Чарговы скандал, у якім фігуруе Ленінскае РУУС Мінска.
Абвінавачаны ў крадзяжы і падпале Павел Плакса заявіў на слуханні сваёй справы ў Ленінскім судзе сталіцы, што прызнанне віны ў яго проста выбілі. Аднак суддзя, які разглядаў справу, не прыняў заявы, кажучы, што абвінавачаны, як пазначана ў пратаколе, добраахвотна і без прымусу прызнаў сваю віну.
Паўла Плаксу затрымалі сёлета 30 мая. У Ленінскім РУУС следчыя не толькі збівалі яго, але аказвалі псіхалагічны ціск, пагражаючы родным і блізкім. Пасля ажно трох дзён катаванняў і збівання ён вымушаны быў падпісаць паперы, за што і трапіў на лаву падсудных.
Прычым наўпроставыя доказы віны Плаксы адсутнічаюць. Мужчына быў затрыманы толькі на падставе меркавання, што ён мог быць непадалёк месца злачынства. Праваабаронца Андрэй Бандарэнка падкрэсліў, што некаторыя доказы ў гэтай справе міліцыянты знаходзілі толькі тады, калі сам Павел Плакса ўжо быў арыштаваны.
Паводле маці падсуднага Жульеты Парцянко, міліцыянты прымянялі «нялюдскія» метады, нацягвалі Паўлу мяшок на галаву і збівалі што сілы, клалі хлопца на жывот і скакалі на спіну і г.д. Родныя Плаксы паведамілі, што Павел неаднаразова губляў прытомнасць у Ленінскім РУУС. Тры разы яму давялося выклікаць хуткую дапамогу. Звесткі пра збіццё ўскосна пацвердзілі і медыкі. Яны зафіксавалі пабоі на ўсім целе, у хлопца не функцыянавала рука, ён з цяжкасцю мог рухацца.
Скаргі на катаванні і здзек у Ленінскім РУУС ува ўсе магчымыя інстанцыі накіраваў як сам абвінавачаны, так і ягоныя сваякі. Пакуль ніхто з іх не можа знайсці справядлівасці, бо з усіх установаў ім адпісваюць, што скарга накіраваная ў той жа Ленінскі РУУС, працаўнікі якога і збівалі Плаксу.
Нагадаем, што на збіццё міліцыянерамі з Ленінскага РУУС скардзіўся таксама вартаўнік Васіль Сарочык, з якога праваахоўнікі хацелі выбіць прызнанне ў крадзяжы.
Добро пожаловать в реальность!