Новости Борисова

Алег Мацкевіч: крымінальны пераслед фальсіфікатараў у цяперашні час малаверагодны

Новости Борисова ex-press.by
0
Вядомы барысаўскі праваабаронца, юрыст па адукацыі, Алег Мацкевіч у якасці аднаго з незалежных назіральнікаў прысутнічаў на працягу дзён галасавання на выбарчым участку №50 па Барысаўскай сельскай акрузе №63. Журналіст ex-Press.by папрасіў яго падзяліцца сваімі уражаннямі.

- Вы не першы раз удзельнічаеце ў якасці назіральніка на выбарах. Ці былі нейкія асаблівасці на апошніх?

- Да кожных выбараў у заканадаўстве адбываюцца пэўныя касметычныя змены. Так і на гэты раз: адмянілі дзяржаўнае фінансаванне перадвыбарнай агітацыі кандыдатаў, больш ліберальным стаў падыход да магчымасцяў весці выбарчую кампанію, невялікія змены ўнесены ў працэдуру вызначэння вынікаў выбараў і г. д. Галоўнай мэтай гэтых пераўтварэнняў, на маю думку, з’яўляецца стварэнне ілюзіі станоўчых змен у бок справядлівых і свабодных выбараў. Але гэта менавіта ілюзія.

- На Ваш погляд, парушэнні, якія вы зафіксавалі, цягнуць на артыкул Крымінальнага кодэкса?

- Як праваабаронца, я не маю права сваімі выказваннямі парушаць прынцып прэзумпцыі невінаватасці. Віну можна ўстанавіць толькі праз суд. Але тыя парушэнні, якія былі выяўлены незалежнымі назіральнікамі падчас гэтых выбарах, цягнуць, як мінімум, на ўвагу да некаторых асобаў з боку праваахоўных органаў. Калі ж быць шчырым, усе разумеюць, што крымінальны пераслед фальсіфікатараў у цяперашні час малаверагодны.

Прывяду некалькі прыкладаў грубейшых парушэнняў выбарчага заканадаўства, якія зафіксавалі назіральнікі на гэтых выбарах у Барысаве. Участак № 50 Барысаўскай сельскай выбарчай акругі 63 – падлік галасоў пачаўся адразу з ускрыцця скрыняў (замест падліку нескарыстаных бюлетэняў). Паасобны падлік па відах галасавання не праводзіўся. Старшыя камісіі і яго намесніца паводзілі сябе дзіўна: замест таго, каб кіраваць працэсам, яны ўвесь час то збягалі з памяшкання камісіі, то прыбягалі, і так амаль гадзіну. На сталах пасля спусташэння ўсіх скрыняў рабілася такое, што нават не хацелася і спрабаваць разабрацца, хто якія бюлетэні там лічыць. Пасля заканчэння падліку я патэлефанаваў у АВК Барысаўскай сельскай акругі і паскардзіўся на парушэнні. Паабяцалі скаргу разглядзець. На наступны дзень адбылося паседжанне АВК, але пра маю скаргу «забылі». І я іх цалкам разумею. Бо па выніках яе разгляду можна было б увогуле адмяніць вынікі выбараў па гэтым участку.

На ўчастку №28 Барысаўскай гарадской выбарчай акругі, дзе вялося неперарыўнае назіранне ад самага пачатку датэрміновага галасавання, у самыя апошнія гадзіны адбылася вельмі дзіўная рэч. У галасаванні на даму прынялі ўдзел 321 грамадзянін. Пры тым, што заяўка была аформлена спачатку на 86 чалавек, у нядзелю – яшчэ на 40. Але мабільныя групы з членаў камісіі здолелі павялічыць выніковую лічбу ледзь не ў тры разы. На пытанне абуранага назіральніка, чаму так адбылося, старшыня камісіі адказала, што члены камісіі мімаходам прапаноўвалі людзям галасаваць у пад’ездах. Нават калі паверыць у гэты фантастычны вынік працаздольнасці членаў камісіі, трэба заўважыць, што яны сваімі дзеяннямі груба парушылі выбарчае заканадаўства. Галасаванне адбываецца або ў памяшканнях для галасавання, або на даму (з заяўкі грамадзяніна). Галасавання ў пад’ездах Выбарчы кодэкс не прадугледжвае. Я ўжо не кажу аб тым, што ў пад’ездных умовах немагчыма забяспечыць таемнасць галасавання, свабоду волевыяўлення грамадзяніна, арганізаваць належным чынам праверку дакументаў выбаршчыка і г. д.




Фото пратакола з участку №28 Барысаўскай гарадской выбарчай акругі.

- Пра адкрыты падлік галасоў не гаварыў толькі лянівы. Ні на адным участку, дзе вялося незалежнае назіранне, ён не праводзіўся. Хаця па беларускім заканадаўстве гэта парушэннем не лічыцца. Але згодна з прынцыпам адкрытасці выбараў назіральнік павінны бачыць, за каго прагаласаваў КОЖНЫ бюлетэнь. А ў нас нават самі члены камісій не ведаюць змест кожнага бюлетэню. Бо ўсе яны лічаць толькі частку бюлетэняў, якую ім даюць. Нават у нашых суседзяў такога няма: у Расіі, Польшчы, краінах Балтыі, Украіне.

- Прадстаўнікі ўлады, калі ім кажуць пра непразрыстасць беларускіх выбараў, нярэдка спасылаюцца на тое, што ў краінах заходняй дэмакратыі маюцца свае хібы. Таксама ёсць і папярэдняе галасаванне, а недзе ўвогуле СМС-паведамленнямі галасуюць. У Злучаных Штатах увогуле няма прамога галасавання, прынамсі, на прэзідэнцкіх выбарах і гэтак далей. Ці мае рацыю такі пункт гледжання?

- Там, дзе гэтыя «хібы» існуюць, таксама існуе тое, што нам і не снілася: развітыя палітычныя і грамадскія інстытуцыі, моцная грамадзянская супольнасць, шырокі спектр недзяржаўных СМІ, адказная ўлада. Усё гэта стварае такія ўмовы кантролю над выбарчым працэсам, якія непараўнальна больш эфектыўныя за нашы. «Там» нават уявіць цяжка, каб камісіі ствараліся па прынцыпу лаяльнасці да ўлады, а назіральнікі прызначаліся па разнарадцы.

- Што трэба дзеля таго, каб выбары ў Беларусі адпавядалі патрабаванням празрыстасці?

- Патрэбная палітычная воля да гэтага, памкненне. І новыя людзі ў камісіях. Каб працаваць на выбарах, трэба мець чыстае сумленне, пачуцце ўласнага гонару і грамадзянскай адказнасці.
EX-PRESS.BY
Подпишитесь на канал ex-press.live в Telegram и будьте в курсе самых актуальных событий Борисова, Жодино, страны и мира.
Добро пожаловать в реальность!
Темы:
борисов
выборы
Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter