Ёсць такая вёска Мсціж –
Першая сталіца лёсу,
Дзе адзначаць твой прэстыж,
Дзе да смерці ў сэрцах носяць…
Хачу Вас, шаноўнае спадарства, пазнаёміць бліжэй з гэтай мясцовасцю, якая з’яўлялася сапраўдным цэнтрам асветы і навуковай дзейнасці не толькі ў XVI – XIХ стст., а і раней. І гутарку павяду, каб засяродзіць вашу ўвагу на помніках культуры і батанічна-прыродным асяродку – таксама помніку, які зараз знаходзіцца ў заняпадзе і чакае ратунку ад нас, людзей. Чакае, калі мы, нарэшце, дапаможам вызваліцца дрэвам, зваленым цягам часу і бурай, кветкам – зацвісці ранейшым аздабленнем, прывезеных з-за мяжы і тутэйшых…
Некалькі слоў з гісторыі
Ці не праўда, загадкавая назва – Мсці-і-ж? Чытаем у судовых паперах за 1536 г., калі Ваявода Вілейскі са сваімі сынамі дзяліў Літоўскія маёнткі, што Мсціж адыходзіў да аднаго з сыноў. А значна раней неразборлівы запіс «масты ж тут былі» летапісец перапісаў так: «Мсціж тут быў». Пасля таго, мусіць, і пачалі называць вёску Мсціжам. Ніводнае, ведаеце, ліхалецце не абыходзіла бокам гэта пасяленне. А як абысці, калі Мсціж размешчаны пры дарозе, што звязвала губернскія гарады Мінск і Віцебск?
Гэтыя землі казачнай прыгажосці заселены людзьмі даўно. У першай палове ХХ ст. археолагі знайшлі тут манеты і рэчы, якімі карысталіся мсціжане аж дзве тысячы гадоў таму. А ў сярэдзіне 30-х гг. у Мсціжы знойдзена бронзавая старажытнарымская манета ІІ ст. н.э. Пазней аратыя плугамі вырылі скарб, які налічваў каля 1000 срэбных рымскіх манет. О, пасля такіх знаходак павялічыліся раскопкі. Мсціжане зламалі не адну рыдлёўку. Часта росшукі рабілі вось каля гэтых рэшткаў ад панскай сядзібы. Некалі тут быў маёнтак з шырокім дваром, абнесеным мураванай агароджай. А зараз на гэтым месцы – лячэбніца (таксама былая – пра яе асобная размова, каб аднавіць для жыхароў будынак, пакуль не рассыпаўся, як той панскі маёнтак). Дык вось, на пачатку XVI ст. маёнтак належаў Радзівілам. Хутчэй за ўсё жанчыны на сваім агародзе ў 1981г. выкапалі Радзівілаўскі клад манет 1560-1620 гг. польскіх каралёў Сігізмунда 3, Станіслава Аўгуста.
Уяўляеце, якія тут жылі заможныя ўладары? А гэта пэўны час – езуіты. Потым – паны Падбярэзскія, якія валодалі аж двума маёнткамі. І вось у 1709 г адзін з мсціжскіх маёнткаў набывае Яўстахій Слізень. А другі маёнтак належаў падканцлеру літоўскаму, дзяржаўнаму і палітычнаму дзеячу, рэфарматару Яўхіму Храптовічу. Абодва былі высокаадукаванымі і моцнымі гаспадарамі. Яўхім Храптовіч у 1760 г. будуе тут касцёл. Але так як у яго было некалькі маёнткаў, ён у 1776 годзе сваю частку Мсціжа нядорага, па сяброўству, прадае маршалку Барысаўскаму Мікалаю Слізеню.
Пазней касцёл Храптовічаў Мікалай Слізень перарабіў у царкву «Святога Юрыя». Тагачасны вядомы фатограф Я. Балзункевіч пабыў на Мсціжы, і мы зараз бачым на свае вочы, што царква гэта – сапраўдны твор народнага дойлідства.
