Будучыня беларускай незалежнасьці такая ж няпэўная, як і зыход расейска-ўкраінскай вайны. Ці захаваецца Беларусь як сувэрэнная дзяржава, калі Кіеву ня ўдасца перамагчы ў супрацьстаяньні з Масквой?
Многія ня лічаць Беларусь незалежнай ужо цяпер. Для гэтага ёсьць падставы: найбольш прынцыповыя для Беларусі пытаньні даўно вырашаюцца ў Маскве, піша Віктар Багдзевіч на "Свабодзе". Незалежнасьць Беларусі настолькі хісткая і няпэўная, што і Лукашэнка, і ягоныя чыноўнікі пастаянна вымушаныя запэўніваць сябе і іншых у тым, што яна нібыта надзейная і стабільная, што краіна застаецца сувэрэннай і ня мае рацыі той, хто ў гэтым сумняваецца.
Вось і беларускі амбасадар у Расеі Дзьмітры Круты на мінулым тыдні назваў «абсалютным абсурдам» і «абсалютным глупствам» заявы пра страту беларускай незалежнасьці. «Гэтая мантра даўным-даўно састарэла», — сказаў Круты, нагадаўшы, што дамова аб расейска-беларускай інтэграцыі падпісана ажно 25 гадоў таму і ў ёй размова ішла нібыта найперш пра адзіную эканамічную прастору. Варта нагадаць, што ў той дамове прадугледжваліся і адзіная валюта, і адзіны эмісійны цэнтар, і адзіныя органы ўлады... Але хто пра гэта ўжо памятае.
У чым Круты, без сумневу, мае рацыю, дык гэта ў тым, што тэма «ўсё больш цеснага яднаньня» настолькі даўняя, што ўсе даўно да яе прывыклі і ўспрымаюць як нешта бясконцае, само сабой зразумелае і адвечнае, як усход і захад сонца.
«Нацыяналістычныя амбіцыі ўскраін былой імпэрыі»
Пуцін ніколі не выказваў захапленьня тым, што Беларусь — незалежная сувэрэнная дзяржава. Якраз наадварот. Пра ягонае сапраўднае стаўленьне да беларускай незалежнасьці і яе будучыні ён упершыню недвухсэнсоўна выказаўся яшчэ летам 2002 году, калі ў адказ на прэтэнзіі Лукашэнкі адносна няроўных эканамічных умоў прапанаваў апошняму далучыцца да Расеі шасьцю абласьцямі. «Нават Ленін і Сталін не дадумаліся да такога», — абурыўся тады ўражаны Лукашэнка.
Пазьней так грэбліва і прыніжальна Пуцін пра беларускую незалежнасьць публічна не гаварыў, хоць сапраўднага стаўленьня да яе яўна не зьмяніў. Гэта пацьвердзіў, у прыватнасьці, канцлер Нямеччыны Оляф Шольц, калі ў жніўні 2022 году пераказаў журналістам зьмест сваёй прыватнай размовы з Пуціным незадоўга да пачатку расейскага ўварваньня: «Пуцін расказаў, што Беларусь і Ўкраіна наагул не павінны быць самастойнымі, сувэрэннымі дзяржавамі».
На месцы Лукашэнкі іншы палітык, напэўна, даўно рассварыўся б пасьля такіх яўна прыніжальных і абразьлівых выпадаў на адрас сваёй дзяржавы. Лукашэнка прамаўчаў. У яго няма асаблівага выйсьця: як яшчэ, калі не з апорай на Маскву, захаваць аднаасобную ўладу?
У апошнім інтэрвію Пуціна амэрыканскаму журналісту Карлсану згадкі пра Беларусь нібыта не гучала. Але калі ў ягоных гістарычных экскурсах і развагах замяніць слова «Ўкраіна» на «Беларусь», то сэнс сказанага практычна ня зьменіцца. Усе аргумэнты і высновы пра «адзіны народ», «такой краіны ніколі не было», «незалежнасьць, якую выдумаў Ленін», «тэрытарыяльныя падарункі Расеі» абсалютна гэтак жа можна дастасаваць да сёньняшняй беларускай дзяржаўнасьці. Беларусь магла апынуцца на месцы Ўкраіны, стаць аб’ектам пуцінскай агрэсіі, тут сумневаў мала. «Навошта было з барскага пляча задавальняць нацыяналістычныя амбіцыі на ўскраінах былой імпэрыі?» — абураўся Пуцін за дзень да таго, як два гады таму аддаў загад наступаць на Кіеў. Сказана гэта было пра Ўкраіну. Хоць дакладна тое ж ён мог сказаць і пра Беларусь.
