У мінулы аўторак, 2 лютага, у Барысаўскім раённым судзе пачаўся грамадзянскі судовы працэс па пазову жыхара Брэста Сяргея Бахуна. Адказчыкам выступае намеснік начальніка Барысаўскага РУУС, начальнік міліцыі грамадскай бяспекі падпалкоўнік Вячаслаў Паўлавец.
26 жніўня 2014 года футбольны клуб БАТЭ трыумфальна разграміў браціслаўскі «Слован» на «Барысаў-Арэне» з лікам 3:0. Першы гол барысаўчане забілі ў канцы першага тайма, астатнія - ў другім. Сяргей Бахун, які прыехаў падтрымаць любімую каманду, убычыў толькі апошні гол. Бо на дваццатай хвіліне матчу Лігі чэмпіёнаў міліцыянты, якія прысутнічалі на стадыёне, вывелі яго з трыбуны і каля 50 хвілін пратрымалі ў пакоі міліцыі.
Падставай для такіх дзеянняў праваахоўнікаў паслужыў шалік з выявай гістарычнага герба «Пагоня», які быў на шыі у заўзятара. Прынамсі, менавіта такую прычыну, па словах Сяргея Бахуна, агучыў Вячаслаў Паўлавец, у той час яшчэ маёр, які правёў «прафілактычную» гутарку з затрыманым.
Ініцыятар судовага пазову да намесніка начальніка Барысаўскага РУУС адказаў на пытанні ex-Press.by.
- Прайшло паўтары гады пасля падзей, чаму судовы працэс пачаўся толькі цяпер?
- Больш за год я ліставаўся з кіраўніцтвам Барысаўскага РУУС, раённым пракурорам, упраўленнем унутраных спраў Мінскага аблвыканкама, абласной пракуратурай, спрабуючы дамагчыся ацэнкі неправамерных, на мой погляд, дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі. Аднак у адказах з усіх інстанцый сцвярджалася, што ніякіх парушэнняў закону з боку барысаўскіх праваахоўнікаў не ўстаноўлена. У рэшце рэшт, пасля таго, як міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч публічна прызнаў, што «Пагоня» не з'яўляецца забароненай сімволікай, я вырашыў звярнуцца ў суд. Наняў адваката, ён падрыхтаваў пазоў, які прынялі да разгляду.
- Паслугі адваката каштуюць нятанна, акрамя таго вы выдаткавалі шмат часу і нерваў на перапіску з дзяржорганамі. Чаго вы хочаце дамагчыся ад Паўлаўца? Матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды ў грашовай форме?
- Зусім не. Галоўная і адзіная мая мэта - атрымаць прабачэнні ў пісьмовай форме за неправамерныя дзеянні барысаўскіх міліцыянтаў. Стварыць прэцэдэнт. Гэта ўсё.
- Мяркуючы па публікацыях у сродках масавай інфармацыі, нашы суды ў падобных выпадках часцей за ўсё становяцца на бок міліцыі. Вы спадзяваецеся на выйгрыш?
- Шчыра кажучы, пэўныя сумненні, вядома, ёсць. Аднак паколькі суд у нас галосны, разгляд гэтай справы атрымае і ўжо атрымаў грамадскі розгалас. Думаю, у любым выпадку, пасля гэтага працэсу міліцыянты, у тым ліку і барысаўскія, перастануць неадэкватна рэагаваць на гістарычную нацыянальную беларускую сімволіку.
Падпалкоўнік Вячаслаў Паўлавец на першае судовае паседжанне не з'явіўся, патлумачыўшы гэта тым, што праходзіць навучанне. Суддзя Аляксандр Шутко прызначыў другое паседжанне на 19 лютага.
Подпишитесь на
канал ex-press.live
в Telegram и будьте в курсе самых актуальных событий Борисова, Жодино, страны и мира.
Добро пожаловать в реальность!
Добро пожаловать в реальность!
Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите
Ctrl+Enter