Пісьменніца Святлана Курс (псеўданім Ева Вежнавец) два гады таму ўзяла прэмію імя Ежы Гедройця. Сёлета яна сябра журы. 25 лістапада ў Гданьску абвесцяць чарговых лаўрэатаў. Наша Ніва папрасіла аўтарку культавай ужо кнігі «Па што ідзеш, воўча?» расказаць, чым была і ёсць галоўная незалежная літаратурная прэмія для беларускіх празаікаў і чытачоў, як яна ставілася сама да працы журы раней і зараз, калі апынулася ўжо «ўнутры гісторыі».
— Гедройць трэці год запар праводзіцца за межамі Беларусі. Узнагарода ў выгнанні дадае вагі аўтарам і кнігам?
— Ці адымае, ці дадае — я не ведаю, шчыра кажучы.
Бацькаўшчыну як тэрыторыю, як зямлю ў нас забралі, але ў шырэйшым, глыбінным сэнсе зрабіць гэта немагчыма.
Бацькаўшчына перш за ўсё рэч ментальная і панятак ментальны. Вагу нам прыдае не тое, дзе мы атрымоўваем гэтую прэмію, а — за што? Менавіта за твор якой якасці? Толькі гэта мае значэнне. Бо свет гатовы нас слухаць, нам застаецца «зусім нічога»: гаварыць яму і сабе нешта вартае.
І мне падаецца, так і гаворым — людзі гатовыя выслухаць беларусаў на роўных. Нават у цяперашніх абставінах, калі галасы гучаць ціха: паўсюль адбываюцца вельмі глабальныя рэчы, мы перабудоўваемся перад наступным скачком наперад. Што там будзе — невядома. Адсюль і ўвага да слушных разваг, цікавых меркаванняў.
— Але ж не ўсе гатовыя да руху наперад, хіба мала тых, хто бачыць сваю місію ў замінанні будучыні?
— Ворагаў, правакатараў і дурняў хапае, але нечаканым чынам яны нам і дапамагаюць. Глядзіце: цэлы двухтомнік Дуніна-Марцінкевіча днямі прызналі экстрэмісцкім, але насамрэч гэта азначае найперш прыдаванне яму жыцця.
Бо людзі пачнуць цягнуцца да творчасці нацыянальнага класіка, шукаць тое жывое, з прычыны якога і здарыўся бязглузды ўладны вырак.
Ці возьмем узорную беларусаедку Бондараву — раней яе з «аднадумцамі» нават пабойвалася, каб не знішчылі ў выніку нашу культуру. Але далей зразумела: у іх «кіпенні» зноў жа ёсць і пазітыў.
Найперш, з’яўляюцца кантрасныя параўнанні. Мы бачым, што наша мірная, вялікая і прасторная культура дае прытулак усім людзям незалежна ад нацыянальнасці, абы яны жылі ў Беларусі і прызнавалі яе сваёй Бацькаўшчынай. А за нашымі ворагамі — наадварот традыцыя знішчэння, забаронаў, перашкаджання, вузасці, нізасці і гэтак далей. І на гэтым фоне мы проста ззяем як зорка.
— Размова пра беларускі дух, выяўлены ў развіцці нацыянальнай культуры?
— Так.
Людзі цягнуцца цяпер да беларускага, як не бачыла ніколі раней.
У фэйсбуку, іншых сацсетках мне пішуць нават такое: калі ласка, дапамажыце з эпітафіяй па-беларуску для майго ката, для майго сабакі, таму што яны былі беларусамі… Да такога вось даходзіць… Ці: Света, не хачу больш карыстацца расійскмі прыказкамі і прымаўкамі, але не магу знайсці беларускіх, дайце рады…
Бачу масавае жаданне гаварыць і пісаць на роднай мове. І хай блытаюць словы-паняткі — асабістае з прыватным, густ са смакам, — але на тое не варта звяртаць увагі. Як і на тое, што інтанацыйна і часамі лексічна, сінтаксічна мова «новых» недасканалая, але і гэта не мае значэння! Галоўнае, людзі стаюць на беларускі шлях. Вось альтэрнатыва таму, што навязваецца ўладамі, якія перайшлі ад квазіакупацыйнага ўздзеяння на нашу мову, культуру і зямлю да наўпрост расейскага акупацыйнага рэжыму.
