Мікіта Семяненка з’яўляецца старшынём Рады Моладзі Руху «За свабоду», выпускніком Торуньскага ўніверсітэта Мікалая Каперніка (Польшча). Падчас навучання яму давялося вучыцца ў Гішпаніі, пасля вяртання ў Беларусь ён заснаваў выязную салатную лаўку «Fresh Royal».
EX-PRESS.BY падрыхтаваў топ-10 цытат актывіста і бізнесмена Мікіты Семяненкі пра навучання за мяжой, Польшчу, Гішпанію, бізнес і Беларусь.

1. Да вас прыехаў на электрычцы «Мінск-Барысаў». Я даўно не ездзіў у электрычцы. Мяне здзівіла, што людзі не сядзяць паасобку, а падсаджваюцца да кагосьці, пачынаюць размаўляць, гуляюць у карты.
2. У Польшчы не вельмі любяць чырвоны колер. Ёсць нават жартаўлівая прымаўка «Бі трамвай, бо чырвоны». Лічыцца, што чырвоны — колер камуністаў. Таму ў некаторых людзей адразу выклікаюцца агрэсія і асацыяцыя з Савецкім Саюзам.
3. Палякі не ведаюць, частка беларусаў атрымлівае карту паляка дзеля візы, каб паліва вазіць, атрымаць зніжкі на праезд, ці паступіць ва ўніверсітэт. Яны здзіўляюцца, калі аказваецца, што па-польску амаль ніхто не размаўляе, бо думаюць, што ў Менску і на захадзе краіны шмат польскамоўных.

4. У Польшчы складана адлічыцца з універсітэта. Там ёсць шмат заяваў, з якімі ты можаш звярнуцца да дэкана, калі займаешся грамадскім актывізмам ці ў цябе ёсць асабістыя прычыны прапусціць заняткі. Таму часам людзі вучацца па 10-15 гадоў і не могуць скончыць. Я амаль два гады рыхтаваўся абараняць дыплом. Калі ніхто не падганяе, то навошта спяшацца.
5. У Польшчы людзі больш прадпрымальніцкія і капіталістычныя, у Гішпаніі (магчыма, звязана з кліматам) людзі больш левых і сацыялістычных поглядаў. Яны хочуць бясплатную адукацыю, бясплатную медыцыну, каб льготы былі. Гішпанскія студэнты і інтэлегенцыя хочуць паўтарэння 1917 года. У іх рамантычнае ўспрыманне сацыялістычнай рэвалюцыі, яны не бачылі яе на ўласныя вочы, толькі кіно глядзелі і кнігі чыталі. Там шмат людзей, якія выходзяць на вуліцы з чырвонымі сцягамі. У Польшчы, наадварот, пакрыўджаны на камуністаў.
6. Калі ў мяне энергія заканчваецца і хочацца, каб ніхто галаву не дурыў, мне становіцца ў Беларусі камфортна. Ніхто не лезе да цябе. Кожны сам за сябе. Увесь свет пачакае — такія беларусы ў асноўным.
7. Трэба спачатку дапамагчы сабе, а пасля ўжо іншым. Не наадварот.

8. У іншых краінах не разумеюць, чаму ў беларусаў ёсць свая мова, але яны карыстаюцца іншай. Бывала, беларусаў просяць нешта сказаць па-беларуску, а яны не могуць, бо не ведаюць.
9. Цікава было, калі палякі мяне прасілі перакласці словы на беларускую, атрымоўвалася, што ў польскай мове, як і ў беларускай, «два» гучыць, як «два», «капялюш», як «капялюш». Некаторыя словы супадаюць.
10. Калі вучыць замежныя мовы, то лепей пачынаць вучыць польскую, потым чэшскую, пасля нямецкую. Там шмат словаў супадае. Ты вучыш мову і разумееш, што ўжо ведаеш яе на 20 %, ёсць падобныя словы, выказванні, афарызмы, прыслоўі, жарты.
Прыходзьце на курсы сучаснай беларускай мовы «Мова нанова» кожную сераду а 19.00.
Добро пожаловать в реальность!