляе сабе пераступіць, застаецца ўсё меней.
Добро пожаловать в реальность!