— Прэмія Гедройця ў гэтым сэнсе адпавядае беларускім чаканням? Задае літаратуры і грамадзе новую планку? Уплывае на беларусацэнтрычнасць?
— Пачнем нават ад цынічных і даволі ўтылітарных рэчаў. З таго, што за прэміяй цалкам значныя матэрыяльныя ўзнагароды: грашовы складнік, пісьменніцкая рэзідэнцыя, выданне кніг — усё тут важна і важка.
Як грунтоўны і сам працэс. Яго ў якасці сябра журы мне давялося пабачыць знутры. Выбраць добрыя кнігі і лаўрэатаў вельмі складана. Трэба ўлічыць не 10 чыннікаў, а 15, 20, цэлы мільён… І каб кніга была добра напісана, і жанрава годна, і ляжала ў кантэксце, і гэтак далей.
Калі ты ўнутры гэтай прэміі, то бачыш, якая багатая і разнастайная наша Беларусь і яе ўнутранае, культурнае і грамадскае жыццё. Мы насамрэч не заўважаем сваёй класнасці, важнасці, таго, як развіваемся.
Насуперак імкненню адабраць нашу прастору для жыцця і развіцця. Адных адправілі з Беларусі, другіх пасадзілі ў турму, трэціх дык увогуле фізічна знішчылі. Але тым не менш супольная інтэлектуальная, маральная, этычная і духовая прастора беларусаў працягвае трымацца. Не бондаравым жа гэтаму замінаць… І ў такой прасторы павінны быць маякі, слупы, вежы, на якія варта аглядацца і якіх трэба трымацца. Вось для мяне прэмія Гедройця, прэмія «Дэбют» такія маякі і ёсць.
— Канцэпцыя Гедройця доўгі час успрымалася прыгожай мрояй. Але хіба цяперашні жорсткі час не засведчыў, што ён меў рацыю? Табе, якая так доўга стала жыве ў Польшчы, як нікому іншаму бачная салідарнасць і падтрымка Беларусі, нашай культуры і літаратуры… Прэмія гэта таксама выяўляе?
— Яшчэ як! Мала таго, мы і палякі ўзаемна ўзбагачаемся.
Нягледзячы на дастатковую ўнутраную палітычную падзеленасць, калі даходзіць да рэчаў салідарнасных, каштоўнасных, палякі робяць вельмі важкія крокі, і не толькі ў наш бок, і не толькі ў 2020-м. Але, напрыклад, і да прымірэння з украінцамі, з якімі меліся дужа складаныя гістарычныя праблемы. У гэтым шэрагу прэмія Гедройця толькі адно з многіх сведчанняў праўды вышэй сказанага. Мы — не адны ў гэтым няпростым свеце.
— Цяпер трошкі пра так званыя «пазатэкставыя фактары» — яны, дарэчы, прысутнічаюць літаральна ва ўсіх прэміях, улучна з Нобелем і Пулітцэрам. Дык вось, падчас першага Гедройця найбольшыя стаўкі былі на Лукашукоў «След матылька» і клінаўскі «Шалом», але ў выніку гэтыя кнігі нават не трапілі ў тройку пераможцаў… Ці ў шостай прэміі многія маліліся за «Радзіва «Прудок» Горвата, аднак яно ўвайшло толькі ў шорт-ліст. Калі ў спаборніцтва ўключылася ты, усе ці не ў адзін голас таксама прарочылі перамогу Еве Вежнавец… Так і здарылася. Цяпер ты ў журы. Якія адчуванні новага прэміяльнага досведу? Яны памяняліся ў параўнанні з тым, калі была проста прэтэндэнткай на Гедройця ці яшчэ раней проста сачыла за барацьбой?
— Сярод нас ёсць людзі розных прафесіяй, якія круцяцца вакол літаратуры: рэдактары, літаратуразнаўцы, крытыкі. Ёсць дзейныя пісьменнікі, якія ў прынцыпе і чытаюць не так шмат, але разумеюць у выяўленчых сродках, кампазіцыі твора, рэдактарскай праўцы. Якія могуць сказаць, ці ўсё дапрацавана да канца, ці рэдактар выклаўся напоўніцу, ці прыбраў лішняе, ці добрая лексіка, беларуская мова… Увогуле: тут кніга або набор вельмі таленавітых, аднак нататак?
