Уладзімір — 40-гадовы беларус, які пакінуў сваю радзіму пасля драматычных падзей 2020 года. У Беларусі ў яго быў уласны дом, невялікая турыстычная база, дзе ён прымаў гасцей, і наладжаны бізнес. Але ўсё гэта засталося ў мінулым, калі свабода стала пад пагрозай.
Цяпер Уладзімір жыве ў Варшаве. Яго новы дом — маленькая здымная «кавалерка» з простымі мэбляй, рэчамі і душам. Заробак у найме ледзь пакрывае выдаткі, і новае жыццё патрабуе ад яго значных ахвяр. Але ён упэўнены: усё гэта недарма:
— У Беларусі я меў свой дом, лазню, вялікую ванну. А тут — «кавалерка» і душ. У Беларусі я зарабляў дастаткова, а тут ледзь зводжу канцы з канцамі. Але ёсць адно «але». Тут я нарэшце адчуў тое, што доўгія гады было недасягальным. Тут ёсць свабода. І мае сябры. За гэта я гатовы аддаць усё.
Натхненне Еўропай
Жыццё ў Польшчы стала для Уладзіміра не толькі выпрабаваннем, але і крыніцай натхнення. Асабліва яго ўразіла тое, як палякі ставяцца да сваёй гісторыі. У музеях, старых замках і нават у малых вёсках ён бачыць: тут кожная дэталь важная, кожнага героя памятаюць:
— Гледзячы, як палякі аднаўляюць замкі, ладзяць фестывалі ў гонар сваіх герояў, я ўяўляю будучыню Беларусі. Я ўпэўнены: падзеі 2020 года будуць увекавечаны. Людзі будуць прыязджаць у музеі, чытаць кнігі, бачыць помнікі тым, хто змагаўся за свабоду.
Польшча паказала яму, што турызм — гэта не проста адпачынак, а магутны інструмент для захавання нацыянальнай памяці. Ён верыць, што Беларусь таксама зможа стаць месцам, якое натхняе і захапляе, калі яе нарэшце чакае свабоднае будучае.
Беларусь мары
Уладзімір марыць вярнуцца на радзіму і прысвяціць сябе развіццю турызму і экатурызму. Ён хоча паказаць гасцям прыгажосць беларускай прыроды, яе лясы, рэкі і возеры, а таксама расказаць пра глыбокую і трагічную гісторыю краіны:
— У Беларусі ёсць усё: пушчы, балоты, нашы велічныя замкі і старадаўнія вёскі. Але галоўнае — гэта гісторыі людзей, якія змагаліся за свабоду. У тым ліку і ў 2020 годзе...
Уладзімір бачыць будучую Беларусь як краіну музеяў і манументаў, якая прыцягвае турыстаў з усяго свету. Апроч гэтага, Уладзімір хоча стварыць сетку эка-садоў, дзе людзі змогуць адпачываць, вучыцца шанаваць прыроду і знаёміцца з традыцыямі:
— Я хачу, каб Беларусь маёй мары была краінай, дзе шануюць мінулае, але не жывуць у ім. Краінай, якая ідзе наперад, стварае, марыць.
Нягледзячы на складанасці, Уладзімір не губляе надзеі. Ён верыць, што аднойчы зможа вярнуцца і пабудаваць сваю Беларусь — свабодную, натхняльную і ўнікальную.
Хочаце далучыцца да акцыi «Беларусь маёй мары»? Мы на сувязi: @ex_presslive
Добро пожаловать в реальность!