Савет бяспекі Беларусі плануе наймаць замежных грамадзян на кантрактную службу ва ўзброеных сілах і ўнутраных войсках. Такую інфармацыю распаўсюдзіла аб’яднанне «BELPOL».
Пра што гаворка?
Рэжым плануе набіраць на кантрактную службу замежнікаў узростам 21-33 гады, якія легальна жывуць у Беларусі. Першы кантракт будзе заключацца на год, наступны — ужо на 5. Пасля выслугі гэтага тэрміну замежнік зможа атрымаць беларускае грамадзянства.
Замежнікам будуць выстаўляць такія ж патрабаванні, як і да беларусаў. Спіс краінаў, грамадзяне якіх могуць служыць у Беларусі, не вядомы. Аднак закон аб вайсковым абавязку і вайсковай службе прадугледжвае, што вайсковы абавязак «не распаўсюджваецца на замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства, якія жывуць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».
Між тым, перыядычна то намеснік міністра МУС Мікалай Карпенкоў, то сам міністр Іван Кубракоў публічна выхваляюцца, што стварылі новае спецпадраздзяленне ўнутраных войскаў. Калі штурмавыя атрады растуць як грыбы пасля дажджу, то навошта яшчэ спатрэбіліся і замежныя найміты — такое невялікае войска апрычнікаў?
Журналіст BGmedia пагутарыў з Аляксандрам Казаком, спецыялістам у пытаннях нацыянальнай бяспекі.
— Чаму ўвогуле ўзнікла ініцыятыва — наймаць замежнікаў для службы ў беларускіх Узброеных сілах і ўнутраных войсках?
— Гаворка ідзе пра тое, каб наняць на службу выхадцаў з Расіі. Пакуль што гэта ініцыятыва, але я не сумняваюся, што яна пройдзе.
Відавочна, набіраць ва ўнутраныя войскі наймітаў з Захаду не стануць — гэта шпіёны, ворагі і гэтак далей. Хутчэй за ўсё, погляды беларускіх сілавікоў скіраваныя ў бок патэнцыйных хаўруснікаў і хутчэй за ўсё на Расію. Справа ў тым, што расіяне маюць адпаведны ваенны досвед, бо многія прайшлі праз вайну ва Украіне. Але ёсць рызыка, што расіяне захочуць застацца ў Беларусі назаўсёды. Калі ж іх «пасадзіць» на кантракт — атрымліваецца зусім іншая гісторыя.
Я б сказаў, што гаворка ідзе пра ўдасканальванне ўнутраных войскаў. І няварта сябе падманваць, задумана рэалізуецца ў кантэксце далёкіх, але надыходзячых выбараў.
— Гаворка ідзе пра легалізацыю ў тым ліку і «вагнераўцаў», якія засталіся ў Беларусі?
— Цалкам магчыма. Нядаўна «Беларускі Гаюн» падлічыў, што ў краіне засталося прыкладна 500 «вагнераўцаў» (я не ведаю, адкуль яны ўзялі гэтую лічбу — час пакажа, ці маюць яны рацыю). Безумоўна, і «вагнераўцаў» трэба нейкім чынам легалізаваць, і ўнутраныя войскі нейкім чынам падымаць — і з дапамогай расіян, дый не толькі расіян. То бок, рэжым стварае камфортныя ўмовы для ўнутраных войскаў, своеасаблівы інкубатар.
— Аказваецца, 2023 год ва ўнутраных войсках аб’яўлены годам стварэння спецпадраздзяленняў. Дык вось, цягам годам, калі верыць Мікалаю Карпянкову, у Беларусі створаныя восем новых атрадаў спецназа: «Рысь» і «Беркут» у Мінску, «Шторм» у Брэсце, «Тайфун» у Гродне, «Буран» у Гомелі, «Цыклон» у Астраўцы, а таксама ветэранскія «Смерч» і «Честь». Анансавана стварэнне яшчэ аднаго падраздзялення спецназа, якое будзе дыслакавацца пад Мінскам. Здаецца, у Беларусі хапае сваіх рэкрутаў. Дык навошта тады замежнікі?