І кожны з трыццаці-сарака твораў, якія трапляюць на вочы вось гэтага журы, нам уяўляецца абсалютна індывідуальным варыянтам.
Аднак год на год не прыходзіцца. У адзін маем чатыры прыўкрасныя рэчы, і выбраць пераможцу — тое самае, што прайсці па валаску. А бывае, што кнігі задумваліся добрымі, аўтары былі таленавітымі і ўсё нібыта окай, аднак кнігі тыя недапрацаваныя, недарэзаныя, недапісаныя, рэдактар недарабіў сваім гэблікам…
Альбо чалавек, бачым, вельмі спяшаўся і сам сабе нарабіў бяды. З сабранага жыццёвага матэрыялу магла атрымацца вельмі файная рэч, якая страсянула б усіх. Толькі аўтар вырашыў задаволіцца сырцом. І хоць бачыш задаткі, вока больш муляюць недапрацоўкі. Іншая кніжка наадварот звычайная, прахадная, затое кампазіцыя і завершанасць яе вельмі высокія.
Кожная творчая праца — гэта гісторыя, і мы ў журы сумленна прагаворваем яе. Размаўляем пра ўсе аспекты аўтарскай пазіцыі.
— Аднак жа ўсё тое застаецца па-за грамадскай увагай? Вунь колькі крыўдаў у фэйсбуку выклікала няўдача «Радзіва»!
— Ды я сама наязджала некалі амаль на кожнае рашэнне журы: і тое не так, і тут несправядліва… Але як апынулася ўнутры гісторыі, усё і зразумела. І наступіла ва мне пакора. І цяпер я сказала сабе: перш чым ты не абуеш чыесьці боты, не пройдзешся ў іх, то не будзеш крытычнай і рэзкай. У прэміі працуюць чэсныя і разумныя людзі.
— Дык што ў тваім уяўленні нармалёвая літаратурная крытыка?
— А я б не мела сумлення, каб адчаканіла, чым яна ёсць. Бо ніколі гэтым не займалася. Затое дакладна ведаю: у беларускай літаратуры страшэнна бракуе рэдактараў. Крытыкаў, дарэчы, таксама, бо ў іх няўдзячная праца, паколькі пісьменнікі вельмі крыўдлівыя і тонкія людзі — інакш немагчыма, але я б ставіла на рэдактараў.
— Размова тут не толькі пра літаратурныя тонкасці: некаторыя смела крытыкуюць прэмію за неэфектыўны, на іх погляд, уплыў на творчы працэс у цэлым, слабую папулярызацыю беларускіх аўтараў… І яны ў выніку змушаныя варыцца ва ўласным саку. Адчуваеш гэту праблему?
— Насамрэч ніякая гэта не варка ва ўласным саку.
Вельмі цяжка прапусціць праз сябе сорак кніжак. Мала таго, калі бачыш творчыя няўдачы, разумееш, што чалавек мог напісаць лепей, аднак схалтурыў, гэта адбірае і твае сілы, расчароўвае.
Што да таго, каб прэмія дадавала прэстыж беларускай літаратуры, мне здаецца, яна гэтую сваю задачу выконвае.
Чаму ўсё роўна вінавацяць, крытыкуюць? Ведаеце, пакуль леў ці конь жывыя, то іх будуць лупіць з усіх бакоў, а як здохнуць, то ніхто і ўвагі асаблівай не зверне.
Я б найперш сказала так, асабліва да сябе: дарагія, глядзіце за якасцю сваёй творчасці, а самая сапраўдная літаратура сабе дарогу заўсёды праб’е.
Толькі вельмі часта як бывае: збярэш за жыццё кучу дыяментаў, брыльянтаў, але падасі іх не абрабіўшы як след, дык і прымаюць за звычайныя каменні. Аўтары мусяць мець адказнасць за сваю творчасць, ставіцца да сябе сур’ёзна.
Як член журы магу сказаць дакладна: у гэтай прэміі ўсё чыста.
