У межах спецпраекта Вытокі «Салідарнасць» аналізуе беларускі нацыянальны характар і спрабуе знайсці адказы на пытанні, хто такія беларусы, чым мы адрозніваемся ад іншых і які лёс чакае нашу нацыю.
Сённяшні суразмоўца — палітычны аналітык інфармацыйнага агенцтва Позірк Аляксандр Класкоўскі.
— Беларуская нацыя сёння падзелена па розных крытэрыях: паводле палітычных арыентацый, геапалітычнага выбару, культурных традыцый. Сёння яшчэ з’явіўся падзел на тых, хто з’ехаў і тых, хто застаўся? Ці ёсць нешта, што магло б нас аб’яднаць? Як з гэтых шматкоў сшываць цэлую нацыю?
— Найперш дзеля гэтага павінна змяніцца ўлада, бо сёння нейкія развагі пра нацыянальны дыялог павісаюць ў паветры.
Сённяшняй уладзе гэты дыялог не патрэбны. Ён фактычна адбыўся ў 2020 годзе, калі пралетарыі на заводзе колавых цягачоў крычалі Лукашэнку «Сыходзь!». І той выдатна разумее, што распачні ён сёння сапраўдны дыялог, калі людзі не будуць баяцца за свае словы сесці ў турму, — пачуе прыблізна тое ж самае.
А паколькі сыходзіць ён не хоча, застаюцца толькі рэпрэсіі. Але трэба разумець, што ў захаванні ўлады зацікаўлены не адзін Лукашэнка. Гэта цэлая сістэма. Варта глядзець праўдзе ў вочы: склаўся вялікі клас людзей, якім выгадна гэтая ўлада. Гэта і чыноўнікі, і сілавікі, і прапагандысты, і прыдворны бізнес, і БРСМаўскія ды іншыя актывісты з праўладных арганізацый, якія робяць такім чынам кар’еру, і іх сем’і.
Не трэба думаць, што тыя ж сілавікі, якія запэцкаліся ў крыві, адразу ўздымуць рукі, калі, умоўна кажучы, на беларускую тэрыторыю зойдзе полк Каліноўскага. Зразумела, яны будуць за сябе і за свае сем’і змагацца апантана, бо ўсведамляюць, што ў іншым выпадку іх чакае суровая кара.
Так што пры цяперашняй уладзе перспектыў нацыянальнага дыялогу і прымірэння я не бачу. І адно са сведчанняў — гэта карыкатурная дзейнасць вось гэтай так званай камісіі па вяртанні. У лютым генпракурор Швед дакладваў дэпутатам пра вынікі працы, і высветлілася, што за ўвесь час толькі каля дзясятка чалавек вярнулася па гэтай праграме ў Беларусь. Вось такі пшык атрымаўся.
Таму хоць ўлады і ўвялі Дзень народнага адзінства і нават цэлы год быў названы адпаведным чынам, на практыцы гэты раскол паглыбляецца. Лукашэнка хоча захаваць уладу любым спосабам і будзе гэта рабіць за кошт дыскрымінацыі нязгоднай часткі грамадства.
Палітычных праціўнікаў ён увогуле не лічыць за людзей, адсюль і гэтыя здзекі ў турмах, і пазбаўленне палітычных эмігрантаў магчымасці атрымліваць беларускія пашпарты за мяжой, і завочныя суды, і спушчаная з ланцуга прапаганда, і астатняе.
— А хіба пасля змены ўлады нацыянальны дыялог будзе магчымы, улічваючы колькасць сённяшніх бенефіцыяраў рэжыму?
— Сапраўды, трэба ўлічваць, што і ў асяроддзі праціўнікаў Лукашэнкі таксама вельмі вялікая прага помсты. Ёсць тыя, хто спадзяецца, што вось зойдзе той самы полк Каліноўскага— і тады ўжо ўсім гэтым ябацькам неба з аўчынку здасца.
Насамрэч гэта цяжкае пытанне, і тут нельга кіравацца эмоцыямі. Так, шмат хто з прыслужнікаў цяперашняй улады, яе ашалелыя апрычнікі мусяць адказаць за злачынствы, аднак гэта павінна быць строга паводле закону. Напэўна спатрэбіцца люстрацыя. Але ў посткамуністычных краінах Еўропы не ставілі пачкамі да сценкі тых, хто служыў папярэдняму рэжыму. Таму варта паглядзець на досвед іншых.
