У сераду, 17 красавіка, а 19:00 у Ірландскім пабе на курсах «Мова нанова» адбудзецца сустрэча з лідарам музычнай групоўкі «LEIBONIK» Сяргеям Башлыкевічам.
Напярэдадні творчай сустрэчы музыка распавёў EX-PRESS.BY, што чакае барысаўчан:
— Адмыслова для першага знаёмства з барысаўскімі слухачамі на «Мова нанова» рыхтую праграму-дайджэст са сваіх лепшых песен. Будуць і сур'ёзныя калягістарычныя балады, і рамантычныя песні, і самыя шалёныя прадстаўнікі прыдуркаватага цыклу прыпевак пра бараду, космас ды піва.
— Якiя сюрпрызы, магчыма, ты рыхтуеш?
— Асноўны сюрпрыз: менавіта на барысаўскай «Мова нанова» буду выступаць не адзін, а ў дуэце з фольк-спявачкай Ганнай Рэзнік, што апошнім часам вялікая рэдкасць. А наогул большая частка сюрпрызаў звычайна нараджаецца якраз падчас выступу ў размове са слухачамі — так што варта прыходзіць з сябрамі і рыхтаваць цікавыя пытанні.
Дарэчы, Сяргей дагэтуль бываў у Барысаве выключна праездам, таму з задавальненнем нарэшце гатовы пазнаёміцца бліжэй з горадам і яго жыхарамі.
Добро пожаловать в реальность!