Анатоль Лябедзька ў каментары «Салідарнасці» — пра сэнс паездак Лукашэнкі ў арабскія краіны.
Больш як чацвёра сутак Аляксандр Лукашэнка правёў у Амане з працоўным візітам. На першы погляд, гэтая паездка выглядае досыць дзіўна, бо практычнага плёну ад яе няма. Хіба што дапусціць, што правіцель асабіста ездзіў дамаўляцца аб пастаўках у краіны Персідскага заліву беларускага сухога малака альбо ацэньваў умяшчальнасць аманскім портам айчыннага калію.
Аднак кіраўнік цэнтра «Еўрапейскі Дыялог» Анатоль Лябедзька перакананы, што на самай справе такія візіты вельмі важныя — толькі не для Беларусі, а асабіста для Лукашэнкі.
— На мой погляд, Аман, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Катар — гэта рэгіён рэлакацыі сямейства Лукашэнкі на выпадак надзвычайнай сітуацыі, — зазначае палітык у экспрэс-каментары «Салідарнасці». — Гэта дом ці квартал дамоў, узлётная паласа, гэта сейф, гэта бяспека.
А паездкі, рэпартажы адтуль — больш дымавая завеса. Часткова яна вырашае імітацыю міжнароднай дзейнасці. Але галоўнае, па маім перакананні, што арабскія краіны — той рэгіён, на які падымецца і паляціць самалёт Лукашэнкі.
Ён жа таксама думае пра заўтрашні дзень, пра будучыню. У яго былі спробы звязаць сваю будучыню з даволі спецыфічнымі рэгіёнамі, як Венесуэла ці Куба, дзе ён нейкі час, як гавораць даследчыкі, трымаў нейкія свае капіталы.
Што мы можам на сто адсоткаў гарантаваць і прагназаваць — як толькі падае дыктатура, усе атрымоўваюць інфармацыю, колькі самалётаў было задзейнічана для таго, каб вывезці капітал той ці іншай сям’і.
Узяць што самы свежы прыклад Асада, што дыктатараў перад ім: яны заўсёды дбаюць пра сябе, клапоцяцца пра будучыню сваю і сваіх дзяцей.
Прытым важна ж не толькі вывезці гэтыя капіталы, але і захаваць іх, атрымаць гарантыі бяспекі. І азначаны рэгіён, мяркую, самы камфортны ў гэтым плане для Лукашэнкі. Бо нават з Расіяй — як паказалі нядаўнія падзеі, тут правілаў няма (прыгадаем Прыгожына, самалёт якога ўзляцеў і не сеў). Тут жа якраз больш гаворка пра псіхалагічны камфорт.
Арабскія аўтарытарныя рэжымы якраз кіруюць сем’ямі, і Лукашэнка для іх зразумелы. Можа не падчас цяперашняга візіту, але раней тое было відавочна: на фота ўрадавых беларускіх дэлегацый сядзіць самы старэйшы Лукашэнка, потым Віктар, потым сярэдні Зміцер, потым Мікалай. Яны ўсёй сям’ёй прыехалі і размаўляюць таксама з кіроўнай сям’ёй недзе ў Амане, Катары ці ААЭ. І гэта выглядае там цалкам гарманічна, па-іншаму і не прынята — гэта пытанне палітычных традыцый.
З другога боку, у Лукашэнкі ёсць разуменне, што гэтыя аўтакратыі ўстойлівыя, яны не рухнуць заўтра ці паслязаўтра, а будуць утрымлівацца за кошт нафты і іншых рэчаў. З імі будуць там размаўляць, і нікога не выдадуць ні па якім ордэры пракурора ці Міжнароднага крымінальнага суда.
— На вашу думку, гарантыі бяспекі, напрыклад, ад ААЭ, якія падпісалі, але не ратыфікавалі Рымскі статут, трывалыя?
— Прынамсі Лукашэнка можа на іх разлічваць. Мы ж памятаем, што і беларускі рэжым спрабаваў наколькі мог нечым дагадзіць арабскаму боку: аддаваў вялікія тэрыторыі арабскім шэйхам пад забудовы, каб быў пэўны change.
Тым больш, там жа працуе не закон, а слова, якое дадзена.
Падкрэслю: нават калі параўноўваць з Расіяй, то арабскі рэгіён з усіх пунктаў гледжання больш устойлівы і камфортны для Лукашэнкі. Бо аўтакратыі Блізкага Усходу больш устойлівыя, чым пуцінская Расія.
А Лукашэнку свая кашуля бліжэй да цела. Дый узрост такі, і сусветная сітуацыя такая, што трэба зараз думаць пра сваю будучую бяспеку як пра прыярытэт. Яшчэ дваццаць год таму гэтая тэма магла быць важнай, але не галоўнай для яго, а зараз гэта галоўны прыярытэт.
Добро пожаловать в реальность!