У чаканьні заняпаду агрэсіўнага суседа
Магчыма, гэта прагучыць крыўдна для беларусаў, але беларуская незалежнасьць заўсёды была вельмі хісткай і няпэўнай. Пачынаючы з таго моманту, калі зьнянацку абрынулася на галовы беларусаў у 1991-м у выніку распаду Савецкага Саюзу. Відавочна, многія будуць аспрэчваць такое сьцьвярджэньне. Маўляў, і апазыцыйныя дэпутаты ў Вярхоўным Савеце выбудоўвалі хітрыя парлямэнцкія хады, каб перахітрыць пракамуністычную дэпутацкую большасьць, і «Майстроўня» з «Тутэйшымі» стараліся... Але на тле таго, якія высілкі прыкладалі тады, у гады перабудовы, усенародныя рухі за незалежнасьць у тагачасных рэспубліках савецкай Прыбалтыкі, Закаўказьзя, Украіны, усё гэта выглядала надзвычай сьціпла і непераканаўча. БССР стала незалежнай разам з астатнімі 14 саюзнымі рэспублікамі проста таму, што мела такі статус. Ня мела б — яе чакаў бы такі ж лёс, як іншых аўтаномій — Татарстану, Бураціі ці Якуціі ў складзе тагачаснай РСФСР.
Беларусь ня першая і не апошняя краіна ў гісторыі, якая балянсуе паміж незалежнасьцю і васальным статусам. У мінулыя вякі праз гэта прайшлі многія народы, якія межавалі з магутнымі імпэрыямі. На стагодзьдзі зьнікалі з палітычнай мапы Эўропы Баўгарыя, Сэрбія, Чэхія, Польшча... Прычым адзінага сцэнару таго, як вяртаць страчанае, гісторыя не дае. Польшча за сваю адроджаную незалежнасьць плаціла надзвычай высокую цану — крывавымі паўстаньнямі і войнамі. А Чэхія цярпліва і паслухмяна чакала некалькі стагодзьдзяў, зьберагаючы свае людзкія і культурныя набыткі. Урэшце і адна, і другая адрадзіліся як незалежныя нацыі толькі тады, калі распаліся (ці аслабелі) тыя імпэрыі, якія трымалі іх у падпарадкаваньні. Верагодна, так адбудзецца і ў выпадку Беларусі. Канчаткова вызваліцца з жалезных абдымкаў удасца толькі тады, калі імпэрыі стане не да васальных тэрыторый.
Зірнем на мапу Эўропы, якой яна была да пачатку Першай сусьветнай. На ёй можна налічыць ня больш за паўтара дзясятка незалежных дзяржаў. Яшчэ няма як сувэрэнных краін ні Польшчы, ні Чэхіі, ні Фінляндыі, ні Ірляндыі, ні Харватыі. Ня кажучы ўжо пра краіны Балтыі, Беларусь, Малдову, Украіну... Сёньня на эўрапейскай палітычнай мапе незалежных дзяржаў утрая болей, чым тады. Няцяжка здагадацца, пра што думаюць іхныя лідэры, калі слухаюць інвэктывы Пуціна пра нібыта непаўнацэннасьць украінскай дзяржавы на той падставе, што гэтай дзяржавы не было на мапе сто гадоў таму.
«Незалежнасьць — ікона» і «Незалежнасьць не ікона»
Лідэры фактычна ўсіх постсавецкіх дзяржаў хто зь непакоем, хто з трывогай, а хто і з жахам назіраюць за тым, як Пуцін рэалізуе свае ўяўленьні пра «аднаўленьне гістарычнай справядлівасьці». Лукашэнка са зразумелых прычын гэтую тэму асабліва не камэнтуе, хоць яна яго непасрэдным чынам закранае і, напэўна ж, турбуе. Насамрэч адказ Лукашэнкі на падобныя выпады Пуціна даўно прагучаў, хоць і ў крыху завуаляванай форме. І адказам сваім Лукашэнка яўна ганарыцца.