Увогуле ўсіх прыхільнікаў цяперашняга рэжыму за краты не пасадзіш, і калі зменіцца ўлада, у новай Беларусі павінна быць вельмі мудрая палітыка ў гэтай галіне. Працэс кансалідацыі нацыі, пошук агульнага падмурку зойме не адзін год. Ды і само паняцце «новая Беларусь» — гэта пэўны штамп. Нават пры добрым збегу акалічнасцяў спатрэбяцца яшчэ дзесяцігоддзі, каб пабудаваць гэтую блізкую да ідэала Беларусь.
Ясна, што пасля змены ўлады, калі ўсталююцца дэмакратычныя парадкі, усё адно будзе падзел па палітычных меркаваннях, будзе апазіцыя — магчыма, і з тых, хто стане настальгаваць па часах Лукашэнкі. Дык што — душыць такіх людзей лукашэнкаўскімі ж метадамі? Тады што гэта за дэмакратыя?
Плюралізм нельга душыць. Механізм змены ўлады мусіць працаваць бездакорна, павінны лічыцца галасы і найболей папулярная сіла павінна прыходзіць да ўлады.
Іншая рэч, што трэба будзе зрабіць грамадству моцную прышчэпку ад аўтарытарызму, правесці дэкамунізацыю, каб прадухіліць рэванш. Зрэшты, сам Лукашэнка ўжо багата зрабіў, каб людзі зненавідзелі дыктатуру.
— Шмат беларусаў — разумных, інтэлектуальных, актыўных — аказалася сёння за межамі краіны. Наколькі моцна гэта ў будучым адаб’ецца на нацыябудаўніцтве?
— Так, з аднаго боку, мы сапраўды бачым, што вымываецца генафонд нацыі. З’ехалі і з’язджаюць пераважна маладзейшыя, таленавітыя, прадпрымальныя, энергічныя, крэатыўныя людзі, якія не могуць рэалізаваць сябе ва ўмовах несвабоды. І гэта вялікі ўрон для Беларусі, для яе дэмаграфіі, яе будучыні.
А з іншага боку, эміграцыя працуе на тую ж будучыню Беларусі, яе палітычна актыўная частка робіць тое, што немагчыма ўнутры краіны, яна апелюе ад імя беларусаў да дэмакратычнага свету, імкнецца захоўваць і развіваць мову, культуру. Беларусы за мяжой набываюць і палітычны досвед, і прафесійныя кампетэнцыі, якія спатрэбяцца на радзіме пасля змены ўлады.
— А ці будзе дзе гэты досвед рэалізоўваць? Бо падаецца, што сёння як ніколі над Беларуссю навісла рэальная пагроза страты незалежнасці. Ці ўдасца захаваць сваю краіну і ці будуць беларусы змагацца ў выпадку акупацыі?
— Пагроза страты беларускай незалежнасці існуе толькі з боку Масквы. Іншых пагроз няма, хоць Лукашэнка і палохае, што пятая калона хоча захапіць Беларусь і палову аддаць палякам, што НАТО ўжо точыць зубы на нашы землі. Зразумела, гэта міфы чорнай прапаганды.
Што ж тычыцца Масквы, то ўся жахлівасць сітуацыі ў тым, што ідзе паўзучы захоп Беларусі. Гэта як у той показцы пра жабу, якую вараць марудна. І гэта вельмі небяспечна, паколькі працэс ідзе неўпрыкмет.
Пуціну няма патрэбы бамбіць Беларусь, як Украіну, наступаць танкамі на Мінск, высаджваць тут дэсант, бо рэжым сам лезе ў гэтую імперскую пашчу. Лукашэнка расплачваецца за крамлёўскую падтрымку 2020 года, а Крэмль у сваю чаргу спадзяецца ўзяць усё, што яму патрэбна, ціхай сапай.
Адбываецца паглыбленне так званай інтэграцыі і ў эканоміцы, і ў вайсковай сферы, і ў інфармацыйнай — ідзе жахлівая прывязка да імперыі. І гэты працэс пагражае рэальнай стратай незалежнасці.
Можа стацца так, што Пуцін пакіне нейкія кардонныя, бутафорскія атрыбуты незалежнасці: чырвона-зялёны сцяг, дзяржаўны герб, — але насамрэч увесь суверэнітэт будзе высмактаны Масквой.
Але ўсё ж думаю, што нават у горшым выпадку беларусы будуць памятаць пра вось гэты перыяд незалежнасці, і гэта спрацуе пасля. Як спрацавала ў акупаваных некалі Сталіным краінах Балтыі: як толькі савецкая імперыя пахіснулася — яны вырваліся з путаў.
Так што ў кожным разе гэта не фатальная сітуацыя. Аднак вельмі драматычная.
