22 красавіка пайшла з жыцця жанчына, якая не дажыла да свайго дзевяностагоддзя ўсяго некалькі дзён. Безумоўна, сама па сабе страта чалавека, які перажыў і бальшавіцкую калектывізацыю трыццатых гадоў мінулага стагоддзя, і сталінскі тэрор, і фашысцкую акупацыю, і цяжкія пасляваенныя гады, і перыяд нацыянальнага адраджэння, і новыя змрочныя часы аўтарытарнай улады ўжо незалежнай Беларусі трагічна. Але важна і тое, што жанчына гэтая – маці выбітнага сына Беларусі Зянона Пазьняка Ганна.
Падчас развітання з Ганнай Яўхімаўнай, якое праходзіла ў Мінску 23 красавіка, каррэспандэнт Euramost паразмаўляў з бліжэйшым паплечнікам Зянона Пазьняка, намеснікам старшыні КХП-БНФ Юрасём БЕЛЕНЬКІМ.
— Дзе вырашана пахаваць Ганну Яўхімаўну?
— Пахаваюць яе на радзіме, у Суботніках, побач з маці Ганны Яўхімаўны – такая была воля памерлай. І я думаю, што гэта правільна: там, дзе родныя карані, там, дзе прайшла большая частка жыцця, там, дзе пахаваныя родныя – там лагічна закончыць і свой зямны шлях.
— А дзе апошнія гады жыла спадарыня Ганна?
— Яна жыла ў Мінску. Але пакуль была яшчэ больш-менш здаровая, то мы разам з ёй летам ездзілі ў Суботнікі. А крыху раней яна туды з’язжала на ўсё лета. Для яе быць у роднай хаце, у родных мясцінах было сапраўдным шчасцем. Яна там проста аджывала, натхнялася. Але пасля таго, як у яе здарыўся інсульт, яна не магла там адна знаходзіцца і таму жыла ў Мінску. Ёй дапамагалі сябры партыі – дашлядалі, набывалі прадукты. Розум у яе быў ясны да канца жыцця. Увогуле, яна вяла здаровы лад жыцця і была вельмі веруючым чалавекам. Да ўсяго – вельмі незласлівая. Часам, наслухаўшыся лукашэнкаўскай прапаганды, ёй маглі, пазнаўшы ў краме, сказаць што-небудзь непрыемнае наконт сына, але яна не злавалася на гэтых людзей. І мяне заўжды гэта здзіўляла. Не злавалася і не асуджала. Казала: “Проста гэтыя людзі не разумеюць таго, што адбываецца. Можа, у іх проста на гэта разуменне розуму не хапае”. Яна ставілася да такіх людзей, як дарослы да дзіцяці. І гэта вельмі моцна ўражвала. Як уражваў і той спакой, з якім яна распавядала пра тыя жахі, якія ёй давялося перажыць падчас вайны.
— А як яна перажывала растанне з сынам?
— Канешне – вельмі сумавала па сыне. Галоўнай тэмай у яе аповядах быў сын. Калі яна яшчэ магла едзіць, то наведвала яго ў Варшаве, а калі стала зусім слабой і такія паездкі сталі немагчымыя, то патсаянна вяла з ім тэлефонныя размовы.
— А пераехаць да яго жыць не хацела?
— Не, яна хацела тут быць. Да ўсяго, у яе было спадзяванне, што ён вернецца на родную зямлю. Тым больш, што яна добра ведала, наколькі Зянон любіць сваю зямлю, любіць Беларусь, любіць сваю малую радзіму – Суботнікі. Яна абсалютна ясна і адэкватна разумела сітуацыю, але, ведаючы душу Зянона, марыла, каб ён змог сюды прыехаць. Марыла, што зменяцца часу, сітуацыя ў краіне і ён вернецца і будзе разам з ёй. Нажаль, дачакацца здзяйснення сваіх мар ёй не давялося...
Добро пожаловать в реальность!