Самае важнае, што царкве «Святога Юрыя» доўгі час належаў беларускі рукапісны помнік 14 ст. – «Мсціжскае Евангелле». Бачыце, настолькі быў вядомы Мсціж у тыя часы, што сам бурмістр г. Менска Васіль Мікіціч Лах ахвяраваў экземпляр Евангелля царкве Мсціжа. На срэбных пласцінах скуранога пераплёту выгравіраваны фігуры евангелістаў і Хрыста на крыжы. У цяперешні час Евангелле захоўваецца ў бібліятэцы АН Літвы. Сапраўды, чаму мсціжанам не перапаўняцца гонарам за такі незвычайны след на гэтай зямлі?!
Дык вось, дзякуючы Слізеню маёнтак у Мсціжы праз некалькі год не толькі дасягае свайго росквіту, але і праз навуковую і даследчую дзейнасць становіцца вядомым далёка за межамі нашага краю. Найбольш сіл для ўпарадкавання маёнтка прыклаў сын Мікалая Ёзаф Слізень. Атрымаўшы высокую адукацыю за мяжой, Ёзаф бацькоўскаму краю жадаў моцнай пашаны. Ён праявіў сябе яшчэ як нястомны калекцыянер і збіральнік культурных каштоўнасцей. У 1845 г. яго бібліятэка налічвала больш за 7000 тамоў. У ёй былі не толькі сучасныя на той момант кнігі, але і выданні XVI – XVIII стст. Пан марыў, каб людзі былі адукаванымі і культурнымі. Народ з’язджаўся ў маёнтак, каб наведаць і рэдкую мастацкую галерэю з твораў жывапісу і скульптуры. Былі ў Мсціжы цікавыя калекцыі манет, медалёў розных часоў і народаў – аж каля 2000 адзінак. Не меншым быў і збор ракавін, мінералаў. Захапленні Ёзафа ператварылі Мсціж у прывабнае месца, дзе можна было сустрэць нямала прыезджых з усёй Беларусі. Яны ехалі вось праз гэту прыгожую браму.
Такой браме з двух вялікіх цагляных слупоў, аб’яднаных з дапамогай аркады, аналагаў не знойдзеце. Па баках, бачыце, зроблены меншыя брамкі – для людзей. Здаецца, зараз выйдуць гаспадары і паклічуць нас да сябе, а цераз галоўную браму выкацяць бочку з напоем, які тут таксама гатаваўся высокай якасці. Але, на жаль, няма даўно гаспадароў, як і чатырох брам, падобных на гэту. Дзве з іх вялі да парку.
Cлаўны гаспадар пан Ёзаф Слізень
Вось парк якраз і дажыў да сённяшняга часу. Па парку кожную раніцу любіў хадзіць пан Ёзаф Слізень. Тут квітнеў і разрастаўся багаты збор раслін. Як тутэйшых, так і экзатычных – усяго каля 3,5 тысяч відаў. Для іх былі збудаваны вялікія цяпліцы і аранжэрэі, якія абаграваліся. Парк быў добраўпарадкаваны. Не тое, што цяпер. Няма добрага гаспадара – і ўвесь сакрэт. А вось пан Ёзаф якраз быў слаўны гаспадар. У яго парку размяшчаўся звярынец, дзе жылі рознакаляровыя папугаі, мноства канарэек, кольчатыя горліцы, паўліны, лебедзі, буслы, журавы, незлічоная стая галубоў і розныя чарапахі, звераняты ласёў, аленяў і ланяў. Прычым іх штодзень зранку ў адзін і той самы час карміў са сваіх рук сам пан.
У парку і сёння мы згледзім невялікае азярцо, у якім купалася пані Югася, жонка пана Ёзафа. У купальскую ноч яе голас могуць пачуць закаханыя, калі не пабаяцца прысесці на камень Кахання тут жа, у парку. Але трэба кахаць моцна-моцна. Іначай голасу не пачуеце. Вось так.
Шмат цікавых легенд у гэтым парку чулі ад свайго бацькі любімыя дочкі Ізабэла і Тэрэза. І вельмі перажывалі, калі насельнікі звярынца засталіся без належнага дагляду. Заняпаў сад. Маршалак Бабруйскі Ігнацій Булгак, узяўшы шлюб з дачкой Ёзафа Ізабэлай, толькі пры жыцці пана ўдзяляў увагу цесцевым захапленням. А не стала Слізеня, і лёс славутай бібліятэкі па сёння невядомы.