Паўтара года таму, выступаючы на маштабных сьвяткаваньнях 17 верасьня 2022 году перад шматтысячнай аўдыторыяй, ён так пераказваў сваю размову на гэтую тэму з прэзыдэнтам Казахстану Касым-Жамартам Такаевым:
«Вельмі шмат зараз размоў пра сувэрэнітэт, незалежнасьць; хто мае рацыю, хто вінаваты, хто на каго нападае, хто чые інтарэсы адстойвае. ...Ён падышоў да мяне і кажа: «Аляксандар Рыгоравіч, вы ведаеце, я памятаю адзін ваш выступ, вельмі мудры... Спрэчкі ж ішлі: дзе Ўкраіна, дзе Расея, дзе Беларусь, ці былі такія дзяржавы, як Беларусь, ці не. І тады, кажа, ты сказаў такую фразу: «Ну добра, ну не было Беларусі ў нейкія часы. А цяпер яна ёсьць, і з гэтым трэба лічыцца».
Надзвычайная гнуткасьць Лукашэнкі ў стаўленьні да гэтага пытаньня — у залежнасьці ад таго, наколькі важны для яго статус суразмоўцы і наколькі ён хоча яму спадабацца. У розныя гады зь ягоных вуснаў гучалі ўзаемавыключальныя сьцьвярджэньні і высновы наконт гэтага. Параўнайма: 21 кастрычніка 2013 году падчас сустрэчы з кіраўнікамі СМІ краін СНД ён кажа:
«Сувэрэнітэт у гэтым выпадку ў нас не ікона, на якую трэба маліцца. Сувэрэнітэт — вельмі важная рэч, але мы ім будзем распараджацца ў інтарэсах нашых народаў і будзем рабіць крокі толькі тады, калі будзем адчуваць, што дэлегаваньне часткі нашага сувэрэнітэту будзе на карысьць нашым народам».
А 15 лютага 2019 году, зноў выкарыстоўваючы параўнаньне з іконай, сьцьвярджаў ужо зусім адваротнае:
«Навошта нам падымаць пытаньні сувэрэнітэту Беларусі і Расеі? Гэта ікона, гэта сьвятое. Няма ў нас праблемы сувэрэнітэту. Мы нават у гэтым кантэксьце не абмяркоўваем гэтыя праблемы».
Дык ікона ці не ікона? Для Лукашэнкі, відаць, у залежнасьці ад сытуацыі.
«Здача сувэрэнітэту — гэта не са мной»
Азіраючыся на мінулыя 30 гадоў, цяжка не заўважыць, што Лукашэнка перажыў доўгую эвалюцыю ва ўспрыманьні і ацэнцы каштоўнасьці паняцьця незалежнасьці. Калі ішоў да ўлады на пачатку і ў сярэдзіне 90-х — гэта было дэманстратыўна грэблівае, паблажлівае, іранічнае стаўленьне, высьмейваньне «сьвядомых» і іхных ідэалаў. Але па меры таго, як зьнікалі надзеі на тое, што ўдасца пераняць крамлёўскі пасад і заняць месца хворага і нямоглага Ельцына, як мяняліся ў Беларусі грамадзкія настроі і зьнікала настальгія па СССР, зусім іншым станавілася і рыторыка Лукашэнкі. Сёньня на афіцыйнай інтэрнэт-старонцы Лукашэнкі ў разьдзеле, дзе сабраныя ягоныя цытаты пра сувэрэнітэт і незалежнасьць Беларусі, — спрэс узьнёслыя, патасныя выказваньні, кшталту такіх:
«Ніхто гаворкі не вядзе аб здачы сувэрэнітэту. Яшчэ раз паўтараю: здача сувэрэнітэту — гэта не са мной. Беларусь — гэта маё дзіця. Я яго сваімі рукамі ствараў. Як я магу ўласнаручна гэта ўсё зьнішчыць? Гэта не са мной. Калі вы гэта захочаце зрабіць, рабіце, але не са мной. Гэта каштоўнасьць незьмяняльная. Ніколі нам ня будзе шчасьця, калі намі будзе нехта кіраваць. Ніколі!».
