Генеральны дырэктар МАЗа Аляксандр БАРОЎСКІ расказаў журналістам, у якой стадыі знаходзіцца магчымае стварэнне холдынгу Мінскага аўтамабільнага завода і КамАЗа. Паводле яго слоў, згодна з даручэннем кіраўніка дзяржавы, створаны камісіі і вызначана незалежная ацэначная кампанія, якая сёння праводзіць ацэнку МАЗа. Пры гэтым ён нагадаў, што таксама паступіла прапанова ад "Групы ГАЗ", у сувязі з чым створана працоўная група і ў гэтым напрамку. Вынікі працы па гэтых двух напрамках, як мяркуе гендырэктар МАЗа, павінны быць падведзены да канца года. Разам з тым Аляксандр Бароўскі выказаў і сваю асабістую думку на гэты конт:
— Я магу агучыць сваю новую пазіцыю, якую я ўжо агучваў ва ўрадзе. Я чалавек з Бабруйска, мяне навучылі там мудра мысліць: КамАЗ прапануе стварыць нам холдынг (мы аддаём туды 48%, і яны 48%), "Група ГАЗ" просіць прадаць 25% акцый. Ну дык калі мы — нявеста, і ёсць два жаніхі, то чаму не жыць з двума жаніхамі? Трэба стварыць і холдынг, і 25% прадаць "Групе ГАЗ", — прапанаваў ён, але дадаў, што ўсё роўна 100% акцый МАЗа зараз належаць дзяржаве, і таму толькі яна можа вырашаць, у які бок трэба рухацца.
Дарэчы, па словах генеральнага дырэктара МАЗа, прадпрыемства сем месяцаў 2011 года адпрацавала досыць паспяхова: аб'ёмы таварнай прадукцыі склалі 160,8%, а экспарт — 220%. Прычым, калі глядзець на працу Мінскага аўтамабільнага завода за апошнія 1,5 года, то экспарт павялічыўся ажно ў 5 разоў:
— Мы за 1,5 года павялічылі экспарт на 500%, і я не баюся гэтай лічбы. Гэта тое, што трэба сёння краіне — валюта, — адзначыў Аляксандр Бароўскі.
Рэнтабельнасць на МАЗе складае больш за 20%, сярэдняя зарплата — больш за 3 мільёны. Няма праблем і з рэалізацыяй прадукцыі: запасы гатовай прадукцыі ніжэй за норму, а на некаторыя мадэлі існуюць чэргі з пакупнікоў.
Пры гэтым на заводзе, як адзначыў гендырэктар, асаблівую ўвагу надаюць распрацоўцы новых мадэляў. Аляксандр Бароўскі паабяцаў, што прэзентаваны капотны грузавік (пра яго мы пісалі ў мінулым нумары — Аўт.) не апошняя навінка ў бліжэйшы час. У першым квартале наступнага года будзе створаны яшчэ адна версія "капотніка" — міжнародная з вялікім спальнікам. Таксама ў наступным годзе будзе прэзентавана і яшчэ адна версія МАЗаўскага грузавіка — ужо традыцыйная "бескапотная", але таксама з вялікім спальнікам. А ўжо ў кастрычніку 2011 года на Магілёўтрансмашы пачнецца выпуск невялічкіх грузавікоў і мікрааўтобусаў, якія былі прэзентаваны ў канцы мінулага года. Дарэчы, Аляксандр Бароўскі лічыць вельмі перспектыўным выпуск мікрааўтобусаў у Беларусі:
— Гэта не кітайская мадэль, а японская. Разумееце, нам стварыць мікрааўтобус вельмі нявыгадна эканамічна. Я праехаў Еўропу, я хацеў стварыць мікрааўтобус накшталт "Мерседэса", "Фальксвагена". Ведаеце цэны? 30-35 тысяч долараў атрымліваецца. Хто яе купіць у мяне? Тады пайшлі ў іншы бок, пачалі працаваць праз іспанцаў, і мы знайшлі тую цану, якая нас задаволіла. Я пакуль не магу гэтую цану назваць, але яна будзе даступная для любога нармальнага чалавека. Асабліва калі ўлічваць сённяшнія мытныя пошліны, — сказаў гендырэктар МАЗа і запэўніў журналістаў, што якасць гэтых мікрааўтобусаў будзе нармальная.
Расказаў таксама Аляксандр Бароўскі і пра супрацоўніцтва з Мінскім маторным заводам. У прыватнасці, МАЗ імкнецца да таго, каб займець усю лінейку рухавікоў для сваёй тэхнікі беларускай вытворчасці:
— Сёння ўрад просіць і патрабуе ад нас, каб мы болей бралі беларускае і меней трацілі валюты. І мы б хацелі мець свой беларускі рухавік. Гэта мая задача №1 — каб мы ўсю лінейку рухавікоў не ў Яраслаўлі куплялі, не Сummіns, а тут, у Беларусі. Гэта за адзін год не зробіш, гэта задача пяцігодкі. Чаго раней мы да гэтай мэты не падыходзілі? Бо вазьміце любы аўтамабільны завод — ён мае свой рухавік, а то і каробку: КамАЗ, "Мерседэс". А мы пакуль толькі маем маленькі рухавік свой, але нам патрэбны і сярэднія рухавікі, і цяжкія. І трэба думаць наконт выпуску сваёй каробкі, — сказаў ён.
Павел БЕРАСНЕЎ.
Подпишитесь на
канал ex-press.live
в Telegram и будьте в курсе самых актуальных событий Борисова, Жодино, страны и мира.
Добро пожаловать в реальность!
Добро пожаловать в реальность!
Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите
Ctrl+Enter