Вядома толькі, што ў Ізабэлы і Ігната нарадзілася прыгожая дзяўчынка Сафія. А сама Ізабэла пасля родаў пражыла мала. Удавец пакутаваў нядоўга і аднойчы прапанаваў руку малодшай сястры нябожчыцы Тэрэзе. Тая, пераадольваючы ганьбу, згадзілася на шлюб. Праўда, яны мала жывуць у маёнтку, больш – у Мінску. Тым часам падрастае Сафія, якая 28 студзеня 1858 г. атрымлівае маёнтак па раздзельнаму акту. На багатую нявесту звяртае ўвагу сын не менш вядомых паноў Валовічаў – Генрык. Пасля шлюбу адзін за адным у іх нараджаецца пяцёра дзяцей…
…А не было б ліха, каб жыў хто-небудзь у маёнтку. Каля 1890 г. адбыўся моцны пажар. Як ні ратавалі панскі маёнтак, двухпавярховы палац згарэў дашчэнту. На змену яму быў пабудаваны аднапавярховы сядзібны дом з ганкам і калонамі.
Зберагліся вось гэтыя векавыя ліпы.
Зараз цяжка сабе ўявіць, што вёска Мсціж амаль дзве сотні год таму з'яўлялася буйнейшым цэнтрам асветы і навуковай дзейнасці. Нават Барысаў у той час не мог параўнацца з ёй у гэтым. Дарэчы, на сайце райвыканкама дадзена кароткая даведка: «Посмотреть на созданный Слизнем ботанический сад и зверинец приезжали даже зарубежные гости. На территории усадьбы до сих пор живут виноградные улитки — известный деликатес, которым любили лакомиться дворяне в XVIII веке». Теперь даже белорусские туристы в этой деревне — редкость…
Крыніцы павінны быць чыстымі…
А каб не рэдкасцю былі турысты, ды і самім у першую чаргу было б прыемна прагуляцца па панскім садзе, палюбавацца прыгажосцю прыроды створанай некалі працавітымі рукамі і высакароднымі сэрцамі, ідэю пачысціць парк, а пасля аднавіць яго падхапілі суседзі: Паўхлеб Вера з Мужам Анатолем Грыгор’евым, Каландзёнак Мікола з жонкай Ірынай, а таксама мае сёстры Любоў і Надзежда. На працягу года была перапіска з райвыканкамам, сельсаветам, перагаворы з дырэктарам школы, супрацоўнікамі лясніцтва, старшынёй саўгаса.
Адмовы з боку райвыканкама не было, як і сельсавета. У лістах, дасланых мне, я даведалася, што парк Слізеняў з 2008 года з’яўляецца батанічным помнікам прыроды мясцовага значэння. Вядома, я і зараз не магу стрымаць хвалявання і недаўмення: чаму да сёння ў парку нічога не распачыналася для яго акультурвання? На гэта пытанне змагла даць адказ толькі дырэктар школы Людміла Магерава, якая зацікаўлена гісторыяй акаляючых мясцовасцей з першых дзён працоўнай дзейнасці ў Мсціжы.
Яшчэ ў 2003 годзе яна распачынала з вучнямі і настаўнікамі ўборку парка. Але ёй забаранілі… І калі яна даведалася, што ў гэтым годзе ёсць дазвол, папрасіла старшыню калгаса Уладзіміра Лышчыка, каб той даў транспарт на 1 мая. У гэты дзень мае аднадумцы, выпускнікі Мсціжскай СШ збіраліся прыехаць.
Частка з тых, хто дакляраваў дапамогу, не прыехалі, бо палічылі няўдзячнай і цяжкай працай надуманае. Былі такія, што не змаглі прыехаць па ўважлівай прычыне і паабяцалі свой унёсак зрабіць абавязкова ў бліжэйшы час. Вучні таксама арганізавана выйшлі на суботнік разам з настаўнікамі 22 мая. Потым мы прыехалі 15 жніўня, прыбралі яшчэ добрую частку парку.
Першы наш працоўны дэсант быў плённым: вычысцілі ад смецця і валежніку ладную дзялянку. Аж сэрца радавалася, калі сонца заіграла ў лісцях і на палянцы з невядомымі беларускаму краю кветкамі, бо, завезеныя 200 гадоў назад з-за мяжы, яны па сёння здзіўляюць сваёй прыгажосцю. А некалі цвілі на клумбах, у аранжэрэях. Праўда, каб адгукнулася хаця б у разоў так пяць больш народу, то і зрабілі б значна больш.