— Што табе асабіста дала перамога на Гедройцю? Упэўненасць? Славу? Або мукі роздуму: як не панізіць планку чаканняў ад наступнай сваёй кнігі?
— Не-не-не, толькі вялікую ўдзячнасць. Гэта вельмі файна, я была дужа шчаслівая той позняй восенню. Пасля мне далі яшчэ тысячу і сто тысяч разоў лепшую прэмію, калі людзі пісалі і гаварылі са мной. Казалі, што кніга абудзіла ў іх цэлыя пласты памяці. Я глыбока ўдзячная і прэміі Гедройця, і сваім чытачам.
— Пераможцу-12 ты ўжо ведаеш, але паводле «канстытуцыі» прэміі нам сёння яго не назавеш. Тады проста: барацьба ў журы была ого якой?
— Не, не «ого якой». Мы ўсе згуртаваліся над гэтай прэміяй, насіліся над ёй, злучыўшы свае крытычныя крылы, і доўга-доўга гадалі, каму ж яе даць. Былі вельмі-вельмі розныя думкі на гэты тэмат, але ў асноўным, што датычыла якасці кніг, мелі згоду. Праблема хіба ў размеркаванні месцаў. На фінішы была нават не спрэчка, а проста абмен думкамі пра тое, каб распрацаваць нармальны, чэсны, прафесійны літаратурны кансэнсус.
Такога джэнтльменскага клуба — шчырага, не хлуслівага, але адначасна ашчаднага ў спрэчцы, я ўжо даўно не сустракала.
Як чалавек, што даволі часта гаворыць шчырую праўду, зазначу: калі ўвайшла ў журы Гедройця, то зусім змяніла сваю думку пра яго. Гэта выключна мазольная праца. Ніякіх какосаў ты там не натаўчэш сабе, не разбагацееш на гэтым, аўтарытэту не знойдзеш… Хутчэй набудзеш ворагаў. Але ж мы не ідэалісты — проста працуем на Беларусь, як працуюць беларусы.
* * *
Прэмія імя Ежы Гедройця — найбуйнейшая незалежная літаратурная прэмія Беларусі, уручаецца з 2012 года. Сёлета лаўрэат будзе названы 25 лістапада.Сярод лаўрэатаў мінулых сезонаў — Уладзімір Някляеў, Віктар Казько, Ігар Бабкоў, Ева Вежнавец. Летась у конкурсе перамог журналіст «Радыё Свабода» Сяргей Абламейка з кнігай «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення. Кніга першая».
25 лістапада ў Гданьску ў славутым Двары Артуса (Dwór Artusa, Długi Targ 43-44) а 19:00 будуць агучаны вынікі конкурсу і адбудзецца цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў прэміі імя Ежы Гедройця.
Журы вызначыць тры найлепшыя кнігі, напісаныя ў жанры мастацкай або дакументальнай прозы і выдадзеныя ў 2022 годзе. Усе трое пераможцаў атрымаюць узнагароды.
На цырымоніі ўзнагароджання выступіць гурт «Relikt», які спалучае ў сваёй творчасці сучасныя музычныя плыні з глыбінным беларускім фальклорам.
Таксама 25 лістапада ў Гданьскай філіі (Filia Gdańska, Mariacka 42) перад узнагароджаннем можна будзе наведаць дзве літаратурныя сустрэчы.
14:00 — прэзентацыя кнігі «Алесь Бяляцкі» пра палітзняволенага праваабаронцу, нобелеўскага лаўрэата. Кніга паказвае зараджэнне і станаўленне грамадзянскага актывізму ў Беларусі — і асобу Алеся Бяляцкага як аднаго з найбольш яскравых прадстаўнікоў гэтага руху. Чытач зможа пабачыць Беларусь, што працягвае змаганне за праўду, правы чалавека, за сваю культуру і незалежнасць. Кнігу прадставіць адна з аўтарак праекта — Таццяна Нядбай.
16.00 — сустрэча з журналісткай, пісьменніцай і рэдактаркай, аўтаркай кнігі «Па што ідзеш, воўча?» Святланай Курс, якая піша пад псеўданімам Евы Вежнавец. Святлана атрымала прэмію Ежы Гедройця ў 2021 годзе за кнігу «Па што ідзеш, воўча?».
