28-гадовая Настасся зараз жыве ў Латвіі. Яна не збіралася пераязджаць. Аказалася ў Латвіі па праграме рэабілітацыі. Беларуска хацела адпачыць пасля чарговага затрымання, але потым не вярнулася дадому і ўжо больш за год уладкоўвае сваё жыццё за мяжой.
Дзяўчына прызнаецца, што не выбірала краіну, так склаліся абставіны, і яна апынулася ў Рызе:
— Першапачаткова зусім не збіралася пераязджаць. Ехала з Беларусі на некалькі тыдняў — проста выдыхнуць пасля «адсідкі». Акурат перад ад'ездам маім родным пачалі тэлефанаваць са Следчага камітэта. Гэта было відавочнае запужванне, што мяне ўсяляк могуць знайсці. Я зразумела, што, здаецца, не вярнуся.
Усё склалася само сабой за некалькі дзён:
— У лістападзе 2020 года выйшла з другіх «сутак», мне прапанавалі крыху адпачыць па праграме каля мора. Потым СК. Эміграцыя — гэта збег абставінаў.
«3 еўра дапамогі на дзень»
Пра тое, што тэлефануе СК, Наста даведалася на вуліцы. Рабіла ў горадзе свае справы, сустракалася з псіхолагам. Вырашыла ехаць у Латвію.
Некалькі дзён, пакуль вырашаліся тэхнічныя пытанні з ад'ездам, заставалася ў сяброўкі на здымнай кватэры. Гераіня кажа, што рэчы збірала даволі эпічна:
— Збіралася хутка. Хадзіла па кватэры. Адкрыла валізу. Нешта туды закінула. Разумела, што пакуль вяртацца нельга, але ўсё роўна гэта падавалася жартам. Не разлічвала, што надоўга еду. Узяла некалькі кофт, бялізну, быццам, еду на некалькі тыдняў. Сур’ёзных збораў не было. Праз месяц маці прыехала ў Менск у гэтую кватэру і разам з сяброўкамі сабрала рэчы. «Выселілі» мяне без мяне.
Праграма рэабiлiтацыi скончылася. Паўстала пытанне, што рабіць далей. Дзяўчына мела гуманітарную візу. Працаваць па ёй нельга, локдаўн таксама ўвёў шмат абмежаванняў на рынку працы.
Журналісты, якія дапамагалі беларусцы, раілі падавацца на палітычнае сховішча. Вагалася, было цяжка маральна, але ў выніку падалася ў студзені 2021 года, жыла ў лагеры ўцекачоў да жніўня. Адпаведны статус атрымала ў чэрвені:
— Пакуль там жывеш, працаваць на латвійскага працаўладальніка нельга. У мяне была свая фінансавая «падушка», журналісты дапамагалі. Пакуль чакала статус, атрымлівала 3 еўра на дзень дапамогі. Я магла пісаць для беларускіх выданняў і іншых краін. Плюс-мінус працавала ўвесь час.
Беспрацоўная
У жніўні Наста хутка з’ехала, таму шта за некалькі дзён увесь лагер запоўніўся людзьмі з беларускай мяжы: курдамі, сірыйцамі. Было вялікае перасяленне тых, хто жыў там:
— Нас, старажылаў, перасялялі ў Юрмалу. Для мяне быў знак, што трэба сыходзіць у вольнае жыццё. Пажыла ў знаёмых, потым хутка знайшла сваю першую кватэру.
Фармальна Наста беспрацоўная ў Латвіі. 10 месяцаў можна атрымліваць падтрымку па беспрацоўю. 139 еўра ў месяц. Канешне, гэтага не хопіць. Трэба або мець фінансавую «падушку», або працаваць:
— Для Беларусі — гэта суперпасобіе (дзяржава дае менш за 20 еўра), але для жыцця ў Латвіі яго не хопіць. З працай усё тут складана. Пайсці на будоўлю — без праблем, а на іншыя пасады — складана. Тут вельмі абмежаваны рынак працы, калі ты не ведаеш латышскую мову. Латвія — гэта маленькая краіна, меней чым 2 мільёны насельніцтва, тут складаныя эканамічныя абставіны, асабліва ва ўмовах кавіда. Шмат якія бізнесы закрыліся, не перажылі.
