У сераду, 20 лютага, у Барысаў на курсы беларускай мовы «Мова нанова» завітаў Алесь Мазанік, беларускі прадпрымальнік, уладальнік крамы Імбрык.бай, стваральнік інтэлектуальнага квіза «Імбрыкі ды імбрычкі».
Чатыры каманды змагаліся за права быць самымі разумнымі, але перамога дасталася «Людзям на балоце», у склад якой ўваходзіла і галоўны арганізатар курсаў у нашым горадзе.

Цяпер наведвальнікі заняткаў добра ведаюць, дзе знаходзіцца самая высока тэлевежа ў Беларусі (Слонім, яе вышыня 375 метраў), у гонар якога расейскага класіка названа бібліятэка ў Берасце (Максім Горкі), хто такі Мікола Равенскі (кампазітар, які напісаў музыку на верш «Магутны Божа», пасля гэтага для беларускага эмігранцкага руху ён стаў сапраўдным рэлігійным гімнам), як пасадзіць па чатыры дрэвы ў пяць радкоў, калі маеш толькі 10 дрэваў (выкарыстаць пентаграму), якая беларуская банкнота была названа самай дасканалай і шмат іншых цікавых рэчаў (100 рублёў).


Пра тое, ці спадабалася гульня, EX-PRESS.BY распавялі наведвальнікі курсаў.
Зміцер, інжынер:
— Гульня спадабалася, цікава паглядзець на свае здольнасці. Толькі сталы трэба круглыя, каб усе чулі і ўдзельнічалі. Запомнілася пытанне пра банкноту: якая беларуская банкнота была намінавана на прэмию як самая дасканалая? Сёння ўспомніў, бо ў рукі трапілі 500 рублёў адной паперкай.
Галіна, арганізатар курсаў у Барысаве:
— Сустрэча спадабалася, цікавы вядучы і арыгінальныя пытанні. Наша каманда «Людзі на балоце» заняла першае месца. Спадабаліся відэа-пытанні і пытанні на логіку. У школе было дрэнна з матэматыкай, таму гульня падштурхнула ўзнавіць нешматлікія веды па прадмеце. Было цяжка вызначыць паэта па вершы.
Сяргей, музыка:
— Пытанні былі не з простых і мае мазгі нарэшце паварушыліся. Спадабалася гуляць, але больш за ўсё мне спадабаўся музычны тур.
Ганна, маладая маці:
— Усе пытанні былі вельмі цікавыя. З матэматыкай і паэзіяй было цяжка, але вось адказы на пытанні пра сучасную музыку я добра ведала. Добрая атмасфера, утульнасць і ўсмешкі — мне ўсё вельмі спадабалася. Загадзя віншавалі адзін аднаго з Днём роднай мовы, гэта неверагоднае адчуванне шчасця і радасці. Дзякуй арганізатарам за гульню!
Дарэчы, Барысаў стаў апошнім горадам, дзе прайшоў квіз «Імбрыкі ды імбрычкі».
Добро пожаловать в реальность!