Аўтаркі перакладаў на рускую мову беларускіх класікаў не стала на 93-м годзе жыцця, піша Салідарнасць.
— Пакінула гэты сьвет мая мама, Сьвятлана Яўсеева. Велізарны талент, бескампрамісны характар, складаны лёс… Апошнім часам была вельмі слабая. Стэлефаноўваліся, пакуль гэта было магчыма. Да апошняга верыла, што мы вернемся і сустрэнемся зь ёй. Не атрымалася, — напісаў у фэйсбуку Лявон Вольскі.
Пахаванне Святланы Яўсеевай адбудзецца 10 студзеня. Развітацца з ёй можна а 13-й, у мінскай 9-й бальніцы (Сямашка, 8, корпус 8).
Святлана Георгіеўна Яўсеева нарадзілася 4 верасня 1932 года ў Ташкенце ў сям’і вайскоўца. Скончыла Ташкенцкі педагагічны інстытут і Літаратурны інстытут імя Горкага. У 1962 годзе выйшла замуж за беларускага пісьменніка Артура Вольскага і пераехала ў Мінск.
Была сябрам Саюза пісьменнікаў СССР, а таксама сябрам Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Расіі. Пісала па-расейску.
Першая яе кніга «Женщина под яблоней» выйшла ў 1962 годзе, нагадвае Радыё Свабода. Таксама яна аўтарка зборнікаў лірычных вершаў «Месяц» (1965), «Зову!» (1974), «Евроазия» (1979), «Последнее прощание» (1983), «Ищу человека» (1988).
Перакладала на расійскую мову вершы беларускіх паэтаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка, Анатоля Вярцінскага і іншых.
Добро пожаловать в реальность!