У Насты ўжо былі два курсы латышскай мовы. Зараз яна чакае яшчэ адзін курс. Для яе ведаць мову — гэта пытанне павагі, інтэграцыi у грамадства:
— Без мовы, асабліва ў Рызе, можна жыць. Па-руску паўсюль зразумеюць, па-англійску — таксама. Вельмі рэдка бывае, калі можна не зразумець. Звычайна, каб набыць нешта ў краме, не трэба размаўляць.
«Аднушка за 200-300 еўра»
Кватэр шмат, ёсць з чаго выбраць. Ёсць вельмі розныя магчымасці:
— У Латвіі ёсць адзін самы вядомы сайт ss.lv, дзе кватэры шукаюць усе. Там шукала, плюс шукала на маркет-плэйс у Фэйсбуку. На практыцы аказваецца, што ss.lv лепшы. На Фэйсбуку шмат фэйкавых рэчаў, ёсць падманы. На ss.lv людзі выстаўляюць аб’явы, як я разумею, за грошы. Гэта добры фільтр.
Можна адшукаць нармальную аднушку за 200-300 еўра недалёка ад цэнтру. Першая яе кватэра была на квартал бліжэй да цэнтру, каштавала 260 еўра:
— Яна мне падабалася візуальна. Плюс месца, дзе знаходзіцца, прыгожае і зручнае. Я заехала туды. У мяне было жаданне — жыць абавязкова ў цэнтры ў старым доме. Гатовая была пераплаціць, заехаць у кватэру з горшымі ўмовамі, але каб было прыгожа з вакна, хацела архітэктуры.
Усё было супер, акрамя таго, што было вельмі халодна. Адразу я гэтага не заўважыла. Гэта такія нюансы, пра якія даведваешся паступова. Кватэра знаходзілася на першым паверсе старога дома, ацяпленне ідзе зверху ўніз, плюс ідзе холад з падвалу, няма нармальнай ізаляцыі. Я ў выніку пражыла там менш за тры месяцы.
— Зараз жыву на акраіне цэнтру. Здымаю за 200 еўра ў месяц. Гэта вельмі танна для Рыгі, з улікам усіх умоў. Пакрыху раблю рамонт. У мяне шосты паверх, кватэра мансардная. З кватэры ёсць выйсце на гарышча — Нарнію.
— Быў шок, што ў кватэры можа быць печка, атапленне дравамі. Ёсць дамы, дзе першапачаткова не быў запланаваны санвузел. Гаспадары круцяцца, хто як можа. Ёсць такія дамы, дзе душ будзе ў кватэры, а прыбіральня — на лесвічнай клетцы (адна на дзве кватэры). Я такое нават не разглядала, хоць яны танней. Душавыя кабіны могуць быць размешчаны ў любым месцы ў кватэры. Было такое нават, што адна стаяла ў калідоры, але звычайна ставяць на кухні. Такое бачыла, што даволі брутальная ванна стаяла пасярод кватэры.
Калі шукаеш кватэру, трэба ўлічваць усе нюансы, звязаныя з камуналкай. У Латвіі могуць быць розныя пастаўшчыкі энэргіі. У суседніх дамах камуналка можа адрознівацца ў два разы:
— Калі заязджаеш, трэба абавязкова глядзець рахункі за мінулыя месяцы, за лета і за зіму, таму што можна моцна «ўляпацца». У гэтым годзе ў Латвіі крызіс з энергетыкай, рэкордныя сумы за камуналку, такога не было раней.
Мае знаёмыя засяліліся, ім усё падабалася, але за 50 квадратаў яны заплацілі 200 еўра за цяпло, усяго абышлося ў 330 еўра. Я заплаціла за ўсё разам 117 еўра (40 метраў), што добра па цяперашніх часах, хоць жыву там не ўвесь час, часта з’язджаю.
Плюс я стала больш сур’ёзна эканоміць ваду і электрычнасць. Мае знаёмыя, што здымаюць пакоі ў цэнтры, плацяць ад 230 да 280 еўра ўжо з камуналкай. Атрымліваецца, што вялікай розніцы няма, здымаць пакой ці кватэру.
Як бавіць час у Латвіі
— За той час, што жыву ў Латвіі, было некалькі локдаўнаў, шмат што не працавала, таму мала ведаю, куды пайсці. Спачатку кошты шакавалі. Цяпер я адвучылася пералічваць на беларускія рублі, з часам даведалася, куды хадзіць за прадуктамі, дзе танней, дзе лепш.
У кавярні каву можна выпіць за 3-4 еўра. Дэсерт з’есці — 1-4 еўра. Паесці — ад 5 еўра і вышэй. Ёсць добрыя абедзенныя прапановы, і тады гэта танней. Напрыклад, я хадзіла ў непальскую кавярню на суп за 1,5 еўра.
Асноўныя забаўкі ў краіне — прыродныя. Латышы — закрытыя паўночныя людзі, якія прыроду любяць больш, чым іншых людзей. Каб атрымаць асалоду цалкам ад Латвіі, трэба мець машыну. На розныя балоты, азёры грамадскі транспарт не ходзіць.
– Мне вельмі спадабаўся горад Сігулда. Там замкі, паркі, лес. Я проста люблю шпацыраваць па вуліцы. Я рэдка куды хаджу, гатую сама, харчуюся дома разнастайна: розная агародніна, садавіна.
Пра кошты
У Латвіі ёсць такая крутая штука — акцыя апошняга дня. У супермаркеце ёсць палічка, дзе ляжаць прадукты, у якіх скончыцца тэрмін сёння ці заўтра. Зараз таматы каштуюць ад 1,5 еўра, каляровая капуста — 1,5-2 еўра за штуку. Бульба — каля 40 цэнтаў за кілаграм.
У Беларусi i Латвii вельмі падобныя нацыянальныя кухнi. Плюс латышы памешаныя на журавінах. Яны іх засоўваюць ва ўсё. У крамах чарніцы амаль не прадаюць, але iх можна сабраць самой у лесе, пакуль ідзеш з мора на цягнік. У прынцыпе, можна аднаму чалавеку харчавацца на 5 еўра ў дзень, і гэта будзе разнастайная і карысная ежа:
— Тут жахлівыя кошты ў аптэках. Раней ведала, што людзі перадаюць медыкаменты. Я лятала ва Ўкраіну, везла адтуль аптэчку. Тут або няма хлоргексідына, або каштуе, як крыло самалёта — 7 еўра. З Украіны прывезла дзве банкі.
«Калі я скажу нешта на ламанай латышскай, яны радуюцца як дзеці»
Настасся кажа, што грамадства ў Латвіі жорстка падзелена:
— Тут вельмі шмат рускамоўных, і сярод іх шмат людзей, якія любяць Пуціна. Латвійскія латышы вельмі добра рэагуюць, калі чуюць, што я прыехала з Беларусі, выказваюць словы падтрымкі. Некаторыя рускія могуць рэагаваць інакш. Былі выпадкі, калі беларусы ладзілі акцыю, і таксіст не даваў яе здымаць, казаў, што выйшлі з фашысцкім сцягам.
Калі хаджу ў краму ці клініку, спачатку вітаюся па-латышску, а потым тлумачу, што нядаўна прыехала ў Латвію. Мову ведаю кепска пакуль. Калі скажу нешта на ламанай латышскай, яны радуюцца як дзеці, гэта вельмі міла.
Звычайна добрае стаўленне да цябе. Негатыву ў свой адрас не бачу, але бываюць непаразуменні. Шмат людзей проста не ведаюць, што адбываецца ў Беларусі. Кажуць, што ў іх таксама праблемы са свабодай. Тады я пытаюся: вы таксама баіцеся ў краму выйсці і не вярнуцца, а зранку баіцеся, калі ў дзверы звоняць. Расказваю пра свой асабісты вопыт. Часта аказваецца, што яны былі банальна не ў курсе сітуацыі ў Беларусі.
Бывае не зручна, калі я тэлефаную ў дзяржаўную ўстанову, дзе працуе робат, які кажа толькі па-латышску. У такіх штуках сэрвісных адчуваеш дыскамфорт, пакуль не ведаеш мовы.
Дзяўчыне падабаецца латвійскі клімат і лад жыцця:
— Гэта поўнач са сваімі прыколамі. Позна святлее, рана цямнее. Шэра ўзімку. Калі чалавек хоча яскравага жыцця, напэўна, яму не ў Латвію. Тут ёсць гарады і хутары. Латышы любяць хутары, тут няма вёсак (толькі на мяжы з Беларуссю), яны любяць жыць паасобку. Калі гэта не падабаецца, будзе цяжка жыць. Але мне вельмі падабаецца тут.