«Галоўнае запомніце: я не пацан, які адпрацаваў 3-4-5 гадоў прэзыдэнтам. І я не хачу перакрэсьліць усё, што зрабіў разам з вамі, народам, стварыўшы сувэрэнную незалежную дзяржаву, каб яе зараз пакласьці ў нейкую скрыню з крыжам наверсе. І кудысьці выкінуць або перадаць. Гэтага пры мне ня будзе ніколі. Гэта наша краіна. Мы сувэрэнныя і незалежныя. Гэтым трэба ганарыцца».
Канец вайны і будучыня Беларусі
У вайне праглядаюцца далёкія няпэўныя абрысы будучага замірэньня... Ні пераможнага параднага маршу аддзелаў УСУ па ялцінскіх ці севастопальскіх набярэжных, ні расейскага трыкалёру над захопленай Адэсай у фінале не прадбачыцца. Найхутчэй, стомленыя і абясьсіленыя бакі канфлікту, асэнсаваўшы марнасьць ваенных высілкаў, вымушаныя будуць зьмірыцца з тым, чаго дасягнулі (ці не дасягнулі) за мінулыя два гады вайны. Стане гэта завяршэньнем бойкі ці толькі часовай перадышкай і пралёгам да будучых вялікіх узрушэньняў — пытаньне цьмянае. Адказ, хутчэй за ўсё, хаваецца за гарызонтам фізычнага існаваньня галоўнага натхняльніка і распальшчыка гэтай вайны.
Але што такое спыненьне баявых дзеяньняў і замірэньне будзе азначаць для Беларусі? Ці не захоча Пуцін атрымаць «суцяшальны прыз» у выглядзе беларускай незалежнасьці, пакладзенай у якасьці трафэю да ног раззлаванага няўдалай вайной расейскага электарату?
Такі сцэнар не выглядае надта верагодным. Калі б удалося вярнуць «ва ўлоньне нашага славянства» Ўкраіну — тады так, рэанімацыя імпэрыі выглядала б непазьбежнай і лягічнай. А бяз гэтага — які сэнс? Беларусь жа і так у расейскай кішэні. Навошта крыўдзіць і прыніжаць гэтых нягеглых малодшых братоў? Ня здолеўшы ўпаляваць мядзьведзя, застрэліць няшчаснага даверлівага зайца? Няўжо гэта будзе ацэнена расейскім грамадзтвам як посьпех і дасягненьне?
Запалоханы, рахманы і паслухмяны Лукашэнка прадоўжыць сваю расьцягнутую ўжо больш як на чвэрць стагодзьдзя кампанію «ўсё больш цеснай і глыбокай інтэграцыі». Навакольны сьвет не без падстаў працягне лічыць лукашэнкаўскую Беларусь расейскім васалам, марыянэткай, сатэлітам, ня здольным на самастойную палітыку. Але ці толькі з адмоўным знакам можна гэта ацэньваць? Магчыма, гэта і не найгоршы для Беларусі ў сёньняшніх умовах варыянт — захаваць хаця б фармальны статус незалежнай дзяржавы, не ваюючы пры гэтым за імпэрыю на ўласнай тэрыторыі і не пасылаючы на вайну сваіх сыноў?
Безумоўна, гэта дзіўная і не зусім паўнавартасная незалежнасьць, якой, здаецца, і не павінна б ужо існаваць. Якая магла і не захавацца ў такіх умовах. Але так часта здаралася ў гісторыі: у апошні момант беларусаў заўсёды нешта ратавала ад поўнага зьнікненьня, растварэньня ў імпэрскай аднастайнасьці. Можа, пашанцуе і гэтым разам.
Працэс гандлю, які вядзе Лукашэнка з Масквой, можа доўжыцца (і доўжыцца) гадамі і дзесяцігодзьдзямі. Галоўнае, каб ён ня скончыўся канчатковай здачай, фіналам, капітуляцыяй, каб захавалася хаця б фармальная незалежнасьць, каб гэтая казка пра белага бычка, пачаўшыся ў 1999 годзе, не сьціхала і далей. Потым нашчадкі разьбяруцца, хто вінаваты і што рабіць. Але ўжо бяз Пуціна. І без Лукашэнкі.
Добро пожаловать в реальность!