Лукашэнка ўнёс зьмены ў вайсковыя статуты Ўзброеных сіл Беларусі. У Статут унутранай службы дадалі артыкул, які дазваляе вайскоўцам прымяняць супраць грамадзян «агнястрэльную зброю, спэцсродкі, баявую і спэцыяльную тэхніку пры выкананьні ўскладзеных на іх задач», піша палітолаг Валер Карбалевiч на "Свабодзе".
Войска — адзін з галоўных інстытутаў дзяржавы, з дапамогай якога яна ў стане выконваць свае функцыі. Цягам доўгай гісторыі чалавецтва армія выкарыстоўвалася для выкананьня як вонкавых, так і ўнутраных задач. Напрыклад, удзельнічала ў грамадзянскіх войнах, якіх было безьліч.
У новы час, калі ў краінах Захаду паступова ўсталёўвалася дэмакратычная мадэль дзяржавы, функцыя войска вызначалася па-новаму. Было прызнана, што армія павінна выкарыстоўвацца толькі для нэўтралізацыі вонкавых пагроз. Усталяваўся прынцып грамадзянскага кантролю над сілавымі структурамі. Быў дасягнуты грамадзкі кансэнсус, што войска мусіць быць па-за палітыкай, яно ня можа выкарыстоўвацца ў вырашэньні ўнутрыпалітычных канфліктаў.
У позьнім СССР падчас гарбачоўскай перабудовы вялікі і нэгатыўны розгалас у грамадзтве выклікала выкарыстаньне вайскоўцаў для «навядзеньня парадку» ў Тбілісі, Баку, Вільні. Гэтаму спадарожнічалі ахвяры сярод цывільных грамадзян. Фінальным акордам савецкага часу была няўдалая спроба выкарыстаць войска падчас путчу «ГКЧП» у жніўні 1991 году.
Таму пасьля ўтварэньня незалежнай Беларусі ўсе палітычныя сілы пагадзіліся, што войска існуе толькі для абароны краіны ад вонкавай агрэсіі і не павінна ўдзельнічаць ва ўнутраных канфліктах.
Усё памянялася пасьля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі. Ён стаў на шлях актыўнага выкарыстаньня ўсіх сілавых структур дзеля абароны сваёй асабістай улады. У студзені 2005 году, выступаючы на калегіі КДБ, Лукашэнка з гонарам заявіў:
«Я не аддаў камітэт пад кантроль нейкай „грамадзянскай супольнасьці“, як прынята прыгожа гаварыць у некаторых нашых суседзяў. „Кантроль грамадзянскай супольнасьці“ — гэта развал сілавых структур. Як кіраўнік дзяржавы паводле законаў і Канстытуцыі я ў стане сам кантраляваць сілавыя ведамствы».
У 2020 годзе войска актыўна выкарыстоўвалася ў разгонах народных пратэстаў. Усім вядомая трагедыя ў Берасьці, дзе вайсковец з мар’інагорскага спэцназу забіў пратэстоўца Генадзя Шутава стрэлам у патыліцу. Дзяржаўныя мэдыя актыўна піяраць выпадкі выкарыстаньня сілавікамі зброі падчас затрыманьняў «экстрэмістаў».
Калі казаць пра цяперашнія зьмены ў статутах Ўзброеных сіл Беларусі, то Міністэрства абароны пракамэнтавала, што, маўляў, нічога новага няма, дазвол на выкарыстаньне зброі супраць грамадзянаў быў і раней. Але цяперашнія праўкі зьнізілі парог нібыта законнага прымяненьня зброі супраць цывільных асобаў.
Страляць цяпер можна без папярэджаньня. Унесены пункт, што «вайсковец не нясе адказнасьці», калі ўжыў зброю «ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі агульнавайсковых статутаў». Сябра Аб’яднанага пераходнага кабінэту Павал Латушка лічыць, што цяпер ужываньне зброі вайскоўцамі будзе трактавацца не як права, а як абавязак.
Усё гэта яскрава ілюструе, у які бок эвалюцыянуе існы рэжым.
Але хацеў бы зьвярнуць увагу вось на якую акалічнасьць. Калі ў краінах Захаду палітычная роля войска мінімальная, то ў дзяржавах глябальнага Поўдня сытуацыя іншая. У некаторых выпадках яна вялізная.
Напрыклад, у Турэччыне доўгія гады з часоў Атацюрка войска было гарантам вэстэрнізацыі і сьвецкага характару дзяржавы. У краінах Лацінскай Амэрыкі армія часта ўмешвалася ў палітыку, рабіла дзяржаўныя перавароты. Цяпер нешта падобнае адбываецца на афрыканскім кантынэнце.
Прычым часта палітыкі сьвядома ўцягваюць войска ў палітычныя разборкі, а потым яно выходзіць з-пад кантролю, пачынае выконваць самастойную палітычную ролю. Тут можна прыгадаць сюжэт з савецкай гісторыі.
Колішні лідэр Мікіта Хрушчоў падчас унутрыпартыйнай барацьбы прыцягнуў войска спачатку дзеля адхіленьня ад улады Лаўрэнція Бэрыя, потым дзеля перамогі над «антыпартыйнай групай» Малянкова, Кагановіча, Молатава. Міністар абароны маршал Георгій Жукаў меў неасьцярожнасьць заявіць, што «ніводны танк ня зрушыцца без майго загаду!». Хрушчоў зразумеў, што выпусьціў джына з бутэлькі, і вырашыў нэўтралізаваць пагрозу. Ён накіраваў Жукава ў замежную паездку, а тым часам адправіў яго ў адстаўку. Аднак кіраўніцтва войска адчула сваю сілу і палітычную ролю.
У 1964 годзе падчас «палацавага перавароту» ўжо самога Хрушчова зьнялі з усіх пасад — і армія, КДБ адыгралі ў гэтым працэсе ключавую ролю. Новы кіраўнік Леанід Брэжнеў моцна асьцерагаўся міністра абароны Дзьмітрыя Ўсьцінава і таму задавальняў усе патрэбы вайскоўцаў, у выніку чаго савецкі ВПК набыў гіпэртрафаваныя памеры.
Гэта ўсё да таго, што ўцягваньне войска ў палітыку — небясьпечная гульня для любога ўладара. У Беларусі не было традыцыі даваць арміі палітычную ролю. Лукашэнка спрабуе такую традыцыю стварыць. У новай Канстытуцыі Савет бясьпекі, у якім большасьць складаюць кіраўнікі сілавых структур, атрымаў права на ўладу ў выпадку гвалтоўнай сьмерці прэзыдэнта. А трактаваць гэтае канстытуцыйнае палажэньне можна па-рознаму, асабліва ў пэрыяды прававога бязладзьдзя.
Вось цяпер сілавікі атрымалі больш шырокія правы на ўжываньне зброі падчас унутраных забурэньняў. А ці ёсьць у Лукашэнкі ўпэўненасьць, што ён зможа кантраляваць войска ў крытычнай сытуацыі? Пакуль страх перад народам перавышае страх перад арміяй. Але ўсё можа памяняцца.
Добро пожаловать в реальность!