На ўсіх імпрэзах можна будзе набыць беларускія кнігі!
Арганізатары прэміі — Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.
Арганізатары цырымоніі ўзнагароджання — Беларускі ПЭН, Беларускае культурнае таварыства «Хатка», Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў. Шчыра дзякуем за дапамогу ў арганізацыі цырымоніі: Музею Гданьска, Ваяводскай і гарадской публічнай бібліятэцы імя Джозефа Конрада Кажанёўскага, Таварыству беларусаў на Памор’і, Установе культуры мясцовага самакіравання Паморскага ваяводства, Фонду міжнароднай салідарнасці.
Уваход на імпрэзы вольны з абавязковай папярэдняй рэгістрацыяй на сайце Беларускага культурнага таварыства «Хатка» праз спасылку ІМПРЭЗЫ | Chatka (btkchatka.org).
Сёлета працы ўдзельнікаў ацэньваюць шасцёра літаратурных экспертаў:
Андрэй Хадановіч — паэт, перакладчык, эсэіст і выкладчык літаратуры, аўтар дзесяці кніг паэзіі і аднаго зборніка вершаў для дзяцей. Перакладае паэзію з французскай, англійскай, польскай, украінскай моваў.
Катажына Дрозд-Урбаньска — кандыдат філалагічных навук, літаратуразнаўца, ад’юнкт кафедры беларусістыкі факультэта прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўніверсітэта. Даследуе гісторыю беларускай літаратуры, сучасную беларускую літаратуру, культуразнаўства.
Ціхан Чарнякевіч — літаратар, крытык, галоўны рэдактар сайта bellit.info. Працаваў у газеце «ЛіМ», часопісе «Маладосць», у ліквідаваных Беларускім ПЭН-цэнтры і Саюзе беларускіх пісьменнікаў. Аўтар кнігі «Вандроўнік» (2016).
Ева Вежнавец (Святлана Курс) — пісьменніца, лаўрэатка прэміі імя Ежы Гедройця 2020 года за кнігу «Па што ідзеш, воўча?».
Сяргей Кавалёў — літаратуразнаўца, крытык, драматург. Прафесар, доктар габілітаваны, загадчык кафедры славянскага літаратуразнаўства Універсітэта Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне.
У шасцёрку наймацнейшых удзельнікаў XII сезона літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця ўвайшлі:
1. Алег Дашкевіч з кнігай «З вышыні птушынага палёту» (Мінск: Р. Цымбераў, 2022)
Алег Дашкевіч прайшоў цікавы шлях ад трэнера па боксе да аўтара, чыя кніга трапіла ў сёлетні кароткі спіс прэміі імя Ежы Гедройця. Матэрыял для кнігі збіраўся на працягу дваццаці гадоў! «З вышыні птушынага палёту» — першая кніга аўтара. У ёй сабраныя творы, што друкаваліся на працягу больш як дваццаці гадоў у розных перыядычных выданнях. Гэта апавяданні, створаныя ў розных жанрах, але аб’яднаныя адной атмасферай. Містыка ў іх суседнічае з рэальнасцю, унутраныя адчуванні — з вонкавым дзеяннем. Праўдзівыя рэпартажы з нашага жыцця ў такім вірлівым, складаным і рознакаляровым часе.
2. Сяргей Лескець з кнігай «Шэпт» (Мінск: выдавецкая ініцыятыва «Вільма» супольна з Р. Цымбераў, 2022)
Сяргей Лескець — фатограф, гісторык, этнограф. У творчасці надае перавагу тэмам традыцыйнай культуры, сямейных каштоўнасцяў, паўсядзённага жыцця. Збірае архіў аматарскай фатаграфіі. Дзевяць гадоў таму ён пачаў вялікае падарожжа ў свет беларускай вясковай магіі. Вандруючы ад вёскі да вёскі, Сяргей Лескець шукаў чараўніц, знахарак і траўніц.
У кнізе «Шэпт» чытач зможа адчуць смак падарожжа і пабачыць амаль зніклы свет традыцыі. Жыццёвыя споведзі, лекавыя практыкі і ўсе дыялогі перададзеныя на гаворках, якімі знахаркі карыстаюцца ў жыцці.