«Пра нас у міжнародным дыскурсе ўсе забываюцца»
Дыяспара тут невялікая, напрыклад, у суполцы «Беларусы ў Латвіі» у Фэйсбуку каля 160 чалавек. Калі толькі прыехала, нам мясцовыя беларусы шмат дапамагалі, дагэтуль дапамагаюць, мы таксам дапамагаем новенькім:
— Кавідныя забароны моцна нас абмяжоўваюць. Зараз у нас ідуць гарачыя абмеркаванні, што рабіць у дзень рэферэндума.
Людзі дапамагаюць адно аднаму, трымаюцца разам, але нас мала. Моўных сустрэч няма. З апошняга памятаю канцэрт з опернай спявачкай Маргарытай Ляўчук.
Магчыма, беларусы так у Латвіі асімілююцца. Няма такіх тусовак, як у іншых краінах. Пра нас у міжнародным дыскурсе ўсе забываюцца. А мы асабліва не патрабуем. Пра Латвію забываюць.
На пытанне, ці брала гераіня з сабой які сымбаль з Беларусі, адказвае:
— Узяла з сабой кнігу Марыі Мартысевіч «Сарматыя». Мне гэтая кніга вельмі выратавала псіхіку на першай адсідцы. Падумала, што гэта будзе вельмі сімвалічна. Калі матуля праз некалькі месяцаў перасылала пасылку, для мяне было важна пасцяліць сваю бялізну.
«Які выбар не зробіш, пра яго будзеш шкадаваць»
— У мяне ўсё, як у падручніку. Я цяпер страшэнна рамантызую Мінск. Мне ўсё завочна там падабаецца. Па усім сумую. У рэпартажы Дуддзя шмат ідэй сфоткаць дом. Думала, як было класна сфоткаць мой дом. Вельмі сумую. Вельмі не хапае побытовых рэчаў.
Неяк я ўзгадвала старую працу. У нас офіс быў насупраць Камароўкі. Там быў побач гандлёвы цэнтр. Я заходзіла літаральна пару разоў туды, каб пачакаць перад сустрэчай людзей. Нядаўна заплюшчыла вочы і адчула пах гэтага месца. Такое, бывае, накатвае. Вельмі хацела б пабачыць свой дом, дзе жыла апошнія 4 гады, каб адчуць яго пах. Кожная кватэра мае свой непаўторны пах. Мне яго вельмі не хапае. I зефіру бабруйскага. Вельмі.
Я ўсё рамантызую, але ў той жа час разумею, што таго Менску няма, з сяброўскага кола там амаль нікога не засталося. Гэта фантомныя болі, бо Менску таго больш няма. Горкія адчуванні. Як бы не было, будзе інакш.
Мае думкі адносна вяртання змяняюцца з часам. Калі толькі прыехала, на 100% была ўпэўнена, што гэта часовая перадышка, што вярнуся, і ўсё будзе, як раней.
Але чым далей, тым больш сумняваюся, што вярнуся. Песімістычна гляджу на тое, што адбываецца ў Беларусі. Баюся, што ўсё тое, што адбываецца зараз, надоўга. Калі ўсё зменіцца, ці захачу я пачынаць усё нанова, калі тут жыццё наладзіцца больш-менш?
Першыя гады ў Беларусі будуць складаныя, ці захачу кідацца ў барацьбу, ці будзе такая стомленасць, як зараз? Шчыра не ведаю. Не ведаю, ці вярнуся жыць, але вельмі хачу хоць бы проста наведаць Беларусь. Я працягваю жыць беларускімі навінамі, працягваю працаваць з беларускімі тэмамі, але ці будзе гэты пераезд у Беларусь праз Х гадоў, не ведаю.
Які выбар не зробіш, пра яго будзеш шкадаваць. Цяжка і страшна заставацца ў Беларусі і таксама цяжка і страшна пакідаць яе. У любым выпадку, калі з’язджаеш, застаецца пачуццё віны і сораму.
Я б раіла думаць пра сябе і сваю сям’ю і свае прынцыпы. Знайсці найменш балючае рашэнне, у любым выпадку яно будзе балючым. Нi ад чаго не заракацца, на ўсё мець план Б. Я не бачу аніводнага прызнаку, што бліжэйшы час будзе лепш. Заклікаю глядзець праўдзе ў вочы, не думаць, што неяк вырашыцца ўсё. Не трэба бегчы ад рашэнняў. Заставацца — гэта таксама рашэнне. Трэба разумець наступствы кожнага выбару.
Добро пожаловать в реальность!