Чым выклікана чахарда ў графіку вышэйшых дзяржаўных візітаў паміж Беларуссю і Расіяй: то нечаканыя паведамленні аб паездцы Пуціна ў Гродна, то гэтак жа нечаканае і не планаванае раней трохдзённае турнэ Лукашэнкі ў Завідава і Санкт-Пецярбург, потым адмена наведвання Пуціным форуму рэгіёнаў у Беларусі?
На гэтыя і другія пытанні EX-PRESS.BY адказвае палітолаг, экспэрт Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч.
– Наколькі я разумею, у дадзеным выпадку гэта ініцыятыва расійскага боку – выклікаць Лукашэнку і адмовіцца ад паездкі ў Гродна. А Лукашэнка хутчэй спрабуе падстроіцца пад жаданні Пуціна, дэманструючы гэтым быццам бы раўнапраўны кантакт.
– Лукашэнка не аднойчы заяўляў аб тым, што «не дай бог нам уляпацца ў гэтую вайну». У той жа час яго просьба да Пуціна аб прадастаўленні магчымасці люстранога адказу на дзеянні авіяцыі краін НАТА, якая лятае ўздоўж межаў Беларусі з ядзернай зброяй на борце, а таксама згода на размяшчэнне ў Беларусі комплексаў «Іскандэр-М» нясе ў сабе каласальную пагрозу эскалацыі шматбаковага канфлікту. Чым можна растлумачыць супярэчлівыя паводзіны беларускага дыктатара?
– Лукашэнка хоча дэманстраваць актыўнасць, здольнасць кантраляваць сітуацыю і здольнасць выступаць з пазіцыі сілы, але зважаючы на той стан, у якім ён апынуўся – ізаляцыя і вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва толькі з Расійскай Федэрацыяй, – рэалізаваць гэта немагчыма. З іншага боку, Расія зацікаўлена ў тым, каб падтрымліваць пэўны ўзровень напружанасці каля межаў Беларусі і адпаведна гэта ўкладаецца ў жаданні як аднаго боку, так і другога.
Зыходзячы з гэтага мы маем на ўкраінскім і на заходнім накірунку стварэнні кропак напружання без залішніх, або завялікіх капіталаўкладанняў з боку Расійскай Федэрацыі. Гэта тое, што па-расійску называецца «дешево и сердито». Як, напрыклад, было заяўлена пра самалёты, што старыя беларускія «сушкі» будуць мадэрнізаваць у Расіі, хаця праграма мадэрнізацыі ёсць на 558 авіярамонтным заводзе ў Беларусі. Але Беларусь будзе плаціць за мадэрнізацыю Расійскай Федэрацыі. Тое ж самае па «Іскандэрах», тут пытанне не ў тым, каб перадаць, але я сумняюся, што яны будуць перададзены бясплатна. У найлепшым выпадку для Беларусі гэта будзе аформлена як вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва ў межах бюджэту саюзнай дзяржавы, хаця там грошы не вялікія, і фактычна гэта пойдзе ў залік у той жа самы бюджэт Расіі.
Разам з тым, наяўнасць у Беларусі «Іскандэраў» з расійскімі экіпажамі гэта дадатковая кропка напружання на ўкраінскім накірунку. Гэта прымушае Украіну трымаць і сілы супрацьпаветранай абароны, і звычайныя войскі каля мяжы, абмяжоўваючы магчымасць залучаць у аперацыю на ўсходзе дадатковыя рэзервы.
– Відавочна, што Крэмль зацікаўлены ў падтрымцы сваіх дзеянняў ва Украіне з боку найбліжэйшых саюзнікаў, членаў АДКБ. У той жа час усе яны, акрамя Беларусі, дыстанцыяваліся ад Расіі, не жадаючы прымаць удзел у вайне. Далей за ўсіх у палітыцы супрацьдзеяння Пуціну пайшоў новы лідар Казахстана Такаеў, пры гэтым ён абапіраецца не на Захад, а на Кітай і Турцыю. Безаглядная падтрымка Лукашэнкі агрэсіўнай палітыкі Крамля – гэта ад безвыходнасці і немагчымасці прымяніць такую ж стратэгію, якой карыстаецца Казахстан, ці свядомы геапалітычны выбар?
– У дадзеным выпадку ў Лукашэнкі магчымасцяў для манеўру вельмі мала. Ён сам сябе загнаў у пастку і ён сам добраахвотна ўступіў на гэтую спіраль эскалацыі разам з Расіяй. Плюс прысутнасць Расійскай Федэрацыі ў Беларусі значна большая, чым у Казахстане, яна ўзмацнілася пасля 2020 году.
– Кітай паставіў на паўзу праграмы супрацоўніцтва з Масквой, якія датычная змены тэхналагічнай базы Расійскай Федэрацыі. Ён з задавальненнем купляе сыравіну, але не прадае тэхналагічную прадукцыю і не робіць новыя інвестыцыі ў Расійскую Федэрацыю ў тэхналагічнай сферы. Паколькі Беларусь з пачатку агрэсіі была ў адной звязцы з Расіяй, то натуральна, што на такую ж самую паўзу патрапілі і кітайскія праекты ўнутры Беларусі. Таму як бы нашы чыноўнікі зараз не гаварылі пра кітайскі вектар, але да заканчэння вайны ва Украіне гэты кітайскі вектар па вялікім рахунку расці не будзе. Гэта азначае, што новых праектаў, новых нейкіх накірункаў супрацоўніцтва чакаць не выпадае. Яшчэ раз: да моманту заканчэння вайны ва Украіне. Таму што Кітай вядзе сваю палітыку і для яго выгадна аслабленне Расіі ў тым ліку ў тых краінах, якія яна лічыць сваёй уласнай перыферыяй.
Пытанне Сярэдняй Азіі як раз наспявала і мусіла выйсці, таму тут варта ўзгадаць значна больш паспяховы за казахскі прыклад Узбекістану, які незаўважна і хутка выслізнуў з абдымкаў Расійскай Федэрацыі і тое, што зараз Кітай робіць у Кыргызтане. Таму ў постсавецкай прасторы Сярэдняя Азія на бліжэйшы год для Кітая прыярытэт, і зыходзячы з гэтага туды будуць скіраваныя асноўныя дыпламатычныя і фінансавыя рэсурсы. Па супрацоўніцтву з Расіі гэта ўсё залежыць ад таго, як скончыцца вайна ва Украіне, а што тычыцца Беларусі – тым больш.
Добро пожаловать в реальность!