Вераснёўскімі днямі гэтага года, нягледзячы на занятасць, страшэнную загружанасць, дырэктар школы звязалася з Мсціжскім лясніцтвам, і больш за тыдзень леснікі працавалі ў парку. Я абтэлефанавала ізноў сваіх сяброў. Але хто захварэў, каму ўунукаў трэба ў школу праводзіць… Так і не змаглі мы прыехаць, каб прыбраць тое, што напілавалі леснікі. Крыху пазней, бо яшчэ ідуць сельскагаспадарчыя работы, вызваліцца тэхніка, і старшыня калгаса абяцае выдзеліць транспарт.
Вера Буланда і старшыня калгаса Уладзімір Лышчык.
Мой допіс у рэдакцыю мае мэтай не толькі распавесці пра гісторыю Мсціжа, а звярнуць пільную ўвагу ідэолагаў райвыканкама, старшыні сельсавета. Выкарыстоўваючы магчымасць, хачу звярнуцца да Вас, шаноўныя Гарнак Людміла Іванаўна, Якубоўскі Дзяніс Вячаслававіч, Голубеў Дзмітрый Дзмітрыевіч, дапамажыце, прадумайце, як аднавіць парк, выдаткуйце сродкі для сцежак, альтанкі, хаця б адной, ліхтароў. І ў час нашых дыялогаў была кінута слушная думка: «Чаму ніякай шыльды не арганізавана, якая б нагадвала і папярэджвала аб тым, што гэты парк ахоўваецца дзяржавай?» І вельмі нас цікавіла яшчэ адно пытанне: «Няўжо для аднаўлення парку не адпускаліся спецыяльныя сродкі? Не з неба ж узнікла рашэнне аб’явіць яго батанічным помнікам культуры?..»
Магчыма, гэты мой артыкул заахвоціць яшчэ не аднаго прыязнага душой да роднага краю. Мары павінны збывацца. «Крыніцы павінны быць чыстымі,» – гаворыць сваім вучням настаўнік аднаго з раманаў І. Шамякіна. І азярцо пані Югасі ў парку непадалёку ад Каменя Кахання павінна быць чыстым, і возера Мсціжскае…
-Так, так, – пацвярджае Уладзімір Яўгенавіч, старшыня калгаса, – і я за гэта дзвюма рукамі. Каб і парк, і возера пачысціць. Толькі дзе людзей браць? А яшчэ сродкі вунь якія трэба. А транспартам дапамагу.
Здаецца, вельмі яскравы намёк на дапамогу і фінансамі, і людзьмі. Будзем ізноў тэлефанаваць, шукаць аднадумцаў, а асобы ад улады таксама не супраць, я думаю, паклапаціцца, звязаўшыся з інспекцыяй па ахове помнікаў, прадумаць аднаўленне парку, падрыхтаваць спецыяльныя дакументы для стварэння сапраўднага батанічнага помніка прыроды мясцовага значэння, каб з часам сюды спяшаліся не толькі турысты.
P.S. Сябры, хто неабыякавы да адраджэння культуры ўвогуле і паркавых ансамбляў, прашу звярнуць увагу на інфармацыю, пададзеную вышэй. Каб парк у Мсціжы пачаў жыць, а не існаваць, неабходны працалюбівыя, улюбёныя ў прыроду людзі. Вельмі спатрэбяцца грошы, калі будзе вызвалены парк ад ламачча, бо аднаўленне - гэта і сцежкі, што можа падказаць ландшафтны дызайнер, наяўнасць якога асабліва пажаданая, і альтанкі, вячэрне-начное асвятленне, клумбы, кустарнікі, дрэвы... Звяртайцеся з пытаннямі, ідэямі і сваёй дапамогай па тэлефонах: 8(017)259-93-90 (хатні, Мінск), 8(029)-278-06-26.
Подпишитесь на
канал ex-press.live
в Telegram и будьте в курсе самых актуальных событий Борисова, Жодино, страны и мира.
Добро пожаловать в реальность!
Добро пожаловать в реальность!
Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите
Ctrl+Enter