Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юрый Дракахруст у каментары Филину паразважаў пра актуальныя працэсы ва ўладнай сістэме.
— На сустрэчах з чыноўнікамі Лукашэнка ўсё часцей кажа: дайце мне эканоміку, а астатняе я гатовы ўзяць на сябе. Гэтыя словы прагучалі і на сённяшнім прызначэнні раённай вертыкалі.
Пра што гэта ўсё сведчыць? Як унутры сістэмы можа ўспрымацца такое дэлегаванне паўнамоцтваў? І ці дэлегаванне гэта, а не проста перакладванне праблем на чужыя плечы? Асабліва калі ўлічыць пагрозы рэпрэсіямі за невыкананне заданняў?
— Я думаю, што справа тут вось у чым. Па-першае, эканоміка — гэта ўсё ж не ягонае. Нецікава яму ёй займацца, сумна. Так, калісьці ён быў дырэктарам саўгасу, у яго ёсць свае пэўныя ўяўленні, ізноў жа — пераважна ідэалагічна-палітычныя. Агулам жа гэта не ягонае.
А сітуацыя ў эканоміцы, і праўда, няпростая. Эканамісты гавораць, што вельмі хутка расце грашовая маса, а гэта выразны чыннік, які вядзе да інфляцыі. Заробкі растуць з апярэджаннем тэмпаў росту эканомікі, узнікаюць дыспрапорцыі.
Зараз узнікае праблема, якая раней ніколі не была такой вострай — кадры, працоўная сіла, якой малавата сёння.
І таму, мне здаецца, гэта такая фігура мовы. Вы, маўляў, мне ў эканоміцы забяспечце ўсё, а ўжо ў палітыцы я майстар. А гэта цяпер ваша справа. Калі не забяспечыце, то вы будзеце адказныя, а не я. Гэта пасланне не столькі ім, колькі народу. Калі што, то гэта не з-за мяне, бо я ж ім сказаў, што яны павінны ўсё забяспечыць.
І тут адна тэза пярэчыць іншай. Бо калі людзям даюць паўнамоцтвы, то ім не пагражаюць за кожны няслушны крок, за кожную памылку, што іх пасадзяць ці расстраляюць. Бо людзі тады не будуць працаваць з душой, калі над імі пры гэтым з наганам стаяць.
Таму нікому асаблівых паўнамоцтваў ніхто даваць не будзе. Альбо менавіта з такой умовай: калі нешта не так, то вам будзе кепска.
Дарэчы, я звярнуў увагу на новы цікавы тон прынамсі часткі прапаганды. У апошніх эфірах і сюжэтах Азаронка і Мукавозчыка, напрыклад, заўважаецца агульны момант: суцэльны хваласпеў рэпрэсіям.
Там проста ў загалоўку перадачы пра гэта вядзецца — «Трэба больш рэпрэсій». І прычым размова ўжо ідзе не толькі пра «змагароў» і «бэчэбэшнікаў», а пра ўсіх. У тым ліку і пра чыноўнікаў таксама. І не толькі тых, што падміргваюць апазіцыі, не.
Прамым тэкстам ідзе гаворка пра пэўную рэвізію значэння ХХ з’езда кампартыі, які развянчаў культ асобы Сталіна. Пра тое, што для нас у будучыні небяспеку будзе ўяўляць не толькі ўмоўны Гарбачоў, але і Хрушчоў.
Магчыма, гэта пэўны тэставы рэжым. Не агульная палітыка, а прамацванне такой лініі стартаперамі, назавём гэта так, унутры гэтай сістэмы. Думаю, яны адлюстроўваюць пэўныя галасы, якія там ёсць. Ці самога Лукашэнкі гэта голас? Магчыма, да пэўнай ступені.
І гэта пацвярджае думку, што ніякай асаблівай вольнасці чыноўнікам не будзе. Але іх будуць хутчэй палохаць. Бо рэальнае вяртанне ў сталіншчыну даволі рызыкоўнае.
Бо калі рэпрэсіі ахопяць значна большае кола, у тым ліку апарат, на пэўны час гэта яго, магчыма, і стабілізуе, але гэта бомба запаволенага дзеяння.
— У такім выпадку варта чакаць апаратнага кадравага голаду?
— З аднаго боку так, можа ўзнікнуць кадравы голад. А з другога боку, усе нібыта прывыклі да таго, што беларускія чыноўнікі ціхія і бязвольныя. Але, калі гэта сапраўды прыме значна большыя маштабы, то яны з пачуцця самазахавання могуць паказаць зубы. Як, каму і калі — гэта іншая справа.