3. Ганна Кандрацюк з кнігай «У прысценку старога лесу. Гісторыі людзей з Белавежскай пушчы» (Праграмная рада тыднёвіка «Ніва», 2022)
Ганна Кандрацюк (Ганна Кандрацюк-Свярубская) нарадзілася ў Кутлоўцы на Падляшшы. З 1993 працуе ў тыднёвіку беларусаў у Польшчы «Ніва». Яе рэпартажы і кніжкі перакладзеныя на польскую і англійскую мовы.
«Беларускае слова пісьменніцы і неўтаймоўнай вандроўніцы Ганны Кандрацюк заўсёды жывое, шматфарбнае і духмянае, насычанае гукамі і водарамі дарагой ёй зямлі… Новая кніга Ганны Кандрацюк таксама зачароўвае. Яе таленавітыя старонкі падаруюць чытачу яскравы суплёт непаўторных гісторый і сустрэч з цэлай галерэяй герояў», — напісаў пра кнігу «У прысценку старога лесу. Гісторыі людзей з Белавежскай пушчы» Уладзімір Арлоў.
4. Сцяпан Стурэйка з кнігай «Пасажыры карабля Тэсэя» (Мінск: Янушкевіч, 2022)
Сцяпан Стурэйка нарадзіўся і вырас у Гродне. Гісторык і культурны антраполаг, доктар гуманітарных навук, дацэнт ЕГУ. З 2007 года актыўна публікуе даследаванні, прысвечаныя пытанням гісторыі і культурнай спадчыны. «Пасажыры карабля Тэсэя» — першая мастацкая кніга аўтара.
«Усе творы, змешчаныя ў кнізе, складаюцца з парадаксальных ідэй, чорнага гумару і цікавостак з падарожжаў. Героі заўсёды шукаюць праўду, а знаходзяць толькі сапраўдных сябе. Галоўная думка ўсіх твораў — мы губім тое, што любім. Усё апісанае ў кнізе заснавана на рэальных гісторыях», — кажа пісьменнік пра сваю кнігу.
5. Іна Снарская з кнігай «Зачараваны скарб» (Мінск: Р. Цымбераў, 2022)
Іна Снарская ў сваёй кнізе пераносіць нас у вёску на Полаччыне. Як кажа сама аўтарка, кожную гісторыю яна пісала сэрцам. Яна нарадзілася ў Полацку, а цяпер жыве ў Палтаве. Сябра Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў (ранейшы СБП), Нацыянальнага таварыства пісьменнікаў Украіны.
«Зачараваны скарб» — аповесць, якая складаецца з кароткіх аповедаў. «Галоўная гераіня — маленькая дзяўчынка, якой была я сама, а цяпер, хоць і вырасла, у душы ёю застаюся. І гэтая дарослая «я» таксама апавядае, знаходзіцца нібы за кадрам. Месца дзеі — вёскі Сястронкі, Варонічы Полацкага раёна, горад Полацк, час дашкольнага маленства», — расказвае Іна Снарская пра сваю кнігу.
6. Макс Шчур з кнігай «Там, дзе нас няма» (Логвінаў, 2022)
Кніга «Там, дзе нас няма» — добры прыклад таго, як літаратура набывае сваю вагу і пераасэнсоўваецца цягам часу. Макс Шчур — паэт, перакладчык, празаік і эсэіст. Нарадзіўся ў Брэсце. «Я пісаў раман пра сваю мінскую маладосць гадоў шэсць запар у 1999—2004-м, ужо ў эміграцыі. Даслаў рукапіс на прэмію Юхнаўца, выграў — пасля чаго пра кнігу, аўтара і саму прэмію тут жа забылі. Аднак 2020 год нечакана зрабіў мой раман ізноў актуальным, а 2022 год канчаткова прымусіў мяне яго адрэдагаваць і ўрэшце — амаль праз 20 гадоў — апублікаваць».
Аўтар ужо атрымліваў прэмію імя Ежы Гедройця — у 2016 годзе за раман «Завяршыць гештальт».
Добро пожаловать в реальность!