— А калі для беларусаў можа адкрыцца новае акно магчымасцей, каб пабудаваць сапраўды незалежную дэмакратычную краіну? Ці бачыце вы гэта ўвогуле ў бліжэйшай перспектыве?
— Тут ніводзін сур’ёзны аналітык не назаве нейкія тэрміны, бо сёння працуе шэраг вельмі дынамічных і цяжкапрадказальных чыннікаў, якія ўплываюць на будучыню Беларусі.
Падкрэслю, што цяпер рэжым пачуваецца дастаткова ўпэўнена. Лукашэнку пашанцавала зацэментаваць сітуацыю ў краіне. Каб нешта змянілася, трэба, каб захісталася маскоўская апора рэжыму. Без гэтага ніякія стратэгіі дэмакратычных сілаў не спрацуюць.
А моц вось гэтай маскоўскай апоры будзе залежаць найперш ад ходу вайны ва Украіне і адкладзенага эфекту санкцый супраць абодвух рэжымаў. Зноў жа, трэба гадаць, хто прыйдзе да ўлады ў Штатах увосень — калі Трамп, то гэта можа быць яшчэ горай для Кіева.
Хаця і Трамп можа нечаканыя хады зрабіць акурат супраць Масквы. Трэба таксама ўлічваць, ці будзе мабілізацыя ў Расіі, ці пачне Пуцін маштабнае летняе наступленне і наколькі ўдалым яно стане… Можна шмат чыннікаў пералічваць.
Але ў кожным разе, калі глядзець дынаміку, рэсурсы рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі пакрысе падточваюцца. Так у свой час падточваліся рэсурсы Савецкага Саюза. Гэта была магутная камуністычная імперыя, але потым яна рухнула літаральна за некалькі гадоў. А Расія мае значна меншую эканамічную вагу ў свеце, чым некалі Савецкі Саюз, не кажучы ўжо пра Беларусь.
Два рэжымы кінулі выклік больш магутнаму і развітаму дэмакратычнаму свету, і ў гістарычнай перспектыве яны непазбежна прайграюць.
Яны не атрымліваюць належнага доступу да перадавых тэхналогій, Кітай цалкам замяніць у гэтым сэнсе Захад не можа, і нават шэры імпарт не дапамагае. Пакрысе рэсурсы вось гэтых двух рэжымаў будуць змяншацца.
Колькі гэта зойме часу, сказаць цяжка. Тым больш што калі ў маштабах гісторыі нейкі перыяд можна лічыць імгненнем, то ў маштабах чалавечага жыцця гэта можа быць фатальнай трагедыяй. І, на жаль, вось гэты чорны час няўмольна перамолвае людскія лёсы.
— Атрымліваецца, што найбліжэйшая будучыня Беларусі вельмі моцна залежыць ад знешніх абставін, а што беларусы могуць зараз рабіць самі, каб неяк уплываць на свой лёс?
— Як я ўжо адзначаў, тое, што адбылося за гады незалежнасці,— гэта ўжо набытак, які не прападзе марна. Таксама беларусы памятаюць і будуць памятаць 2020 год — гэта важны, хоць і трагічны, этап сталення нацыі.
Нават праўладныя сацапытанні паказваюць, што толькі лічаныя працэнты нашых суайчыннікаў (3-5%) хочуць уліцца ў Расію, астатнія ўжо адчулі смак незалежнасці. Нават у атачэнні Лукашэнкі не ва ўсіх мазгі прамытыя вось гэтым «русским миром». Наменклатура збольшага разумее, што калі прыйдуць рускія, то выкінуць іх на сметнік, адбяруць прыкормленыя бізнесы і г.д. Так што насамрэч карані беларускай незалежнасці больш моцныя, чым гэта можа здацца.
Што ж тычыцца нейкіх парад на індывідуальным узроўні, то тут ніякіх цудадзейных рэцэптаў няма. Важна не здавацца, сціскаць зубы і рабіць сваё, імкнуцца быць паспяховымі насуперак абставінам, захоўваць і напрацоўваць гарызантальныя сувязі — іх моц мы ўбачылі ў 2020 годзе. Гэта можна рабіць і цяпер, і я ведаю, што гэта працуе і ўнутры Беларусі.
Ну і, нарэшце, трэба падтрымліваць і распаўсюджваць беларускасць: гаварыць самому па-беларуску, як мага болей пісаць па-беларуску, вучыць дзяцей па-беларуску, рабіць беларускую агучку фільмаў, іншыя творчыя рэчы. Усе вось гэтыя зярняты беларускасці абавязкова прарастуць і дадуць усходы.
Добро пожаловать в реальность!