— Стварэнне спецатрадаў не гаворыць пра тое, што ў краіне хапае рэкрутаў. Гэта можа сведчыць ператасоўванне калоды: з нейкіх брыгад адбіраюць найлепшых і з іх ліку фармуюць асобныя спецпадраздзяленні. Таму я б не спяшаўся гаварыць ні пра дастатковую колькасць рэкрутаў, ні пра нейкі прэстыж гэтай працы.
Гаворка ідзе пра прыцягненне спецыялістаў звонку, не выключаю, што хутка ва Унутраных войсках Беларусі мы ўбачым выхадцаў з Расіі, Казахстана і іншых краін СНД.
— Вы кажаце, гэтая ініцыятыва з’явілася з прыцэлам на прэзідэнцкія выбары. То бок, сістэма рыхтуецца да верагоднага паўтарэння сцэнару 2020 года? Прынамсі, апасаецца новых пратэстаў?
— Не думаю, што сістэма чакае пратэстаў, хутчэй, яна знаходзіцца ва ўнутраным стане абсесіі. У рэжыма, у тым ліку і ў Лукашэнкі, ёсць вялікая псіхалагічная траўма і комплекс, які стаўся вынікам падзей 2020 года. Я абсалютна ўпэўнены ў тым, што з’яўленне Лукашэнкі летам 2020 года на Мінскім заводзе калёсных цягачоў, калі натоўп крычаў яму «Уході», запомнілася яму назаўсёды.
Гаворка не пра глыбінна-стратэгічны падыход. Давайце будзем шчырыя: вельмі многа беларусаў «ўдарнага характару» або з’ехала з краіны, або апынулася за кратамі. Зараз зусім іншая сітуацыя. Але ўнутры Лукашэнкі выспела закамплексаваная дзіцячая злосць на суайчыннікаў, дый ён баіцца паўтору пратэстаў.
— Беларускі рэжым даў прытулак мінімум васьмі былым байцам украінскага «Беркута», якія адзначыліся забойствамі на Майдане. Лукашэнка забраў іх сабе без асаблівай фармалізацыі статусу. Дык навошта зараз спатрэбілася фармалізаваць статус замежных наймітаў?
— Адна справа — прымаць украінскі «Беркут». Па-першае, засталіся адзінкі «беркутаўцаў», па-другое, «Беркут» не ў стане мабілізавацца, самаарганізавацца і ўдарыць унутры краіны. А вось, напрыклад, імпартаваныя расіяне, калі іх не легалізаваць, не прапусціць праз сіта спецслужбаў і контрвыведкі, могуць стаць унутраным знешнім раздражняльнікам і пагрозай.
— То бок, рэжым спрабуе вырашыць складаную задачу: стварыць невялікае прыватнае войска апрычнікаў, і пры гэтым выключыць пагрозу з іхняга боку для самога рэжыму?
— Рэжым знаходзіцца ў моманце суперпазіцыі, калі ён адчувае адначасова і знешнія, і ўнутраныя пагрозы. Так склалася, што частка войскаў закліканыя даць адпор на знешнія пагрозы, а ёсць унутраныя войскі (і міліцыя, і войскі спецыяльнага прызначэння), якія займаюцца ўнутранымі пагрозамі. Дык войскі, прызначаныя для адказу на знешнія пагрозы, у пэўнай ступені ўкамплектавалі, як змаглі, натрэніравалі «вагнераўцамі», а зараз было б нядрэнна заняцца і ўнутранымі войскамі. «Вагнераўцы» не спецыялізуюцца на падаўленні пратэстаў, таму трэба запрашаць наймітаў. Але наймаць прадстаўнікоў ПВК Blackwater у Беларусь ідэйна няправільна.
Добро пожаловать в реальность!