Дзень Волі адзначалі ў розных гарадах Беларусі.
У Гомелі ў цэнтры горада грамадскія актывісты вывесілі нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг — на сцяне з надпісам ШОС.
Адзін з актывістаў апавёў, што зроблена гэта на знак салідарнасці з віцебскім палітвязнем Сяргеем Каваленкам, якога ўлады пасадзілі ў турму за бел-чырвона-белы сцяг.
У Горках актывісты апазыцыі павіншавалі жыхароў райцэнтру зь Днём волі. Паштоўкі з Пагоняй і віншавальным тэкстам яны раздавалі на мясцовым рынку. Інцыдэнтаў зь міліцыяй не было. У суботу такімі ж паштоўкамі актывісты віншавалі студэнтаў сельскагаспадарчай акадэміі.
У Віцебску ана пляцоўцы каля Ўваскрасенскай царквы сабраліся грамадзяне, каб ускласьці кветкі да мэмарыянай дошкі Васіля Быкава і помніка Ўладзімеру Караткевічу. Паўсюль дзяжурылі міліцыянты.
У Слуцку тутэйшыя масты, агароджы, а таксама дрэвы й нават вулічныя кветнікі ўпрыгожаныя яркімі бел-чырвона-белымі сьцяжкамі. Па рэчышчы Случы ў межах гораду гойдаюцца на хвалях невялікія караблікі, якія таксама ўпрыгожаныя нацыянальнымі сымбалямі БНР. Пра гэта «Свабодзе» паведаміла слуцкая дэмакратычная актывістка Зінаіда Цімошчык.
Актывісты ТБМ і партыі БНФ зь Ліды і Бярозаўкі ўсклалі кветкі да магілаў дзеячаў Беларускай незалежніцкай партыі. Усяго на лідзкіх могілках шэсьць такіх пахаваньняў. Затым ушанавалі магілу генэрала Кіпрыяна Кандратовіча, міністра ўраду БНР, якая знаходзіцца ў Воранаве. На яго магіле ўсклалі вянок і запалілі зьнічы.
Слонімскія актывісты адзначылі Дзень Волі ўшанаваньнем памяці паўстанцаў на могілках у вёсцы Парэчча. Да крыжа ў гонар Міхала Валовіча і 12 паўстанцаў сёньня ўсклалі вянкі зь бел-чырвона-белымі кветкамі і правялі кароткі мітынг, узгадаўшы пра тых, хто загінуў за незалежнасьць Беларусі. На мітынг сабралася каля 30 чалавек. Увесь час падзею здымалі на камэру людзі ў цывільным.

Добро пожаловать в реальность!