На наступным тыдні, у сераду, 24 сакавіка, запланавана творчая сустрэча беларускага паэта Аляксандра Быкава з барысаўцамі.
Творчая імпрэза павінна адбыцца ў Краязнаўчым цэнтры бібліятэкі імя Каладзеева (4 паверх), пачатак у 12.00.
Нагадаем, што Аляксандр Генадзевіч Быкаў нарадзіўся 7 верасня 1954 года ў горадзе Барысаве. Ён працаваў трактарыстам у аб’яднанні «Барысаўдрэў», затым — карэспандэнтам у шматтыражцы «Трыбуна наватара» заводу БАТЭ.
Пасля заканчэння факультэту журналістыкі БДУ пэўны час працаваў у газеце «Камуністычная праца», а потым пераехаў у Мядзел. Там узначальваў аддзел эканомікі раённай газеты «Нарачанская зара».
Вершы нашага земляка друкаваліся ў раённым і рэспубліканскім перыядычным друку, альманахах «Дзень паэзіі-2005», «І зоркі над Бярэзінай-ракой», «Міншчына літаратурная». Выдаў некалькі зборнікаў вершаў: «Кветка папараць», «Пад небам бусліным», «За межы круга», «І тым не менш…», а таксама кнігу прозы — «Бабуліны макі».
Лаўрэат рэспубліканскай літаратурнай прэміі «Залаты купідон» (2014).
Напярададні творчай імпрэзы наш земляк даслаў EX-PRESS.BY нізку сваіх новых вершаў, якія яшчэ нідзе не друкаваліся.
Дажджлівы верасень
Зноў раніцай золкай
Сірочым лістом упадзе
Высокая зорка —
І лета да лета скрадзе.
У немым чаканні
Мая заінее душа.
І будуць расстанні,
І з шэрага неба імжа.
Ўсё будзе, як будзе —
Як вызначыў гэты Сусвет.
І нехта забудзе,
А хтось перахрысціць услед.
… Ды лета дачасна
Ісці не гатова на злом.
І сонца за Мястра*
Чапляецца белым крылом!
*Мястра – возера ў Мядзельскім раёне.
Лістападаўскі верш
А дзень зляціць, як знічка.
Ні межаў, ні граніц.
На вуліцы Крынічнай
Даўно няма крыніц.
Зноў полаг неба выстыў
На зімняе мяжы…
Ды побач дзве, празрыстых,
Як з тых крыніц, душы.
Зiма
Душу, быццам тую прыблуду,
У царстве забеленых стрэх,
Завеі ачысцяць ад бруду
Сумніўных памкненняў і ўцех.
Зіме гэтай спрэчкі пустыя
Пакінем. Абы не праспаць,
Калі, як гады маладыя,
Ізноў ледзякі зазвіняць ...
Лютаўскі снег
Не ўцячы ад нуды і жуды
Нам ніколі, здаецца.
Толькі сонца
Праз хмары-клады
Немінуча праб'ецца.
І няхай яшчэ цягнецца след
Дня былога,
Ёсць спадзева на лютаўскі снег,
І на Бога ...
Марозным лютым
Я выбар кожнага прыму,
Калі ён шчырасцю сагрэты.
Няхай хтось моліцца на лета,
А хтосьці «топіць» за зіму.
І зрэшты розніца не ў тым,
Твой шлях ці летні, ці марозны,
Бо ткуць наш лёс нябёсаў кросны
І мары сцелюцца, як дым ...
Наш марафон
Каханай Танютцы
І ўчынкі былі, і словы,
Майскі, вясельны звон…
Вось ён і ёсць — пажыццёвы
Наш з табой марафон.
Сонца зноў лашчаць промні,
Крылаў бусліных узмах.
І двор утравелы шчэ помніць,
Як нёс я цябе на руках!
Снежаньскі верш
Быццам дзяўчына капрызлівая,
Позніцца нешта зіма.
Толькі, вятрыска пранізлівы, —
Нас ты маркоціш дарма.
Будуць шчэ сцежкі завеяныя,
Выстудзяцца палі….
І, небам душа адбеленая,
Мо крылы расправіць калі?!
Яблык з лецішча
Студзень, куды меціш ты?
Ну, падай хоць знак.
Яблык мерзлы з лецішча --
Як ён сёння ўсмак!
З лета прамінулага
Дачакацца змог
І душу заснулую
Будзіць незнарок.
Эцюд
… А неба пачарнела зноў пагрозліва,
Ды веру — сонца зазірне у хату.
Казуля п’е з ваду з ляснога возера,
Нібы вандроўнік стомлены — гарбату.
Добро пожаловать в реальность!