«Сутыкнулася сёння з праблемай заказу прадуктаў харчавання на дом. Мы, як паслухмяныя пенсіянеры, сядзім у хаце і карыстаемся дабротамі цывілізацыі ў выглядзе паслуг інтэрнет-крам», — напicала ў «Фэйсбуку» пенсiянерка з Барысава Алла Станкевіч.
— Адзіная крама, якая мае ў каталогу ўсе малочныя вырабы і каўбасы (пенсіянерская ежа), — Е-дастаўка!
Тыдзень таму заказала без яўных праблем, а ўчора высветлілася, што (даслоўна) «Доступное время отсутствует». Дадатковая інфармацыя растлумачыла, што заказ можна аформіць толькі ў 10 раніцы. Добра, нясуся ў гэты час да кампутара — на сайце нейкая чорная старонка і аж да... 10.55. А далей — «Доступное время отсутствует».
Зразумела — цяжкі стан, усе кінуліся набываць ежу праз сеціва. Зразумела, каб не адна маленькая драбяза — тут жа прапануюць зрабіць «экспресс-заказ за 8 руб». На любы зручны для вас час! Прывет, пенсіянеры!
Вось сяджу ў роздуме, а не танней будзе паслаць у краму са спіскам нашага «хатняга дапаможніка» — аматара ціхіх алкагольных радасцей. І абыдзецца мне гэта рубля ў тры...
Добро пожаловать в реальность!