І калі тут вяртацца ў мінулае, то ХХ з’езд і Хрушчоў былі калектыўнай рэакцыяй гэтага слою грамадства, які проста стаміўся паміраць у чэкісцкіх засценках. Яны проста памянялі гэтую сістэму.
Тым больш што зараз шмат пішацца і гаворыцца, што насамрэч там усё было безальтэрнатыўна. Якая б там ні была паслухмяная камуністычная наменклатура, але паміраць гадамі нікому не хочацца.
Калі казаць пра сённяшнюю моладзь ва ўладзе, то для іх гэтыя хваласпевы Сталіну — нешта касмічнае, што абсалютна не стасуецца з іх досведам і разуменнем.
А што тычыцца старэйшага пакалення наменклатуры, то яны ўсе, у прынцыпе, дзеці ХХ з’езда. Дзеці сістэмы, якая была створаная пасля яго. І калі ім кажуць, што трэба вярнуць сталінскія парадкі, калі гучаць усе гэтыя хваласпевы, то яны скурай памятаюць, што было з іх папярэднікамі.
І з пункту гледжання сістэмы гэта кепская ідэя. У тым сэнсе, што ў 2020 годзе расколу эліт не адбылося. А вось такія метады, і нават размовы пра гэта, менавіта яны і могуць спарадзіць гэты раскол. Не сотні тысяч людзей на вуліцах, і не Бабарыка, а вось такая сістэма.
— На трыццатым годзе кіравання Лукашэнка звярнуў увагу на фермераў. Агучваецца ідэя перадачы стратных калгасаў заможным фермерам пры ўмове, што дзяржава будзе «дапамагаць рэалізоўваць» атрыманую прадукцыю.
Вядома, нямала прыкладаў, чым для прыватнікаў канчалася кааперацыя з лукашэнкаўскай уладай. Але час цяпер, і праўда, няпросты. То, можа, гэта такая калька ленінскага НЭПу ў асобна ўзятай галіне?
— Я тут бы так не перабольшваў. Справа ў тым, што за гэтыя трыццаць гадоў, як вы памятаеце, былі хвалі больш лагоднага стаўлення да нейкіх элементаў рынкавай эканомікі, у цэлым да большай рынкавасці.
Можна прыгадаць усю гэтую эпапею вакол IT-краіны. І прызначэнні на розныя пасады, якія зусім не азначалі шлях да ўсё большага адзяржаўлення эканомікі. Можна прыгадаць тут віцэ-прэм’ера Васіля Мацюшэўскага, быў, у рэшце рэшт, прэм’ер Сяргей Румас.
Так што нельга сказаць, што Лукашэнка дзейнічаў згодна нейкай роўнай лініі недзе ад 1996-га, калі ён пачаў называць прадпрымальнікаў «вашывымі блохамі». Не зусім і не заўсёды.
Так, была лінія рытарычная — прасавецкая, прадзяржаўніцкая. А з іншага боку, калі доля прыватнага сектара ў ВУП краіны ў пачатку нулявых складала 20-30%, то па выніках 2019-га яна практычна падвоілася. Магчыма, за апошнія гады гэта лічба зменшылася, але я не думаю, што кардынальна.
На публіку пры гэтым гаварылася, што ўсё пад кантролем, што мы прыціснем «вашывых блох», але тэндэнцыя была іншая. Хацеў бы Лукашэнка збудаваць сацыялізм, ён бы яго збудаваў. Але пры сацыялізме доля прыватнага сектара ў эканоміцы не расце.
Таму не варта прымаць ягоную рыторыку за чыстую манету, ні раней, ні зараз. Прычым, у абодва бакі. Калі ён цяпер сказаў, што трэба падтрымаць фермераў, то памятаем, што адна ластаўка не робіць надвор’я.
Бо заўтра ён скажа, што наша апора — гэта калгасы. А фермеры няхай існуюць недзе пад нашым кантролем. Пакуль жа не факт, што ім пачнуць спрыяць, што іх доля істотна вырасце.
Хоць я не выключаю, што акурат цяпер у яго пайшла нейкая хваля ад адзяржаўлівання ў бок большай рынкавасці. Таму што ён нейкія лічбы ўсё ж бачыць, яму паказваюць, нешта ён разумее.
Паўтаруся, сёння многія эканамісты б’юць у званы наконт павелічэння грашовай масы. Што па ўсіх падручніках эканомікі азначае пралог інфляцыі.
Ніхто не адмяняе падвал ГУБАЗіКа як сродак кіравання эканомікай, але, магчыма, там узнікаюць думкі, што гэта не самы ўніверсальны спосаб. І што можна паспрабаваць штосьці яшчэ.
Добро пожаловать в реальность!