Дзяржава мае толькі 1,2 мільярда. Астатняе — пазыка ў камерцыйных банкаў. Увесь мінулы год лукашэнкаўцы, фактычна, фальшавалі статыстыку рэзерваў. Тры чвэрці золатавалютных рэзерваў Беларусі дзяржаве не належаць.
Пра гэта ў парыве шчырасці расказала на прэс-канферэнцыі 20 кастрычніка старшыня праўлення Нацбанка Надзея Ермакова. На 1 кастрычніка агульны памер золатавалютных рэзерваў складае $ 4,7 мільярда. Але
каля $ 3,5 мільярда з іх Нацбанк пазычыў у беларускіх камерцыйных банкаў.
Аддаваць давядзецца менавіта ў валюце. Вось толькі пакуль зусім няма чым.
За карыстанне валютай Нацбанк плаціць 0,5% гадавых, а банкі, якія часова атрымалі замест валюты трыльёны рублёў плацяць 4% гадавых.
Гэта пры тым, што бягучыя стаўкі на рублёвым міжбанкаўскім рынку складаюць 50–52%.
Лішне казаць, якія страты панёс Нацбанк ад такіх аперацый. «Трэба падлічыць», — сказала Ермакова. Між тым, паводле звестак на 1 верасня балансавыя страты Нацбанка ад аперацый своп (абмену) дасягнулі астранамічнай сумы 9 трыльёнаў рублёў.
Лукашэнкаўскае агенцтва БелТА у сваёй справаздачы з прэс-канферэнцыі кіраўнікоў Нацбанка выкінула інфармацыю пра гэтую заяву Ермакову, пра памер запазычанасці Нацбанка камерцыйным банкам, пакінуўшы абстрактнае для шырокага чытача: «Нацбанк прыняў рашэнне змяншаць сваю запазычанасць камерцыйным банкам Белапусі».
Калі Нацбанк не зможа вярнуць запазычанасць банкам, гэта можа прывесці да дэфолту некаторых з іх.
Гэтыя гіганцкія своп-аперацыі выкарыстоўваліся, па вялікім рахунку, для фальшавання статыстыкі. Каб у перадвыбарчы год не паказваць, як хутка агаляюцца дзяржаўныя рэзервы. На справе становішча патрабавала б рэзкай змены эканамічнай палітыкі і тэрміновай дэвальвацыі рубля. Аднак перад выбарамі Лукашэнка дэманстраваў «поспехі» сваёй эканамічнай мадэлі.
Нават паводле афіцыйнай статыстыкі, Беларусь мае найменшыя золатавалютныя рэзервы ў прапорцыі да ВУП ва ўсім рэгіёне. У рэальнасці сітуацыя, выходзіць, яшчэ горшая.
Цяпер стала ясна, чаму Беларусь была няздольна выплаціць нейкія 200 мільёнаў даляраў «Газпраму» ў мінулым ліпені. Іх проста не было.
Прызнанне Ермаковай азначае, што 2012–2013 гады будуць перыядам або выключна строгай эканоміі, або банкруцтва Рэспублікі Беларусь па сваіх абавязацельствам перад крэдыторамі.
Добро пожаловать в реальность!