Раніцай 25 сакавіка 1918 года пасля 12-гадзінных спрэчак сябры Рады Беларускай Народнай Рэспублікі абвясцілі яе незалежнасць і прынялі Устаўную грамату. Сёлета гэтую дату беларусы адзначаюць з размахам. Як праходзіць святкаванне і што адбываецца на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы, глядзіце ў нашым рэпартажы.
Святкаванні стартавалі яшчэ ўчора. У Кіеўскім скверы прайшоў святочны канцэрт, у якім прымалі ўдзел Зміцер Вайцюшкевіч, Андрусь Такінданг, Сяргей Чарняк, Яўгенія Казлова і іншыя. Таксама ўчора Лявон Вольскі даў бясплатны канцэрт у клубе «Бруге», трэба было толькі зарэгістравацца. Пяцьсот квіткоў разабралі менш чым за гадзіну.
Галоўнае святкаванне даты афіцыйна стартавала ў 14:00. Мерапрыемства дазволенае. На пляцоўку можна праносіць афіцыйную сімволіку свята. Супрацоўнікі міліцыі будуць правяраць усіх удзельнікаў на ўваходзе, як гэта звычайна робіцца падчас масавых мерапрыемстваў. Таму арганізатары раяць уважліва азнаёміцца са спісам таго, што забаронена праносіць.


З 13:00 на пляцоўку каля Опернага тэатра сталі падцягвацца людзі. Перад уваходам яны праходзяць надгляд. Сцягі і іншую сімволіку свята праносіць дазволена. Шмат хто прыходзіць з дзецьмі, нават з немаўлятамі. Многія апрануты ў аўтэнтычныя вышыванкі.
На галоўнай пляцоўцы стартавала ўрачыстая частка. На сцэну выйшлі прадстаўнікі Свабоднага тэатра. Усе разам праспявалі гімн БНР «Мы выйдзем шчыльнымі радамі».
На сцэне зачыталі 3-ю Устаўную грамату і аб’явілі незалежнасць БНР.


У 14:00 афіцыйнае святкаванне адкрые народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка і беларускі паэт і празаік Усевалад Сцебурака. Яны зачытаюць 3-ю Устаўную грамату БНР, пасля чаго афіцыйна беларусаў са святам павіншуюць вядомыя асобы краіны.


З 15:00 да 18:50 на сцэне выступяць Akute, РСП, Юрый Стыльскі (гурт «Дай Дарогу!»), Nizkiz, Ігар Варашкевіч (гурт «Крама»), Dzieciuki, Кася Камоцкая (гурт «Новае Неба»), Пётр Клюеў (гурт «ЛСП»), Павел Аракелян і Адэля Вольская, якая выканае песні бацькі. Акрамя таго, арганізатары абяцаюць шмат розыгрышаў, гульняў і актыўнасцей.
Пад канец святкавання, з 18:50 да 19:00, удзельнікі мерапрыемства праспяваюць гімн «Мы выйдзем шчыльнымі радамі».
На працягу ўсяго мерапрыемства будуць працаваць чатыры тэматычныя пляцоўкі: «Вуліца БНР», «Кірмаш БНР», «Дзеткі БНР» і «Ежа БНР». Тут можна будзе не толькі паўдзельнічаць у конкурсах, атрымаць сувеніры і падарункі ў нацыянальным стылі, але і скласці гравітацыйны пазл «БНР 100», самастойна выкаваць сувенірную манету, прайсці разнастайныя квэсты і гэтак далей. Больш падрабязны расклад па пляцоўках і схему іх размяшчэння глядзіце па спасылцы.
Нагадаем, канцэрт каля Опернага тэатра праводзіцца з дазволу ўладаў горада. Сёння ж у Мінску планавалася правесці шэсце ад плошчы Якуба Коласа. Акцыя не была санкцыянавана Мінгарвыканкамам. З ранку ў цэнтры сталіцы назіралася канцэнтрацыя спецыяльнай міліцэйскай тэхнікі. Яшчэ да пачатку мерапрыемства пачаліся затрыманні. Як паведамляюць праваабаронцы, затрымана не менш за 30 чалавек. Супрацоўнікі ў форме казалі, што ў людзей «проверяют документы».


Добро пожаловать в реальность!